УДЗЕЛ СУПРАЦОЎНІКАЎ АДДЗЕЛА ГІСТОРЫІ БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ Ў МЕРАПРЫЕМСТВАХ, АРГАНІЗАВАНЫХ ПРЫ ЎДЗЕЛЕ БЕЛАРУСКАЙ ПРАВАСЛАЎНАЙ ЦАРКВЫ

25–26 кастрычніка 2022 г. у Мінску праходзіў Міжнародны Біблейскі калоквіум памяці Мітрапаліта Філарэта (Вахрамеева).

Урачыстае адкрыццё калоквіума, якое ўзначаліў Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, адбылося ў канферэнц-зале Хрысціянскага адукацыйнага цэнтра. Цырымонія пачалася з памінальнай ліціі па Высокапраасвяшчэннейшаму Мітрапаліту Філарэту, першым Патрыяршым Экзарху ўсяе Беларусі, якую здзейсніў Мітрапаліт Веніямін.

Мадэратарам пленарнага пасяджэння выступіў свяшчэннік Святаслаў Рагальскі, кандыдат багаслоўя, дацэнт, старшыня Міжнароднага грамадскага аб’яднання “Хрысціянскі адукацыйны цэнтр імя святых Мяфодзія і Кірыла”. У пасяджэнні прынялі ўдзел прадстаўнікі органаў дзяржаўнага кіравання, канфесій Рэспублікі Беларусь, біблеісты, выкладчыкі духоўных школ і багаслоўскіх навучальных устаноў, вучоныя, выкладчыкі, аспіранты і магістранты вышэйшых навучальных устаноў, духавенства. З дакладамі на пленарным пасяджэнні выступілі архімандрыт Нікадзім (Генералаў) (даклад: “Проблемы и задачи экзегетики Священного Писания на рубеже XX–XXI веков в трудах Высокопреосвященнейшего Митрополита Филарета (Вахромеева)” і кандыдат філалагічных навук Вадзім Віткоўскі (даклад: “Литературная техника и источники Евангелиста Матфея: хиастическое обрамление Нагорной проповеди (Мф. 4–8)”).

Другі дзень Міжнароднага біблейскага калоквіума праходзіў у змешаным фармаце. Сесія распачалася выступленнем прафесара Мюнстэрскага ўніверсітэта доктара Траўгота Розера (ФРГ). З дакладамі на круглым стале выступілі прафесар Карл-Вільгельм Нібур (ФРГ), свяшчэннік Святаслаў Рагальскі, кандыдат багаслоўя; Вераніка Аляксандраўна Андросава, кандыдат багаслоўя (Расія), дыякан Іаан Ляшчанка, магістр тэалогіі; свяшчэннік  Ігар Сысуеў, магістр багаслоўя (Расія); Кірыл Аляксандравіч Кішкін, бакалаўр багаслоўя (Расія), дыякан Вадзім Вакуліч, кандыдат багаслоўя; свяшчэннік Уладзімір Грыцэвіч, магістр багаслоўя; Марына Зыгмундаўна Пашук, доктар біблейскай тэалогіі; свяшчэннік Арцемій Кірко, магістр багаслоўя; Наталля Леанідаўна Баліч, кандыдат сацыялагічных навук.

На круглым стале з дакладам “Вернутая святыня: Слуцкае Евангелле 1581 г. (вывучэнне і выданне)” выступілі супрацоўнікі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Наталля Вікенцьеўна Паляшчук і Эльвіра Валер’еўна Ярмоленка. Дакладчыкі распавялі аб стварэнні Слуцкага Евангелля 1581 г., яго страце ў пачатку Вялікай Айчыннай вайны і вяртанні  ў пачатку 2000-х гадоў, а таксама паведамілі аб рабоце па ўзнаўленні рукапісу, яго кадыкалагічным, палеаграфічным, лінгвістычным даследаванні, падрыхтоўцы факсімільнага выдання. Завяршылі даклад словамі Мітрапаліта Філарэта, па благаславенні якога была распачата праца над святыняй: “Факсімільнае выданне Слуцкага Евангелля з’яўляецца своеасабліваю пропаведдзю, якая звернута да ўсіх, хто трымае ў руках гэту святую кнігу, і да ўсіх нашых суайчыннікаў. Гэта заклік да супадчынення нашых думак і працы адзінай агульнай мэце. Мэта гэта нязменная ад веку і завешчана нашымі благавернымі продкамі: жыць па сумленні, паступаць па гонары, будаваць сваё жыццё і ствараць гісторыю Айчыны па годнасці нашага хрысціянскага звання”.

27 кастрычніка Наталля Вікенцьеўна Паляшчук прыняла ўдзел у рэспубліканскім  семінары «Фарміраванне этнічнай сацыялізацыі і культуры міжасобасных зносін дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту на праваслаўных традыцыях і каштоўнасцях беларускага народа», арганізаваным у рамках рэалізацыі Праграмы супрацоўніцтва паміж Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь  і Беларускай Праваслаўнай Царквой  на 2020–2025 гг.

Семінар праходзіў у Белай зале Храма-помніка ў гонар Усіх Святых. У ім таксама ўдзельнічалі протаіерэй Мікалай Поўны, намеснік Старшыні Сінадальнага аддзела Беларускай Праваслаўнай Царквы па супрацоўніцтве са свецкімі ўстановамі адукацыі, Аляксей Іванавіч  Осіпаў, доктар філасофскіх навук, прафесар кафедры сацыяльна-гуманітарных дысцыплін Універсітэта  НАН Беларусі, Людміла Уладзіміраўна  Фінькевіч, кандыдат псіхалагічных навук, дацэнт, дацэнт кафедры агульнай і дзіцячай псіхалогіі Беларускага дзяржаўнага педагагічнай ўніверсітэта імя Максіма Танка. 

Н.В. Паляшчук выступіла з дакладам “Праваслаўная пісьмовая спадчына Беларусі і яе роля ў духоўна-маральным развіцці асобы”. Яна расказала пра этапы развіцця пісьменнасці на беларускіх землях, значэнне ў гэтым працэсе царкоўнаславянскай мовы, пазнаёміла прысутных з беларускамоўнымі праваслаўнымі рукапісамі і старадрукамі XV–XVII стст., актуалізавала неабходнасць пашырэння звестак пра іх, іх папулярызацыі ў сучасным грамадстве, што будзе садзейнічаць далучэнню нашых суйчыннікаў да праваслаўных святынь, гісторыі і кніжнай культуры Беларусі.  Семінар завяршыўся цікавай экскурсіяй па Храме-помніку ў гонар Усіх Святых.

 

Наталля Паляшчук, Эльвіра Ярмоленка

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы