Адбыўся круглы стол, прысвечаны 95-годдзю з дня нараджэння Аркадзія Іосіфавіча Жураўскага

13 снежня 2019 года ў Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры адбыўся круглы стол, прысвечаны 95-годдзю з дня нараджэння лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі, заслужанага дзеяча навукі, члена-карэспандэнта НАН Беларусі, доктара філалагічных навук, прафесара, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Аркадзія Іосіфавіча Жураўскага.

Аркадзій Іосіфавіч нарадзіўся 5 жніўня 1924 г. у вёсцы Янава Талачынскага раёна Віцебскай вобласці. У верасні 1945 г. Аркадзій Іосіфавіч пачаў навучанне на філфаку БДУ, у 1950 г. паступіў у аспірантуру Інстытута мовазнаўства АН БССР і ў 1953 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю “Гісторыя загаднага ладу ў беларускай мове”, а праз 15 гадоў – доктарскую “Гісторыя беларускай літаратурнай мовы”.  З 17 кастрычніка 1953 года А.І. Жураўскі быў прыняты ў інстытут на працу, якому аддаў 54 гады, да 2007 г., і прайшоў усе ступені навуковага росту.

 

Вынік навуковай дзейнасці А.І. Жураўскага плённы: па актуальных пытаннях беларускага мовазнаўства ім апублікавана звыш 300 навуковых прац, сярод якіх манаграфіі, артыкулы, даклады на міжнародных з’ездах славістаў, матэрыялы канферэнцый, рэцэнзіі, нататкі, нарысы... Ён навуковы рэдактар звыш 20 кніг. Яго работы друкаваліся ў аўтарытэтных філалагічных часопісах і зборніках Беларусі, далёкага і блізкага замежжа. Прыярытэтнае месца ў сферы навуковых інтарэсаў Аркадзія Іосіфавіча было адведзена дыяхранічнаму мовазнаўству, у прыватнасці станаўленню і развіццю беларускай літаратурна-пісьмовай мовы эпохі беларускай народнасці, вызначэнню яе ролі і функцый у грамадска-палітычным і культурным жыцці, даследаванню ўзаемадзеяння з польскай, агульнаўсходнеславянскай, украінскай, царкоўнаславянскай; аналізу моўных асаблівасцей старабеларускіх помнікаў; асвятленню мовы выданняў Францыска Скарыны. Многа ўвагі надаваў вучоны і пытанням функцыянавання сучаснай беларускай літаратурнай мовы.

А.І. Жураўскі быў ініцыятарам працы па стварэнні “Гістарычнага слоўніка беларускай мовы”, ім распрацаваны агульныя прынцыпы падрыхтоўкі гэтага  выдання, вызначаны яго крыніцы, храналагічныя рамкі, распрацавана інструкцыя для працы над слоўнікам.

Прафесар А.І. Жураўскі заўсёды клапаціўся аб будучыні беларускай філалогіі, шчыра дзяліўся з маладымі навукоўцамі сваімі ведамі і вопытам. Пад яго кіраўніцтвам абаранілі дысертацыі 15 кандыдатаў навук.

У круглым стале прынялі ўдзел І.Л. Капылоў, дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа, кандыдат філалагічных навук, дацэнт; С.Л. Гаранін, намеснік дырэктара па навуковай рабоце Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа, кандыдат філалагічных навук; Г.І. Кулеш, прафесар кафедры беларускага мовазнаўства філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, доктар філалагічных навук, дацэнт; Т.Р. Трафімовіч, прафесар кафедры мовазнаўства і лінгвадыдактыкі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, доктар філалагічных навук, прафесар; А.М. Булыка, галоўны навуковы супрацоўнік Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа, доктар філалагічных навук, прафесар, член-карэспандэнт НАН Беларусі; Г.А. Цыхун, галоўны навуковы супрацоўнік Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа, доктар філалагічных навук, прафесар; В.П. Русак, загадчык аддзела сучаснай беларускай мовы Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа, доктар філалагічных навук, дацэнт; Н.В. Паляшчук, загадчык аддзела гісторыі беларускай мовы Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа, кандыдат філалагічных навук, дацэнт.

Выступоўцы падзяліліся з прысутнымі цёплымі ўспамінамі пра Аркадзія Іосіфавіча як вучонага, дырэктара, апанента, чалавека. Быў адзначаны яго важкі ўклад у развіццё беларускага і славянскага мовазнаўства, звернута ўвага, што напрацоўкі і планы Аркадзія Іосіфавіча і сёння, амаль праз паўстагоддзя з часу іх фармулёўкі, не страцілі сваёй актуальнасці і з’яўляюцца добрым і ўдзячным матэрыялам для новых даследаванняў па гісторыі беларускай літаратурнай мовы.  

 

Н.В. Паляшчук,

Э.В. Ярмоленка

 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы