20 красавіка 2026 г. пайшла з жыцця Раіса Мікалаеўна МАЛЬКО, вядомы беларускі вучоны-мовазнаўца, спецыяліст у галіне славістыкі і этымалогіі.
Раіса Мікалаеўна нарадзілася 5 снежня 1940 г. у вёсцы Мельшына Болхаўскага раёна Арлоўскай вобласці (Расія). Першыя гады яе маленства прайшлі ў час Вялікай Айчыннай вайны, родная вёска на кароткі час нават апынулася пад акупацыяй. Пасля вайны, у 1947 г., сям’я пераехала ў Бранск.
Пасля заканчэння школы ў 1957 г. Раіса Мікалаеўна паступіла ў Ленінградскі дзяржаўны ўніверсітэт на аддзяленне чэшскай мовы і літаратуры філалагічнага факультэта. Пасля заканчэння выпускніца атрымала дыплом з трыма кваліфікацыямі – перакладчык, філолаг, выкладчык рускай мовы і літаратуры. Меркавалася, што жыццё маладога спецыяліста будзе звязана з Ленінградскім універсітэтам і навукай, але лёс склаўся інакш.
У 1964 г. Малько Р.М. была залічана ў дзённую аспірантуру Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа АН БССР. За гады навучання маладая даследчыца пад кіраўніцтвам Рэйнгольда Уладзіміравіча Краўчука падрыхтавала кандыдацкую дысертацыю “Названия рельефа в чешском и словацком языках”, якую паспяхова абараніла ў 1970 г. Паводле матэрыялаў дысертацыі была апублікавана манаграфія “Географическая терминология чешского и словацкого языков: на общеславянском фоне” (Минск, 1974). Аўтар сабраў багаты матэрыял, выкарыстаўшы як літаратурныя, так і дыялектныя слоўнікі чэшскай і славацкай моў, і даследаваў сабраную лексіку на шырокім славянскім фоне.
Раіса Мікалаеўна была знаным вучоным – славістам і этымолагам, прадстаўніком фундаментальнай школы лінгвістыкі. Руская па нацыянальнасці, яна шмат зрабіла для развіцця беларусістыкі і славістыкі ў Беларусі. Даследчыца ад пачатку працы ў аддзеле славістыкі і тэорыі мовы (на той час – Сектар агульнага і славянскага мовазнаўства) удзельнічала ў падрыхтоўцы “Этымалагічнага слоўніка беларускай мовы”, разам з іншымі каллегамі распрацоўвала картатэку слоўніка, з’яўлялася аўтарам тысяч артыкулаў у наступных тамах ЭСБМ: 2 (1980 г.), 8–13 (1993–2010 гг.). Матэрыялы, сабраныя Раісай Мікалаеўнай, і распрацаваныя ёй этымалагічныя артыкулы выкарыстоўваюцца і ў падрыхтоўцы апошніх тамоў “Этымалагічнага слоўніка беларускай мовы”.
Раіса Мікалаеўна была надзвычай інтэлегентым, далікатным, добразычлівым чалавекам, надзейным таварышам і сябрам, выдатнай калегай. Яна да апошняга часу ўдзельнічала ў навуковых мерапрыемствах аддзела славістыкі і тэорыі мовы, давала карысныя парады ў працы маладому пакаленню мовазнаўцаў.
Аддзел славістыкі і тэорыі мовы, Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа, а таксама ўся беларуская і славянская філалогія панеслі непапраўную страту з адыходам Раісы Мікалаеўны.
Выказваем глыбокія спачуванні яе родным і блізкім.






