19 лютага 2019 года ў Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа ў рамках святкавання Тыдня роднай мовы адбылася сустрэча са студэнтамі 2-га курса спецыяльнасці “Беларуская мова і літаратура. Замежная мова (англійская)” факультэта славянскіх і германскіх моў Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта.
З прывітальным словам перад гасцямі выступіў дырэктар Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, доктар гістарычных навук, доктар архітэктуры, прафесар, акадэмік НАН Беларусі Лакотка Аляксандр Іванавіч.
Дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Капылоў Ігар Лявонавіч азнаёміў прысутных з гісторыяй Інстытута – адной з найстарэйшых акадэмічных устаноў, 90-годдзе якой будзе адзначацца ў лістападзе гэтага года.
Перад гасцямі выступілі таксама загадчыкі і вядучыя навуковыя супрацоўнікі аддзелаў і сектараў Інстытута, якія распавялі пра гісторыю і асноўныя дасягненні сваіх структурных падраздзяленняў, а таксама азнаёмілі прысутных з сучаснымі даследаваннямі, над якімі працуюць мовазнаўцы.
Цікавасць студэнтаў выклікала і арганізаваная да сустрэчы кніжная выстава, на якой былі прадстаўлены асноўныя навуковыя работы, падрыхтаваныя супрацоўнікамі Інстытута за апошняе дзесяцігоддзе.
Мерапрыемства завяршылася экскурсіяй у Музей старажытнабеларускай культуры.