ЭНЕРГІЯ МОВЫ Ў ДЫНАМІЦЫ

19–20 лістапада 2026 года ў Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі адбылася Міжнародная навуковая канферэнцыя «Дынаміка нормаў беларускай літаратурнай мовы».

Адкрыла маштабны форум Валянціна Паўлаўна Русак, загадчык аддзела сучаснай беларускай мовы Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа, падкрэсліўшы, што мерапрыемства прымеркавана да стагоддзя з даты правядзення Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі (1926 г.). З прывітальным словам да ўдзельнікаў звярнуўся акадэмік-сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі В.В. Даніловіч, які адзначыў, што сучасныя мовазнаўчыя даследаванні займаюць адно з цэнтральных месцаў у сістэме гуманітарыстыкі, спалучаючы фундаментальныя традыцыі айчыннай лінгвістычнай школы з перадавымі лічбавымі тэхналогіямі. Вячаслаў Віктаравіч пералічыў найбольш важныя дасягненні акадэмічнага мовазнаўства апошніх гадоў і выказаў упэўненасць, што наперадзе даследчыкаў чакаюць яшчэ больш грунтоўныя і глыбокія навуковыя працы.

Своеасаблівым упрыгожаннем уступнай часткі мерапрыемства стала творчае выступленне вучняў ДУА «Сярэдняя школа № 140 г. Мінска», якія прадставілі ўвазе прысутных фрагмент тэатралізаванай рэканструкцыі «Хрэсьбіны», прадэкламавалі вершы, паказалі народныя танцы.

На пленарным пасяджэнні з дакладамі выступілі загадчык аддзела сучаснай беларускай мовы Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Валянціна Паўлаўна Русак, прафесар кафедры перыядычнага друку і вэб-журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Віктар Іванавіч Іўчанкаў, прафесар кафедры беларускага мовазнаўства і журналістыкі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны Вольга Аляксееўна Ляшчынская, дэкан філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Сяргей Аляксандравіч Важнік, дэкан філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка Васіль Дзянісавіч Старычонак, прафесар кафедры фанетыкі і практыкі англійскага маўлення Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта замежных моў Вольга Аляксандраўна Арцёмава. Выступоўцы акрэслілі актуальныя праблемы і расказалі пра дынамічныя працэсы ў такіх галінах лінгвістыкі, як арфаграфія, фразеаграфія, семантыка, сінтаксіс і інш.

Далей праца працягвалася на секцыйных пасяджэннях, у рамках якіх абмяркоўваліся даклады, прысвечаныя пытанням развіцця розных узроўняў літаратурнай мовы, фарміравання маўленчых навыкаў, даследавання мовы пісьменнікаў.

Удзельнікі адзначылі цёплую, прыязную атмасферу, у якой прайшла канферэнцыя. Яна аб’яднала даследчыкаў розных рэгіёнаў і прадэманстравала пераемнасць пакаленняў беларускіх лінгвістаў.

 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы