22 лютага 2019 г. вядучы навуковы супрацоўнік аддзела гісторыі беларускай мовы Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Будзько Ірына Уладзіміраўна выступіла перад супрацоўнікамі сельскагаспадарчай бібліятэкі г. Мінска з лекцыяй “Старабеларуская кніжнасць: невядомыя помнікі пісьменнасці і іх факсімільныя выданні”. Мерапрыемства было прысвечана Міжнароднаму дню роднай мовы.
Ірына Будзько расказала пра невядомыя раней шырокай грамадскасці помнікі беларускай пісьменнасці: Полацкае Евангелле ХІІ ст., Аршанскае Евангелле ХІІІ ст., “Дзесятаглаў” Мацея Дзясятага пачатку XVI ст., пра іх стваральнікаў, тэксталагічныя і моўныя асаблівасці, а таксама бібліяграфічную каштоўнасць. У сваім выступленні дакладчыца таксама прадставіла вынікі працы па факсімільным узнаўленні некаторых старабеларускіх рукапісаў, якая вядзецца сумесна з Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі і выдавецтвам Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Падчас лекцыі Ірына Будзько таксама ўзгадала пра невядомыя да нядаўняга часу беларускія кнігі XVI‑XVII стст., якія знойдзены ў Калагрыўскім музеі-заказніку (Кастрамская вобласць, Расійская Федэрацыя).