Электронная бібліяграфія па беларускай мікратапаніміцы

З нядаўняга часу ў інтэрнэце па адрасе https://microtop.philology.by/ стала даступна электронная бібліяграфія па беларускай мікратапаніміцы – з магчымасцю ажыццяўлення выбаркі па абласцях і раёнах, з інтэрактыўнай картай і статыстыкай. Стварэнне гэтай базы публікацый пачалося ў аддзеле дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа ў 2019 годзе, у рамках навукова-даследчай работы «Мікратапанімічны лінгваландшафт Беларусі» (дамова з БРФФД № Г19-078 ад 02.05.2019, навуковы кіраўнік – В. А. Шклярык, тэрмін выканання – 2019–2021 гг.). Пасля завяршэння НДР праца над папаўненнем бібліяграфіі была працягнута.

Усяго па стане на верасень 2022 года створаная база налічвае 520 пазіцый. Храналагічны дыяпазон прадстаўленых у бібліяграфіі публікацый – 1959–2021 гг. На дадзеным этапе ўлічваліся толькі тыя працы, якія апублікаваны на тэрыторыі Беларусі, утрымліваюць лакалізаваны матэрыял (г. зн. абавязкова ўказаны прынамсі раён(-ы)) і змяшчаюць тры і больш назваў дробных геаграфічных аб’ектаў. Публікацыі, прысвечаныя разгляду тапонімаў з архіўных крыніц і помнікаў пісьменства, у базу не ўключаліся. Акрамя таго, не ўлічваліся працы па гісторыі і крыніцы фальклорна-этнаграфічнага характару, якія часам таксама ўтрымліваюць мікратапонімы.

Неабходнасць стварэння такой базы была выклікана найперш тым, што поўнага бібліяграфічнага даведніка па беларускай анамастыцы (ці, вузей, па беларускай тапаніміцы) пакуль не існуе. У выніку ні прафесійныя даследчыкі, ні іншыя зацікаўленыя асобы не валодалі звесткамі пра тое, колькі мікратапонімаў уведзена ў навуковы зварот і прааналізавана, у якіх раёнах краіны і ў якой ступені такі матэрыял сабраны. Цяпер жа, маючы доступ да сістэматызаванай інфармацыі пра дзясяткі дысертацый, манаграфій і слоўнікаў, пра сотні артыкулаў і падборак назваў дробных геаграфічных аб’ектаў, кожны можа ацаніць напрацаванае ў галіне беларускай мікратапанімікі і пры магчымасці зрабіць свой унёсак.

 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы