21 сакавіка ў горадзе Драгічыне Брэсцкай вобласці ў рамках краязнаўчай канферэнцыі “Фёдар Данілавіч Клімчук – гонар роднага краю. Да 90-годдзя з дня нараджэння вучонага-лінгвіста” адбыўся круглы стол, прысвечаны ўшанаванню слыннага даследчыка, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Фёдара Данілавіча Клімчука.
Мерапрыемства было арганізавана і праведзена сумеснымі намаганнямі супрацоўнікаў аддзела культуры Драгічынскага раёна, які ўзначальвае Іна Пракоф’еўна Праневіч, Драгічынскай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмай, якой кіруе дырэктар Марына Паўлаўна Валадкевіч, і аддзелам дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, які ўзначальвае Вераніка Мікалаеўна Курцова.
Імпрэза, якая адбылася, была цікавай, урачыстай і шматпланавай. Яна прайшла на базе Драгічынскай раённай бібліятэкі пад непасрэдным кіраўніцтвам Марыны Паўлаўны Валадкевіч. Дзякуючы намаганням М.П. Валадкевіч, якой прыйшлося вырашаць шматлікія арганізацыйныя моманты, рыхтавацца, каб сустрэць удзельнікаў канферэнцыі і круглага стала з Брэста і Мінска, а таксама шырокаму ўдзелу ў падрыхтоўцы вялікага кола асоб, сур’ёзнай падтрымцы з боку мясцовай улады, падчас мерапрыемства панавала надзвычай цёплая, добразычлівая і прыязная атмасфера. Ва ўтульнай зале бібліятэкі быў размешчаны стэнд з некаторымі працамі Фёдара Данілавіча Клімчука і матэрыяламі па ўшанаванні яго імя – неардынарнага даследчыка, які нарадзіўся на Драгічыншчыне. Гэты фонд бібіліятэкі папоўнілі выданні, якія супрацоўнікі аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі падарылі гаспадарам у час правядзення круглага стала.
Куток, прысвечаны Ф.Д. Клімчуку
Кнігі ў падарунак бібліятэцы
Вельмі цікавым момантам у правядзенні мерапрыемства стаў заключны этап літаратурнага конкурсу – узнагароджанне пераможцаў-перакладчыкаў баек Л. Талстога на мясцовыя заходнепалескія гаворкі. З’явіўся конкурс, як падаецца, невыпадкова. У свой час па просьбе акадэміка Расійскай акадэміі навук Мікіты Ільіча Талстога Фёдар Данілавіч перакладаў творы пісьменніка Льва Талстога на гаворкі Палесся (зборнік быў надрукаваны ў 2011). Узнаўленне практыкі перакладу тэкстаў на мясцовыя гаворкі – выдатны спосаб зберагчы яе для нашчадкаў. Асабліва адметна тое, што перакладалі тэксты як дарослыя, так і школьнікі. А гэта значыць, што сённяшнія дзеці таксама ведаюць мову сваіх дзядоў і бабуль і змогуць пры неабходнасці карыстацца ёю. Перакладзеныя тэксты вучні чыталі і ў час узнагароджвання.
М.А. Родзька ўручае ўзнагароды вучням
Правядзенне такога адметнага літаратурнага конкурсу, зразумела, нас уразіла. Але не толькі гэта. Старшыня журы Максім Аляксандравіч Родзька, загадчык музея народнай творчасці “Бездзежскі фартушок” філіяла “Драгічынскі ваенна-гістарычны музей імя Д.К. Удавікова”, сам незаўважна з рускай мовы перайшоў на мясцовую гаворку, віншуючы пераможцаў. Усё гэта сведчыць: і сёння жыве на радзіме славутага лінгвіста родная гаворка, на ёй размаўляюць між сабою тутэйшыя жыхары.
М.А. Родзька ўручае ўзнагароды другой групе намінантаў – дарослым
Галоўнай часткай мерапрыемства ў рамках краязнаўчай канферэнцыі стаў, бясспрэчна, круглы стол, прысвечаны ўшанаванню памяці Фёдара Данілавіча Клімчука. Працу круглага стала вызначала тэматычная разнастайнасць дакладаў выступоўцаў, у якіх асвятляліся самыя розныя бакі навуковай спадчыны таленавітага даследчыка.
Пра шлях у нацыянальную дыялекталогію, выбітных асоб, якія сустрэліся на пачатку працы Фёдара Данілавіча настаўнікам у родных мясцінах і дапамаглі вызначыцца з выбарам і напрамкам працоўнай дзейнасці, пра даследчыя набыткі вучонага ў розных галінах айчыннай лінгвістыкі, разнастайнасць сфер навуковых інтарэсаў расказала прысутным загадчык аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі В.М. Курцова.
Выступае В.М. Курцова
Пра уклад Ф.Д. Клімчука ў стварэнне некалькіх кніг-энцыклапедый “Памяць” даведаліся прысутныя з выступлення старшага навуковага супрацоўніка аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі Ю.Л. Хвіланчук.
Выступае Ю.Л. Хвіланчук
Загадчык сектара этналінгвістыкі і фальклору А.М. Боганева, выступаючы інтэрактыўна, расказала пра адзін з найцікавейшых аспектаў у фальклорнай спадчыне Ф.Д. Клімчука – складанне ім этналінгвістычных карт на аснове сабраных на тэрыторыі Заходняга Палесся матэрыялаў пра русалак. Такія карты ўпершыню ў беларускай этналінгвістыцы склаў сам збіральнік – даследчык этнакультурных набыткаў роднага краю Фёдар Данілавіч Клімчук.
З дэманстрацыі матэрыялу, падрыхтаванага А.М. Боганевай
Пра неабходнасць шырокага даследавання фальклорнай спадчыны Заходняга Палесся, пра тое, што зроблена асабіста даследчыкам у гэтай галіне нацыянальнай навукі расказала зацікаўленай аўдыторыі этнолаг І.В. Мазюк.
Выступае І.В. Мазюк
Пытанні апрацоўкі і як мага хутчэйшай публікацыі песень, якія сабраў Ф.Д. Клімчук, з напетымі для іх перадачы мелодыямі, закраналіся і ў выступленні ўдзельніка спеўнага гурта “Стажары”.
Выступае ўдзельнік спеўнага гурта “Стажары”
Актуалізацыя пытанняў вывучэння і захавання этнафальклорнай, прынамсі, песеннай спадчыны, паўстала на круглым стале невыпадкова. Фёдар Данілавіч – аўтар шматлікіх публікацый па духоўных набытках Заходняга Палесся, аднак многае з таго, што зроблена ім, дагэтуль не дайшло да чытачоў. Таму цалкам натуральнай выглядала прапанова ўдзельнікаў круглага стала аб’яднацца даследчыкам і мясцовым краязнаўцам, раённым кіраўнічым органам, усім тым, хто вывучае багатую і разнастайную спадчыну выбітнага сына Драгічынскай зямлі, і надрукаваць розныя па тэматыцы архіўныя рукапісы вучонага.
Ушанаванне фальклорнага кірунку ў навуковай дзейнасці Фёдара Данілавіча Клімчука працягнулася ў час свята, наладжанага ў сельскім клубе ў вёсцы Вулька Драгічынскага раёна.
Як вядома, у бібліяграфіі Ф.Д. Клімчука набярэцца з добры дзясятак грунтоўных публікацый у галіне фалькларыстыкі. У гэтым спісе вылучаецца выданне “Традыцыйнае вяселле вёскі Сіманавічы Дагічынскага раёна Брэсцкай вобласці” (2011). Землякі аўтара цалкам аднавілі даўняе сіманаўскае вяселле, паказалі яго такім, як пра тагачасны абрад расказаў слынны фалькларыст у сваёй навуковай працы.
Убачанае ўдзельнікамі і гасцямі канферэнцыі, круглага стала ўразіла сваёй веліччу і багаццем абрадавых дзеянняў, зычнымі спевамі, святочным убранствам. Але самым запамінальным, як падаецца, стаў вясельны каравай, які ўрачыста, з гонарам унеслі ў залу сельскага клуба.
Вёска Вулька. У час выканання мясцовага вясельнага абраду
Сапраўднае свята – гэта тое, на што нельга забыцца, у ім жыве мясцовая векавая традыцыя. Яна адноўлена дзякуючы руплівай навуковай працы слыннага даследчыка, ураджэнца вёскі Сіманавічы Фёдара Данілавіча Клімчука – выдатнага моваведа, фалькларыста, этналінгвіста, гісторыка, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь.
Вераніка Курцова