«Граматыка…»: аўстрыйскі погляд

Выданне манаграфіі, прысвечанай гісторыі беларускай мовы, у адным з вядучых еўрапейскіх універсітэтаў, — значная падзея для беларускай навукі. Прэзентацыя двухтомнага даследавання вядомага аўстрыйскага славіста, беларусіста Германа Бідэра «Антон Луцкевіч. Беларуская граматыка. Вільня, 1916», якая пабачыла свет у Ольдэнбургскім універсітэце імя Карла фон Асецкага (Германія), адбылася ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Напрыканцы 1991 года нямецкі мовазнаўца Карл Гутшміт у бібліятэцы Гамбургскага ўніверсітэта выпадкова адшукаў кнігу буйнога фармату ў 70 старонак. На тытульным лісце меўся наступны надпіс: «Антон Луцкевіч. Беларуская граматыка паводле лекцый, чытаных на беларускіх вучыцельскіх курсах. Вільня, 1915 — 1916 год. Частка 1. Фанетыка і этымалогія. Вільня, 1916 год». Знойдзенае выданне аказалася рукапісам на тагачаснай беларускай лацініцы, размножаным адным з прымітыўных спосабаў, якія існавалі на пачатку ХХ стагоддзя.

Карл Гутшміт паведаміў пра знаходку навуковай супольнасці і ўзяўся за даследаванне рукапісу. Але завяршыць распачатую справу вядомаму славісту не давялося: у 2012 годзе ён пакінуў гэты свет. Даследаванне падхапіў Герман Бідэр — вучань і калега Карла Гутшміта. Пад яго пяром 70 старонак «Граматыкі...» ператварыліся ў амаль тысячу старонак навуковага даследавання.

Першы том манаграфіі змяшчае тэкст рукапіса і каментарый да паасобных моўных з’яў. Аўтар падрабязна прааналізаваў лінгвістычны матэрыял: сістэму вакалізму, кансанантызму, марфалогію, словаўтваральныя асаблівасці беларускай мовы, а таксама яе лексічны склад, стылістыку, тэрміналагічны фонд. У другім томе пададзены каментарый да развіцця ранняй беларускай літаратурнай мовы, нарысы даўняй граматыкаграфіі і лексікаграфіі, мовазнаўчай тэрміналогіі, а таксама храналагічна ўпарадкаваныя каментарыі да моўнай палітыкі і моўнай сітуацыі на тэрыторыі Беларусі ў 1795 — 1939 гг.

Прафесар Інстытута славістыкі Венскага ўніверсітэта Герман Бідэр неаднойчы наведваў Беларусь, праходзіў стажыроўку ў Нацыянальнай акадэміі навук. Прывітальны ліст ад Германа Бідэра агучыў дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Ігар Капылоў. Аўстрыйскі даследчык падкрэсліў патрыятычную незалежніцкую пазіцыю палітычнага дзеяча Антона Луцкевіча, каго нават у нашы дні магла б браць за прыклад беларускамоўная эліта, якой і прысвечана праца Бідэра.

Доктар філалагічных навук, прафесар Генадзь Цыхун, галоўны навуковы супрацоўнік Інстытута мовазнаўства НАН, звярнуў увагу на важныя моманты, якія вылучаў Карл Гутшміт у дачыненні да дзейнасці Антона Луцкевіча. Як адзначаў Гутшміт, істотна, што Луцкевіч не вырас на беларускім дыялектным матэрыяле і не прэтэндаваў на вызначальнае месца сваёй рэгіянальнай гаворкі ў літаратурнай мове, а таксама не меў філалагічнай адукацыі, што было вельмі карысна. Займаючыся справамі газет «Нашай долі» і «Нашай нівы», пішучы брашуры і кнігі, Антон Луцкевіч вымушаны быў практычна вырашаць пытанні іх мовы — ад графічнай сістэмы да сінтаксісу і стылю, — так можна дапусціць, што ў яго выпрацавалася сведамасць спецыфічных норм літаратурнай мовы. Цалкам верагодна, што Антон Луцкевіч планаваў выдаць сваю «Граматыку...», але з выданнем працы Браніслава Тарашкевіча палічыў гэта неактуальным.

Дарэчы, беларускія мовазнаўцы маглі і раней узяцца да даследаванне «Граматыкі...» Антона Луцкевіча калі б... больш уважліва чыталі «ЛіМ»! На гэта звярнуў увагу выкладчык кафедры гісторыі беларускай мовы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, кандыдат філалагічных навук, экс-старшыня Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў Сяргей Запрудскі. З яго слоў, гісторык Анатоль Сідарэвіч яшчэ на пачатку 1991 года ў нарысе, апублікаваным ў «ЛіМе», пісаў пра дзейнасць Антона Луцкевіча і ўзгадаў, што ў Віленскай бібліятэцы Нацыянальнай акадэміі навук Літвы знаходзіцца рукапісная праца Луцкевіча, прысвечаная фанетыцы і этымалогіі.

Дзякуючы нямецкім калегам «Граматыка...» А. Луцкевіча атрымала сур’ёзную кваліфікацыю і экспертную ацэнку. Аднак манаграфія Германа Бідэра выдадзеная на нямецкай мове, што ўскладняе знаёмства з вынікамі даследавання для беларускай аўдыторыі. Доктар філалагічных навук, прафесар, загадчык кафедры гісторыі беларускай мовы БДУ Мікалай Прыгодзіч прапанаваў перакласці навуковую работу на беларускую мову, і гэтую прапанову ахвотна падтрымалі іншыя ўдзельнікі прэзентацыі.

Алеся ЛАПІЦКАЯ

Літаратура і мастацтва

 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы