Псалтыр, пакрытую няжорсткай бурай кожай,
Я ўзяў і срэбныя засьцёжкі адамкнуў,
Перачытаў радкі кірыліцы прыгожай
І воску з ладанам прыемны пах пачуў
Максім Багдановіч. Кніга, 1912 г.
Дзень роднай мовы адзначаецца ва ўсім свеце 21 лютага. Родная мова, матчына, мілагучная, прыгожая, чыстая, далікатная… Такімі эпітэтамі называюць студэнты БНТУ беларускую мову. У гэтым годзе кафедра “Беларуская і руская мовы” разам з калектывам Навуковай бібліятэкі БНТУ і вучонымі з Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі запрасіла беларускіх і замежных студэнтаў на мерапрыемствы, прысвечаныя Дню роднай мовы.
Для беларускіх студэнтаў вучоныя з Цэтра даследавання беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі падрыхтавалі цікавы матэрыял пра старажытныя кнігі беларускага паходжання, іх новае жыццё ў сучаснасці, а таксама пра захаванне гістарычнага мінулага ў слоўніках.
Загадчык аддзела гісторыі беларускай мовы Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа кандыдат філалагічных навук, дацэнт Наталля Вікенцьеўна Паляшчук распавяла пра унікальнае выданне – 37-томны “Гістарычны слоўнік беларускай мовы”, перыяд падрыхтоўкі і выданне якога працягвалася ў Акадэміі навук больш за паўстагоддзе. У сваім выступленні Н. В. Паляшчук узгадала асоб, якія пачыналі гэтую справу, прынцыпы адбору гістарычных тэкстаў, апрацоўкі слоўнікавага складу і падрыхтоўку да выдання тамоў слоўніка. Беларускія студэнты маглі азнаёміцца са словамі, якія сустракаліся ў помніках пісьменнасці, здагадацца аб іх значэнні. Выступоўца прапанавала прысутным таксама паразважаць над тым, якія былі старажытныя беларусы, што іх хвалявала, пра што яны думалі, чым займаліся…
Вядучы навуковы супрацоўнік аддзела гісторыі беларускай мовы Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа кандыдат філалагічных навук Эльвіла Валер’еўна Ярмоленка прадставіла да ўвагі прысутных рэдкае выданне – факсіміле спіса “Жыція святой Прападобнай Еўфрасінні Полацкай” XVI ст., распавяла пра гісторыю стварэння гэтага знакавага для ўсіх беларусаў помніка пісьменнасці, пра дзейнасць і жыццё самой Еўфрасінні Полацкай, пра гісторыю знаходжання і спецыфіку выдання гэтага тэксту.
Загадчыца кафедры “Беларуская і руская мовы” БНТУ кандыдат філалагічных навук, дацэнт Ірына Уладзіміраўна Будзько таксама прысвяціла сваё выступленне старажытнай кнізе – першакнізе беларусаў – Полацкаму Евангеллю ХІІ ст. Даследчыца распавяла пра гісторыю знаходжання гэтай кнігі, пра яе няпросты лёс, ахутаны таямніцамі і легендамі, пра тое, як яе стваралі перапісчыкі і мастакі, як упрыгожвалі, пра яе новае жыццё ўжо зараз, у ХХІ стагоддзі.
Другая частка мерапрыемства была падрыхтавана ўжо для замежных студэнтаў, якія мелі магчымасць пазнаёміцца з беларускай мовай, яе асноўнымі адметнасцямі, зразумець, што такое літара Ў. Прысутныя студэнты-замежнікі АТФ, ФТКГ, ВГСЭ, МБФ, АФ пачулі беларускае маўленне, даведаліся што такое па-беларуску калі ласка, прывітанне, да пабачэння, дзякуй, пазналі, як і чаму менавіта так, а не інакш называюцца месяцы па-беларуску, паспрабавалі нават чытаць некаторыя словы на беларускай мове. Напрыканцы прагучала песня на верш Аркадзя Куляшова “Бывай” у выкананні замежных студэнтаў БНТУ.
Шмат моваў на зямлі, большасцю людзям вельмі цяжка разумець адзін аднаго, не ведаючы мовы, але ёсць адно слова, якое гучыць вельмі падобна амаль на ўсіх мовах – мама. Са святам матчынай мовы!
Ірына Будзько