22 лютага 2019 года ў Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі адбылося адукацыйна-забаўляльнае мерапрыемства ў форме віктарыны “Простыя словы роднае мовы”, арганізаванае Інстытутам мовазнаўства і факультэтам пачатковай адукацыі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. Гэта імпрэза, праведзеная з нагоды Міжнароднага дня роднай мовы, дала пачатак урачыстасцям, прысвечаным 90-годдзю з дня заснавання Інстытута мовазнаўства і 105-годдзю з дня заснавання Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта.
Удзельнікаў і гасцей свята прывіталі Аляксандр Іванавіч Лакотка, дырэктар Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, акадэмік, доктар архітэктуры, доктар гістарычных навук, прафесар, Аляксандр Аляксандравіч Лукашанец, першы намеснік дырэктара па навуковай рабоце Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, акадэмік, доктар філалагічных навук, прафесар, Ігар Лявонавіч Капылоў, дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа, кандыдат філалагічных навук, дацэнт, Наталля Уладзіміраўна Ждановіч, дэкан факультэта пачатковай адукацыі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, кандыдат філалагічных навук, дацэнт. Выступоўцы адзначылі ролю беларускай мовы ў жыцці грамадства і асобы; Ігар Лявонавіч Капылоў, акрамя таго, падрабязна спыніўся на гісторыі інстытута, яго структуры і дасягненнях.
У віктарыне “Простыя словы роднае мовы” прынялі ўдзел студэнцкія каманды “Чараўніцы” (2-і курс, факультэт пачатковай адукацыі), “Беларусачка-скарбоначка” (4-ы курс, факультэт пачатковай адукацыі), “Птушаняты” (2-і курс, факультэт дашкольнай адукацыі), “Родны край” і “Разам назаўжды” (2-і курс, Інстытут інклюзіўнай адукацыі). Да ўдзелу іх рыхтавалі выкладчыкі кафедры беларускага і рускага мовазнаўства факультэта пачатковай адукацыі Тамара Рыгораўна Трафімовіч, доктар філалагічных навук, прафесар, Галіна Фёдараўна Андарала, кандыдат філалагічных навук, дацэнт, Вольга Георгіеўна Качан, кандыдат філалагічных навук, дацэнт, Алена Генадзьеўна Міхалевіч, кандыдат філалагічных навук, дацэнт.
Члены каманд і іх капітаны пры выкананні заданняў і ў адказах на пытанні прадэманстравалі веданне беларускай мовы, беларускай гісторыі, этнаграфіі, культуры і літаратуры, эрудыцыю, крэатыўнасць, логіку, а таксама яскравыя паэтычныя і артыстычныя здольнасці (асабліва пры прэзентацыі каманд і ў конкурсе капітанаў).
Удзельнікі віктарыны былі адзначаны дыпломамі і атрымалі салодкія падарункі. Дадатковы прыз – наведванне Музея старажытнабеларускай культуры пры Цэнтры даследаванняў беларускай культуры мовы і літаратуры НАН Беларусі.
Арыгінальныя конкурсныя заданні распрацавала Анастасія Андрэеўна Марозава, старшыня савета маладых вучоных Інстытута мованаўства імя Якуба Коласа, якая выступіла і ў якасці вядучай віктарыны.
На кніжнай выставе, арганізаванай падчас мерапрыемства, былі прадстаўлены выданні супрацоўнікаў Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа (манаграфіі, слоўнікі, факсіміле старажытных помнікаў) і кафедры беларускага і рускага мовазнаўства (падручнікі, дапаможнікі, рабочыя сшыткі) факультэта пачатковай адукацыі.