СЛАВУТЫЯ ІМЁНЫ Ў НАВУЦЫ І АДУКАЦЫІ

25 студзеня ва ўстановах адукацыі Мінска ладзіліся мерапрыемствы ў межах інфармацыйна-адукацыйнага праекта “ШАГ” – “Школа актыўнага грамадзяніна”. З лекцыяй на тэму “Радзіма мая Беларусь у асобах. Славутыя імёны ў навуцы і адукацыі” па запрашэнні адміністрацыі ДУА “Гімназія з беларускай мовай навучання № 23 г. Мінска” перад навучэнцамі 8-11 класаў выступіла Мароз Валянціна Канстанцінаўна, галоўны навуковы супрацоўнік аддзела гісторыі беларускай мовы Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа ДНУ “Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі”.

На сустрэчы ў форме дыялогу адбыўся абмен думкамі пра тое, што ляжыць у аснове патрыятычнай пазіцыі грамадзяніна. Увага аўдыторыі была засяроджана на 54-м артыкуле Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, дзе зберажэнне гісторыка-культурнай, духоўнай спадчыны і іншых нацыянальных каштоўнасцяў, таксама як і захаванне гістарычнай памяці аб гераічным мінулым беларускага народа, патрыятызм з’яўляюцца абавязкам кожнага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. Лагічным працягам размовы прагучалі выказаныя мастацкім словам праграмных твораў беларускай літаратуры аргументы, што ў аснове патрыятызму – любоў да ўсяго роднага. І што менавіта мова кожнага народа выступае найважнейшым сродкам адданасці сваёй Радзіме. Таму зместавым напаўненнем лекцыі з’явілася інфармацыя пра славутыя імёны ў беларускай мовазнаўчай навуцы і адукацыі.

З багатай навуковай спадчыны беларускай філалогіі былі вылучаны дзве асобы – члена-карэспандэнта НАН Беларусі Булыкі Аляксандра Мікалаевіча і прафесара Фёдара Мiхайлавiча Янкоўскага. Дакладчыца патлумачыла, што пра іх будзе гаварыць як пра сваіх настаўнікаў. У Фёдара Янкоўскага была студэнткай, затым пад яго кіраўніцтвам паспяхова абараніла кандыдацкую дысертацыю “Фразеалогія беларускіх летапісаў”. Аляксандр Булыка выступаў навуковым кансультантам пры напісанні доктарскай дысертацыі “Мова беларускіх летапісаў у кантэксце фарміравання беларускай літаратурнай мовы старажытнага перыяду”; цяпер працуем разам у аддзеле гісторыі беларускай мовы Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа.

Вялікі ўклад Булыкі Аляксандра Мікалаевіча ў стварэнне гістарычнага слоўніка беларускай мовы, унікальнага ў сваім родзе шматтомнага выдання, аналагаў якому няма на ўсёй еўрапейска-славянскай прасторы. Самую высокую ацэнку атрымалі яго навуковыя працы, прысвечаныя пытанням фарміравання слоўнікавага складу беларускай мовы. Ён усебакова даследуе лексічныя запазычанні, вывучае іх семантыку, этымалогію, словаўтваральныя магчымасці, спосабы фанетычнай, марфалагічнай і семантычнай адаптацыі.

Фёдар Мiхайлавiч Янкоўскі адзін з заснавальнікаў беларускай фразеалогіі і фразеаграфіі. Распачатая ім паўстагоддзя таму фразеалагічная справа дала добры плён, за гэты час сфарміравалася беларуская фразеалагічная школа. Дзякуючы намаганням вучонага і яго вучняў беларуская фразеалогія дасягнула значных поспехаў. Праца Фёдара Мiхайлавiча высока ацэнена на радзіме, і ў замежным друку. Народны пісьменнік Беларусі Янка Брыль пісаў, што ў бібліятэцы кожнага, хто разумее значэнне народнага слова, яго “гаючы ўплыў на наша мастацкае дый маральнае здароўе наогул”, стаяць кнігі гэтага беларускага вучонага, што “такі набытак не сорам ад імя Беларусі пакласці на міжнародны стол”.

У беларускай лінгвістыцы працы абодвух вучоных вызначаюцца глыбінёй даследавання такіх навуковых напрамкаў, як гісторыя беларускай мовы, беларуская дыялекталогія, гістарычная лексікалогія і гістарычная граматыка беларускай мовы, культура маўлення.

Булыка Аляксандр Мікалаевіч і Фёдар Мiхайлавiч Янкоўскі  вядомыя таксама і як таленавітыя арганізатары навукі, мудрыя настаўнікі і кіраўнікі навуковых калектываў.

 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы