Рэспубліканская дыктоўка па беларускай мове да Дня роднай мовы

У шэрагу навуковых і інфармацыйных мерапрыемстваў, падрыхтаваных і праведзеных супрацоўнікамі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа, асаблівае месца заняла Рэспубліканская дыктоўка па беларускай мове, якая адбылася 19 лютага 2021 г.

Да такога мерапрыемства навукоўцы звярнуліся ўпершыню. У ім можна было прыняць удзел як аўдыторна (а прайшло яно на базе Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі), так і ў рэжыме анлайн. Такая форма правядзення дала магчымасць паўдзельнічаць у дыктоўцы фактычна кожнаму жадаючаму. Да праверкі сваіх моўных кампетэнцый далучыліся прадстаўнікі самых розных сфер дзейнасці: праграмісты і юрысты, навукоўцы і выдаўцы, бібліятэкары і журналісты, школьнікі і студэнты і інш.

Фармат мерапрыемства дазволіў таксама значна пашырыць яго тэрытарыяльныя абсягі: у дыктоўцы прынялі ўдзел не толькі жыхары абласных і раённых цэнтраў, аграгарадкоў, вёсак Беларусі, але і прадстаўнікі іншых краін – Германіі, Польшчы, ЗША, Бразіліі. Прыемна здзівіў і ўзроставы дыяпазон удзельнікаў: старанна выводзілі літары і вучні (ад 12 гадоў), і пенсіянеры (85 гадоў).

У якасці тэксту дыктоўкі арганізатары выбралі ўрывак з публіцыстычнага нарыса “Зямля пад белымі крыламі” класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Караткевіча. Яго змест блізкі і зразумелы кожнаму беларусу, незалежна ад краіны пражывання, роду дзейнасці, сацыяльнага статусу. Пасля напісання тэксту ўдзельнікам быў прапанаваны невялікі лінгвістычны каментарый, патлумачаны асноўныя пунктаграмы і цяжкія выпадкі напісання слоў.

Арганізавалі мерапрыемства вучоныя Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа – Вераніка Мандзік, Святлана Ліпніцкая і Кацярына Ганчарэнка, а супрацоўнікі бібліятэкі аказалі тэхнічную і арганізацыйную падтрымку ў правядзенні дыктоўкі.

 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы