Майстар-клас «Азъ, буки, веди: як чыталі і пісалі нашы продкі»

Пад такой назвай 23 лістапада б. г. адбылася сустрэча  загадчыка аддзела гісторыі беларускай мовы Наталлі Вікенцьеўны Паляшчук і вядучага навуковага супрацоўніка Эльвіры Валер’еўны Ярмоленка са студэнтамі першага курса факультэта дашкольнай адукацыі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, таксама выкладчыкамі  кафедры агульнай і дзіцячай псіхалогіі кандыдатам псіхалагічных навук, дацэнтам Людмілай Уладзіміраўнай Фінькевіч (яна ініцыявала гэту сустрэчу), Вольгай Уладзіміраўнай Гардзіюк, Таццянай Станіславаўнай Авяр’янавай, Ганнай Лер’еўнай Сяліцкай.

Н.В. Паляшчук расказала пра гісторыю кірылічнага алфавіта, змены, якія адбыліся ў ім у розныя гістарычныя перыяды, асаблівасці ўстава, паўустава, скорапіса, паказала старонкі з помнікаў беларускай пісьменнасці, напісаных кожным з гэтых відаў пісьма, падкрэсліла ролю Ільі Капіевіча ў рэформе кірыліцы, таксама пазнаёміла прысутных з беларускімі тэкстамі, напісанымі  лацінкай і арабскім пісьмом.

Э.В.  Ярмоленка распавяла пра даўнія беларускія кнігі, па якіх нашы продкі засвойвалі і ўдасканальвалі навыкі чытання, падкрэсліла ролю ў гэтым першых азбук і буквароў, расказала пра структуру і змест “Азбукі” Івана Фёдарава 1574 і 1578 гадоў, “Азбукі” і “Лексіса” Лаўрэнція Зізанія 1596 г., “Буквара” 1618 г., падрыхтаванага манахамі Віленскага Свята-Духава манастыра, “Буквара” Спірыдона Собаля, надрукаванага ў 1631 г. у друкарні Куцеінскага манастыра.  

 Студэнты пазнаёміліся з факсімільнымі выданнямі названых старадрукаў, а таксама паспрабавалі прачытаць урыўкі са змешчаных у іх тэкстаў.

Эльвіра Ярмоленка, Наталля Паляшчук

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы