Навукова-практычная канферэнцыя «Транскрыпцыя складоў піньінь на беларускую мову»

20 лістапада 2024 года адбылася навукова-практычная канферэнцыя «Транскрыпцыя складоў піньінь на беларускую мову», арганізаваная  Рэспубліканскім інстытутам кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ (РІКК БДУ) і Інстытутам мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры.
Ва ўступным слове дырэктар РІКК БДУ А.А. Тозік адзначыў актуальнасць распрацоўкі беларускай нацыянальнай сістэмы перадачы кітайскіх уласных імён на беларускую мову, улічваючы ўсё большую колькасць перакладаў з кітайскай на беларускую мову і ролю Кітая ў свеце.
 
Вопытам укладання нарматыўных даведнікаў і інструкцый па перадачы іншамоўнай тапаніміі на беларускую мову падзяліўся дырэктар Інстытута мовазнаўства І.Л. Капылоў. Ён адзначыў важнасць і складанасць узнятай праблемы, а таксама выказаў ідэю ўкладання нацыянальнага рэгістру замежных геаграфічных назваў, які б зняў многія праблемы ў сферы транслітарацыі імён з розных моў свету на беларускую мову.
 
Загадчык сектара камп’ютарнай лінгвістыкі Інстытута мовазнаўства У.А. Кошчанка расказаў пра сістэмы транслітарацыі кітайскіх імён, прынятыя ў Балгарыі і Сербіі. У названых краінах, як і ў Беларусі, выкарыстоўваецца кірыліца, і пры перадачы складоў піньінь на нацыянальныя мовы ўзнікаюць вельмі падобныя праблемы, таму ўдалы вопыт рашэння гэтых праблемных момантаў можна выкарыстаць і пры ўкладанні беларускай сістэмы транслітарацыі.  
 
Таксама на канферэнцыі выступілі дацэнт кафедры кітайскай філалогіі філалагічнага факультэта А.М. Букатая, галоўны рэдактар выдавецтва «Усходняя культура» А.М. Багушэвіч. Спецыяліст інфармацыйна-аналітычнага аддзела РІКК БДУ М.В. Яромка прэзентавала праект табліцы транскрыпцыі.
 
Па выніках канферэнцыі прынята рашэнне арганізаваць сумесную працу па распрацоўцы канчатковага варыянту табліцы з улікам агучаных прапаноў.
 
У.А.Кошчанка

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы