У рамках Тыдня беларускай мовы ў НАН Беларусі 19 лютага 2020 года ў Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа адбылася сустрэча з выхаванцамі школы-інтэрната г.Маладзечна.
Для дзяцей з асаблівасцямі развіцця ў інстытуце была падрыхтавана спецыяльная праграма. Дырэктар інстытута І.Л.Капылоў распавёў навучэнцам пра дзейнасць установы, прывёў цікавыя факты па агульным мовазнаўстве, у даступнай форме пазнаёміў дзяцей з дасягненнямі і працамі акадэмічных моваведаў.
Перад слухачамі выступілі намеснік дырэктара па навуковай рабоце С.Л.Гаранін, які распавёў аб тысячагадовых вытоках пісьменства на землях Беларусі, загадчык аддзела выданняў і тэксталогіі Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы А.А.Васілевіч, якая пазнаёміла слухачоў з тэксталагічнай працай. Старшы навуковы супрацоўнік, перакладчык, бард і паэт Сяржук Мінскевіч праспяваў пад гітару ўласныя песні. Навучэнцы ў сваю чаргу падрыхтавалі для акадэмічных вучоных цэлы канцэрт з вершамі і песнямі на словы беларускіх паэтаў. Не ў баку ад высакароднай справы застаўся і Інстытут гісторыі НАН Беларусі. Старшы навуковы супрацоўнік А.А.Валодзькін пазнаёміў вучняў з цікавымі набыткамі акадэмічных гісторыкаў, а пасля для дзяцей была арганізавана спецыяльная экскурсія ў музей гэтай установы.
Перад дзецьмі таксама выступілі Н.В.Паляшчук і Г.У.Федарэнка.
Сустрэча прайшла эмацыянальна ў цёплай зычлівай атмасферы.