Адбыўся круглы стол “Беларуска-рускае дзяржаўнае двухмоўе: праблемы ўпарадкавання і функцыянавання беларускай камп’ютарнай тэрміналогіі”

17 лютага ў Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа адбыўся круглы стол “Беларуска-рускае дзяржаўнае двухмоўе: праблемы ўпарадкавання і функцыянавання беларускай камп’ютарнай тэрміналогіі”. На пасяджэнні былі абмеркаваны актуальныя праблемы сучаснага стану беларускай ІТ-тэрміналогіі; пытанні яе функцыянавання ў двухмоўным соцыуме; узровень лексікаграфічнай кадыфікацыі паняццяў і тэрмінаў, што ўжываюцца ў сферы інфармацыйных тэхналогій.

У рабоце круглага стала прынялі ўдзел акадэмік Лукашанец Аляксандр Аляксандравіч, першы намеснік дырэктара па навуковай рабоце ДНУ “Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі”, старшыня Рэспубліканскай тэрміналагічнай камісіі; Капылоў Ігар Лявонавіч, дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа; Барковіч Аляксандр Аркадзьевіч, загадчык кафедры інфарматыкі і прыкладной лінгвістыкі Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, доктар філалагічных навук; Свістунова Марына Іосіфаўна, дацэнт кафедры беларускага мовазнаўства філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, кандыдат філалагічных навук; Станішэўскі Віталь, кіраўнік агенцтва перакладаў LINGVA-BY; Ганчарэнка Кацярына, старшы навуковы супрацоўнік Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа, кандыдат філалагічных навук.; Юрась Гецэвіч, загадчык лабараторыі распазнавання і сінтэзу маўлення Аб’яднанага інстытута праблем інфарматыкі Нацыянальнай акадэміі навук, Аляксандр Шастаковіч, кіраўнік праекта «SАY.BY. Платформа падтрымкі жывой беларускай мовы».

Акадэмік НАН Беларусі Аляксандр Аляксандравіч Лукашанец у сваім выступленні звярнуў увагу на тое, што прысутнасць беларускай мовы ў камп’ютарным асяроддзі – адна з умоў яе далейшага захавання і выкарыстання. Ён адзначыў, што ў даследаванні венгерскага лінгвіста Андраша Карная «Лічбавая смерць моў», апублікаваным некалькі гадоў назад, сказана пра тое, што толькі чатыры працэнты з усіх існуючых жывых моў у свеце прадстаўлены ў інтэрнэце. “Наша мова ледзь не наперадзе ўсіх – у нас ажно два варыянты «Вікіпедыі» – у афіцыйным правапісе і на «тарашкевіцы». Ёсць вялікі віртуальны кнігазбор «Беларуская палічка» (knіhі.соm), дзе прадстаўлены тысячы кніг. Беларуская мова прадстаўлена і ў сацыяльных сетках”, – падкрэсліў дырэктар Інстытута мовазнаўства   І.Л. Капылоў. У месенджары Viber працягваюць з’яўляцца беларускамоўныя стыкеры, сёння ёсць магчымасць усталяваць Windows 10 на роднай мове.

Супрацоўнікі прыватных агенцтваў перакладаў, распрацоўшчыкі сайтаў, праграмісты, расказваючы пра супрацоўніцтва з вучонымі Інстытута мовазнаўства пры забеспячэнні праграмных прадуктаў ці нават цэлых аперацыйных сістэм, звярнулі ў вагу на тое, што для практычнай рэалізацыі іх праектаў не хапае адпаведнай уніфікаванай тэрміналагічнай базы. Пэўныя цяжкасці, абумоўленыя адсутнасцю адзінага спецыяльнага тэрмінаграфічнага масіву, існуюць і ў сферы адукацыі.

Удзельнікі круглага стала, абмеркаваўшы актуальныя праблемы ІТ-тэрмінасістэмы, выказалі шэраг канструктыўных прапаноў, звязаных з каардынацыяй дзейнасці мовазнаўцаў, спецыялістаў адукацыйных устаноў, органаў стандартызацыі, галіновых аб’яднанняў па ўніфікацыі ІТ-тэрміналогіі і стварэнні адпаведных лексікаграфічных даведнікаў.

 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы