20 чэрвеня ў г. Стоўбцы адбыўся Рэспубліканскі навукова-практычны семінар “Стаўбцоўшчына на гісторыка-культурнай карце Беларусі”, прымеркаваны да Года малой радзімы.
Семінар стаў чарговым крокам у праграме навукова-асветніцкіх мерапрыемстваў, што праводзяцца Інстутутам мовазнаўства імя Якуба Коласа разам з органамі мясцовага кіравання. Звычайна такія мерапрыемствы маюць інтэграваны характар, сумяшчаючы даследаванні па гісторыі, літаратуразнаўстве, культуралогіі пры вызначальнай ролі мовазнаўчай навукі. Гэта невыпадкова, таму што пераважная большасць крыніц па гісторыі і культуры рэгіёнаў – гэта пісьмовыя тэксты розных эпох і перыядаў, розных жанраў і разнавіднасцей.
Гэтаксама і ў гэты раз семінар адкрыўся дакладам загадчыка аддзела гісторыі беларускай мовы кандыдата філалагічных навук Н.В.Паляшчук, якая расказала аб адлюстраванні побыту, заняткаў і адносін жыхароў старажытнай Стаўбцоўшчыны на старонках даўніх пісьмовых крыніц, у прыватнасці ў Метрыцы Вялікага Княства Літоўскага.
ПА водгуках наведавальнікаў, сярод якіх былі прадстаўнікі мясцовых устаноў адукацыі, работнікі культуры, служачыя і краязнаўцы, вялікую цікавасць выклікаў даклад загадчыка аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі В.М.Курцовай “Плытніцтва на Стаўбцоўшчыне”.
Багатымі звесткамі па мінулым краю падзяліліся прадстаўнікі гістарычнай навукі: кандыдаты гістарычных навук А.Б. Доўнар і А.У. Унучак, якія пазнаёмілі прысутных з невядомымі старонкамі гісторыі Панямоння.
Творчасць пісьменнікаў і паэтаў Стаўбцоўшчыны, адметныя эпізоды іх жыццёвага шляху, у першую чаргу, класіка беларускай літаратуры Якуба Коласа, знайшлі адлюстраванне ў дакладах вучонага сакратара Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы кандыдата філалагічных навук А.В.Трафімчыка і старшага навуковага супрацоўніка кандыдата філалагічных навук І.М. Шаладонава, а таксама малодшага навуковага супрацоўніка Ю.А. Масарэнка.
На матэрыяле этнаграфіі і мовазнаўства быў пабудаваны даклад “Надмагільны тэкст на каталіцкім некропалі ХІХ – пачатку ХХ ст.” аспіранткі Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Т.В. Пятровай.
Не засталіся ўбаку ад культурнай падзеі ў раёне і мясцовыя краязнаўцы: П.У.Савіцкі, М.М. Мацкевіч, В.А.Дранчук, у дакладах якіх знайшлі адлюстраванне вострыя, часам палемічныя праблемы сённяшняга культурнага жыцця Стаўбцоўшчыны.
Удзел у мерапрыемстве прынялі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь А.М.Анісім, намеснік старшыні Стаўбцоўскага райвыканкама Ж.М.Лысая.
Удзельнікаў семінара чакала цудоўная канцэртная праграма, прэзентацыі навукова-даследчай дзейнасці вучняў мясцовых школ і экскурсія ў Акінчыцы, дзе нарадзіўся Якуб Колас.