Выязны навукова-практычны семінар “Роля акадэмічнай навукі ў развіцці краязнаўства і рэгіянальнага турызму”

21–22 кастрачніка 2021 года ў г. Паставы Віцебскай вобласці на базе краязнаўчага музея адбыўся выязны навукова-практычны семінар “Роля акадэмічнай навукі ў развіцці краязнаўства і рэгіянальнага турызму”.

 

Дырэктар Інстытута мовазнаўства І. Л. Капылоў і дырэктар Пастаўскага краязнаўчага музея Т. Г. Гарошка пры падпісанні Дамовы аб доўгатэрміновым супрацоўніцтве

Мерапрыемства арганізавалі і правялі мясцовае кіраўніцтва раёна сумесна з Інстытутам мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі. Практычныя прапановы па навуковай падтрымцы і спрыянні акадэмічнай навукі мясцоваму кіраўніцтву і зацікаўленым асобам у развіцці турыстычнай сферы на Пастаўшчыне – вось самая важная праблема, якая абмяркоўвалася падчас сустрэчы. Што зрабіць, якія з сучасных маркетынгавых тэхналогій і інструментаў брэндынгу выкарыстаць, каб развіць і прасоўваць турыстычную галіну ў рэгіёне – пытанне, якое хвалюе зацікаўленых асоб у прасоўванні турысцкіх паслуг у рэгіёне. Пастаўшчына – адметны памежны з Літвой рэгіён паўночна-заходняй Беларусі. У раёне да гэтага часу захавалася багатая культурна- і этнагістарычная спадчына, але яна пакуль яшчэ мала запатрабавана сярод беларускіх падарожнікаў і амаль незнаёмая вандроўнікам замежных краін. Што выбраць і актуалізаваць са спадчыннага культурнага набытку на дадзены момант разважалі Вераніка Мікалаеўна Курцова, Ігар Лявонавіч Капылоў – прадстаўнікі Інстытута мовазнаўства. Як зрабіць рэгіянальны турызм з улікам сённяшніх неспрыяльных акалічнасцей магчымым і цікавым на ўласным вопыце прадэманстраваў дырэктар Беларускай асацыяцыі экспертаў і сюрвеераў на транспарце, кандыдат тэхнічных навук Юрый Пятровіч Важнік. Загадчык мясцовага музея Таццяна Гвідонаўна Гарошка, а таксама інструктар-метадыст ДУ "Пастаўскі фізкультурна-спартыўны клуб" Алеся Гіль распавялі пра складанасці, якія не дазваляюць разгарнуцца зацікаўленым асобам у наладжванні турыстычнай бесперапыннай дзейнасці ў раёне. Думкамі пра тое, якія з сучасных турысцкіх тэхналогій больш мэтазгодна выкарыстоўваць з улікам рэгіянальных умоў падзялілася аспірант Інстытута эканомікі, выкладчык Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Алена Міхайлаўна Елавая.  

У межах навукова-практычнага семінара адбылася таксама адметная падзея: паміж кіраўніцтвам Пастаўскага раённага краязнаўчага музея і Інстытутам мовазнаўства імя Якуба Коласа была падпісана Дамова аб доўгатэрміновым супрацоўніцтве. Падпісанне дакумента дазволіць актывізаваць навуковыя стасункі паміж Інстытутам мовазнаўства і Музеем, зрабіць адносіны паміж падпісантамі больш шчыльнымі і накіраванымі на вырашэнне канкрэтных пытанняў. Гэта, натуральна, будзе спрыяць замацаванню сувязей паміж акадэмічнай навукай і мясцовымі культурнымі асяродкамі ў вырашэнні надзённых і перспектыўных задач па развіцці і павышэнні рэгіянальнага культурна-турысцкага патэнцыялу.

В. М. Курцова

 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы