ХІХ Міжнародная навуковая канферэнцыя Камісіі па славянскім словаўтварэнні пры Міжнародным камітэце славістаў “Славянская дэрыватаграфія: слоўнікі вытворных слоў і вытворныя словы ў слоўніках”

3–7 чэрвеня 2019 года ў Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі адбылася ХІХ Міжнародная навуковая канферэнцыя Камісіі па славянскім словаўтварэнні пры Міжнародным камітэце славістаў “Славянская дэрыватаграфія: слоўнікі вытворных слоў і вытворныя словы ў слоўніках”.

Камісія па славянскім словаўтварэнні пры Міжнародным камітэце славістаў была створана ў 1995 годзе па ініцыятыве вядомага расійскага вучонага Ігара Сцяпанавіча Улуханава, які і стаў яе першым старшынёй.
У склад камісіі ўваходзяць вучоныя з усіх славянскіх краін, а таксама Германіі, Аўстрыі і Францыі. З самага пачатку існавання камісіі актыўны ўдзел у яе рабоце прымаюць і беларускія вучоныя, у тым ліку з НАН Беларусі. З 2008 года камісію ўзначальвае вядомы беларускі лінгвіст акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аляксандр Аляксандравіч Лукашанец.

Навуковыя канферэнцыі камісіі праходзілі ў Расіі (Валгаград, 1996; Масква, 2009), Германіі (Магдэбург, 1997; Хале-Вітэнберг, 2001; Берлін, 2005; Хале-Вітэнберг, 2014), Аўстрыі (Інсбрук, 1999; Грац, 2016), Беларусі (Мінск, 2003 і 2006), Славакіі (Браціслава, 2004), Балгарыі (Сафія, 2007), Украіне (Кіеў, 2010), Польшчы (Катавіцэ, 2000; Познань, 2011), Сербіі (Бялград, 2012), Славеніі (Марабар, 2015), Босніі і Герцагавіне (Сараева, 2017). Члены камісіі прымалі актыўны ўдзел у ХІІ (Кракаў, 1998), ХІІІ (Любляна, 2003), ХIV (Охрыд, 2008), XV (Мінск, 2013) і XVI (Бялград, 2018) Міжнародных з’ездах славістаў, на якіх выступалі з секцыйнымі дакладамі і арганізоўвалі асобныя тэматычныя блокі па важных праблемах славянскага словаўтварэння. За гады свайго існавання камісія падрыхтавала ўнікальны цыкл прац па актуальных праблемах славянскага словаўтварэння, які ўключае 17 тамоў прац. Члены камісіі ўдзельнічалі ў выкананні буйнейшых славістычных і еўрапейскіх лінгвістычных праектаў. Ва ўсіх працах камісіі прадстаўлены раздзелы і артыкулы беларускіх дэрыватолагаў, якія ўтрымліваюць беларускі моўны матэрыял і напісаны на беларускай мове, што важна для падтрымання прэстыжу беларускай лінгвістычнай навукі ў славянскім свеце і агульнаеўрапейскай моўнай прасторы.

У рабоце ХІХ Міжнароднай навуковай канферэнцыі Камісіі па славянскім словаўтварэнні пры Міжнародным камітэце славістаў “Славянская дэрыватаграфія: слоўнікі вытворных слоў і вытворныя словы ў слоўніках” прынялі ўдзел 30 вядучых вучоных, з іх 20 – з краін далёкага і блізкага замежжа. У навуковым форуме ўдзельнічалі навукоўцы з Беларусі, Босніі і Герцагавіны, Германіі, Польшчы, Славакіі, Сербіі, Расіі, Украіны і Чэхіі.

Падчас канферэнцыі былі абмеркаваны актуальныя праблемы сучаснага славянскага словаўтварэння, пытанні лексікаграфічнага апісання словаўтваральных сістэм сучасных славянскіх моў, актыўныя працэсы.

Адкрыў канферэнцыю старшыня камісіі акадэмік А.А.Лукашанец.
У сваім уступным слове ён адзначыў важнасць правядзення такіх канферэнцый для пашырэння і ўмацавання навуковага супрацоўніцтва лінгвістаў славянскіх краін у ХХІ стагоддзі, ролю словаўтварэння ў папаўненні слоўнікавага складу сучасных славянскіх моў, забеспячэнні нацыянальнай адметнасці славянскіх моў, а таксама акрэсліў сучасныя тэндэнцыі моўнага развіцця.

З прывітальнымі словамі да ўдзельнікаў канферэнцыі звярнуліся дырэктар дзяржаўнай навуковай установы “Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі” акадэмік НАН Беларусі А.І.Лакотка
і дырэктар філіяла “Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа” Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі кандыдат філалагічных навук І.Л.Капылоў.

А.А.Лукашанец выступіў з першым пленарным дакладам, у якім прааналізаваў сучасны стан славянскай, у тым ліку і беларускай, дэрыватаграфіі (практыкі стварэння словаўтваральных слоўнікаў) і прапанаваў тыпалогію словаўтваральных слоўнікаў славянскіх і акрэсліў актуальныя задачы ў гэтым напрамку славянскага мовазнаўства.

У рамках канференцыі было праведзена пасяджэнне Камісіі, на якім былі абраны новыя члены, разгледжаны іншыя арганізацыйныя пытанні. Прынята рашэнне, што наступная ХХ Міжнародная навуковая канферэнцыя камісіі адбудзецца ў 2020 годзе ў Польшчы ў Варшаве.

Удзельнікі канферэнцыі наведалі Музей старажытнай беларускай культуры Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры, Мемарыяльны музей Якуба Коласа, Нацыянальную бібліятэку Беларусі, азнаёміліся з гістарычным цэнтрам Мінска.

 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы