Адбылася Рэспубліканская навуковая канферэнцыя “Беларускае гістарычнае мовазнаўства: стан і перспектывы развіцця” (да 90-годдзя з дня нараджэння члена-карэспандэнта НАН Беларусі Аляксандра Мікалаевіча Булыкі).

18–19 сакавіка 2025 года ў Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі адбылася Рэспубліканская навуковая канферэнцыя “Беларускае гістарычнае мовазнаўства: стан і перспектывы развіцця” (да 90-годдзя з дня нараджэння члена-карэспандэнта НАН Беларусі Аляксандра Мікалаевіча Булыкі).

У прывітальным слове І. Л. Капылоў, дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, назваў дасягненні беларускіх вучоных у галіне гістарычнага мовазнаўства, акрэсліў перспектыўныя напрамкі яго развіцця, адзначыў ролю прац А. М. Булыкі ў функцыянаванні беларускай гістарычна-мовазнаўчай школы.

Пасля творчых нумароў студэнтак 1 курса факультэта пачатковай адукацыі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Максіма Танка Валерыі Новікавай і Вікторыі Набок, а таксама курсантаў 1 курса факультэта падрыхтоўкі афіцэрскіх кадраў Інстытута пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь Яўгена Васільца і Дзмітрыя Раманюка пачалося ўрачыстае віншаванне А. М. Булыкі.

А. А. Каваленя, акадэмік-сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі, адзначыў уклад А. М. Булыкі ў айчынную гуманітарную навуку, у вывучэнне, захаванне, папулярызацыю пісьмовай спадчыны беларускага народа. За плённую шматгадовую навуковую дзейнасць узнагародзіў юбіляра медалём “За заслугі перад НАН Беларусі” і паказаў прысутным новую працу – “Гістарычна-этымалагічны слоўнік іншамоўнай лексікі ў старабеларускай мове”, якая падагульняе пяцідзесяцігадовы вопыт вучонага ў вывучэнні запазычанняў. А. І. Лакотка, дырэктар Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, звярнуў увагу на лексікаграфічныя набыткі Аляксандра Мікалаевіча і яго руплівую працу па стварэнні фундаментальнага “Гістарычнага слоўніка беларускай мовы”, яго клопат аб падрыхтоўцы кандыдатаў і дактароў філалагічных навук.  

С. А. Важнік, дэкан філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, В. АЛяшчынская, прафесар кафедры беларускай мовы Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны, А. С. Дзядова, дацэнт кафедры беларускага мовазнаўства Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава, С. Г. Ляскевіч, загадчык кафедры англійскай мовы Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы ў віншавальных адрасах падкрэслілі дасягненні Аляксандра Мікалаевіча ў навуковай і педагагічнай дзейнасці, адзначылі вартасць яго работ для развіцця айчыннага мовазнаўства. Віншаванні ў адрас А.М. Булыкі даслалі В. ДСтарычонак, дэкан філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, Т. В.  Сянькевіч, дэкан філалагічнага факультэта Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. С. Пушкіна, вучні юбіляра з Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя І. П. Шамякіна і Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. С. Пушкіна.

У адрасе супрацоўнікаў Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа, якія зачытаў І. Л. Капылоў, у выступленнях загадчыкаў аддзелаў В. П. Русак, Т. М. Аліферчык, В. М. Курцовай, А. М. Лапцёнак, І. У. Ялынцавай былі пералічаны напрамкі і вынікі плённай даследчыцкай працы Аляксандра Мікалаевіча, адзначаны прафесіяналізм вучонага, яго працавітасць, адданасць абранай справе, якія дапамаглі яму дасягнуць вяршынь у прафесіі. Супрацоўнікі аддзела гісторыі беларускай мовы, у якім працуе Аляксандр Мікалаевіч, выказалі свайму старэйшаму калегу сардэчную ўдзячнасць за падтрымку і дапамогу, за ўзорны прыклад адносін да прафесіі і людзей.

Кожнае выступленне было прасякнута павагай, шчырасцю і шанаваннем А. М. Булыкі, усе зычылі вучонаму моцнага здароўя, бадзёрасці і новых працоўных поспехаў.

На пленарным пасяджэнні з дакладамі выступілі Н. В. Паляшчук, загадчык аддзела гісторыі беларускай мовы Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі (даклад “Аляксандр Мікалаевіч Булыка: імя ў айчыннай гуманітарыстыцы”), С. А. Важнік, дэкан філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (даклад “Наша Доля” (1906 г.): сінтаксічны зрэз эпох”, В. А. Ляшчынская, прафесар кафедры беларускай мовы Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны (даклад “Фразеалогія – транслятар культуры і сродак сувязі пакаленняў”), В. К. Мароз, галоўны навуковы супрацоўнік аддзела гісторыі беларускай мовы Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі (даклад “Да пытання пераемнасці ў моўнай сістэме розных гістарычных перыядаў: прыкладны аспект”).

Падчас канферэнцыі працавалі дзве секцыі. Першая секцыя складалася з двух блокаў, на якіх разглядаліся актуальныя пытанні гісторыка-лінгвістычных даследаванняў.  Большасць дакладаў была прысвечана розным аспектам эвалюцыі і функцыянавання старабеларускай мовы:  акрэслены стан і перспектывы даследавання рэгіянальнай дзелавой пісьменнасці старабеларускай мовы (Н. В. Паляшчук), разгледжана спецыфіка анамастычнай лексікі (А. М. Молчан), вывучаны моўныя асаблівасці асобных старабеларускіх помнікаў (І. П. Клімаў, В. А. Клімковіч, Н. Ю. Перавалава, Э. В. Ярмоленка), даследавана структура, паходжанне і ўтварэнне найменняў падаткаў (С. М. Макітрук). З метадамі распрацоўкі лінгвістычнага корпусу старабеларускай мовы пазнаёміла Д. С. Мацеша, аб беларускамоўнай пісьмовай спадчыне XVIII ст. распавяла М. І. Свістунова, а Т. А. Маляўка прааналізавала погляды на мову Яна Чачота беларускага мовазнаўца І. І. Крамко.  Пераклады на старабеларускую мову Вісліцкага статута ахарактарызавала Г. В. Алексяевіч, аспекты супастаўлення старабеларускіх і старарускіх эпісталярных помнікаў акрэсліла В. У. Зуева. Акрамя таго, на секцыі прагучалі паведамленні аб крыніцах старабеларускай лексікі ў “Этымалагічным слоўніку беларускай мовы” (Я. В. Волкава), пратографах унікальнага рукаснага помніка Лаўрышаўскага Евангелля XIV ст. (І. У. Будзько), ётавых ад’ектывах у праславянскай мове  (Ц. С. Буйко), гістарычных прэцэдэнтных тэкстах як аб’екце даследавання гуманітарнай навукі (А. Ю. Казімірчык), папулярызацыі беларускай літаратурнай спадчыны сярод навучэнцаў  (С. Д. Грынько) і інш.

На пасяджэнні другой секцыі абмяркоўваліся надзённыя пытанні сучаснага беларускага мовазнаўства. Некаторыя аспекты лексікі, тэрміналогіі і стылістыкі беларускай мовы 1900–1930-х гадоў былі разгледжаны ў выступленнях Л. У. Глушыцкага, В. Д. Косцінай, Т. М. Маракулінай і інш. Актуальная дыялекталагічная праблематыка закраналася ў паведамленнях А. С. Дзядовай і С. Г. Ляскевіч. Таксама прысутныя заслухалі даклады аб цяжкасцях, якія ўзнікаюць пры апісанні ўстарэлай лексікі ў новым тлумачальным слоўніку беларускай мовы (А. М. Лапцёнак), асаблівасцях заходне- і ўсходнеславянскай айканіміі на прыкладзе перадачы паняцця ‘вольнае пасяленне’ (Т. М. Аліферчык), лексіка-семантычным увасабленні біблеізма голуб з аліўкавай галінкай (П. С. Басалыга), некаторых спосабах вербалiзацыi канцэпта ‘высокi рост’ у маўленнi беларусаў (В. А. Скачкова) і інш.

На другі дзень, 19 сакавіка 2025 г., быў праведзены круглы стол “Аляксандр Мікалаевіч Булыка: асоба, вучоны, педагог” з прэзентацыяй “Гістарычна-этымалагічнага слоўніка іншамоўнай лексікі ў старабеларускай мове” А. М. Булыкі. Пасля прывітальнага слова І. Л. Капылова на круглым стале выступілі: В. І. Іўчанкаў, прафесар кафедры перыядычнага друку і вэб-журналістыкі факультэта журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (паведамленне “З улюбёнасцю да слова і людзей: гармонія акадэмічнай існасці” ), Н. В. Паляшчук (“«Гістарычна-этымалагічны слоўнік іншамоўнай лексікі ў старабеларускай мове» А. М. Булыкі – новы тып слоўніка ў беларускай дыяхранічнай лексікаграфіі”), І. У. Будзько, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела гісторыі беларускай мовы Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі (“А. М. Булыка – аўтар слоўнікаў іншамоўных слоў у беларускай мове”), Э. ВЯрмоленка, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела гісторыі беларускай мовы Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, С. М. Макітрук, навуковы супрацоўнік аддзела гісторыі беларускай мовы Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі (“А. М. Булыка як даследчык запазычанай лексікі ў старабеларускай мове”), І. УКандраценя, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела руска-беларускіх моўных сувязей Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі (“Пра беларускую тэрміналогію ў кантэксце міжмоўных сувязей”), В. М. Курцова, загадчык аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі (“Даследаванні А. М. Булыкі ў вывучэнні беларускіх гаворак”), Т. МАліферчык, загадчык аддзела славістыкі і тэорыі мовы Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі (“Працы А. М. Булыкі ў этымалагічных даследаваннях”), Л. П. Кунцэвіч, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі (“Успаміны аб сумеснай працы”).

У рамках канферэнцыі была арганізавана выстава прац А. М. Булыкі, падрыхтаваная бібліятэкарам І. У. Смірновай.

Н. В. Паляшчук, Э. В. Ярмоленка

Фота В. Д. Косцінай

Больш здымкаў: https://veroni.wfolio.pro/disk/19-03-2025-krugly-stol-alyaksandr-mikalaevich-bulyka-asoba-vuchony-pedagog-fgrtjs;

https://veroni.wfolio.pro/disk/18-03-2025-belaruskae-gistarychnae-movazna-stva-stan-i-perspektyvy-razvitstsya-9kznvd.

 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы