МІЖНАРОДНАЯ НАВУКОВАЯ КАНФЕРЭНЦЫЯ “ЕЎРАЗІЙСКАЯ ГУМАНІТАРНАЯ ПРАСТОРА: СТАН І ПЕРСПЕКТЫВЫ РАЗВІЦЦЯ ФІЛАЛАГІЧНЫХ НАВУК”

20–21 мая 2025 года ў Цэнтры даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі адбылася Міжнародная навуковая канферэнцыя “ЕЎРАЗІЙСКАЯ ГУМАНІТАРНАЯ ПРАСТОРА: СТАН І ПЕРСПЕКТЫВЫ РАЗВІЦЦЯ ФІЛАЛАГІЧНЫХ НАВУК”.

Удзельнікі канферэнцыі з Рэспублікі Беларусь, Расійскай Федэрацыі, Рэспублікі Узбекістан абмеркавалі надзённыя пытанні лінгвістыкі, літаратуразнаўства, вывучэння і папулярызацыі нацыянальнай пісьмовай спадчыны, удасканальвання метадалогіі сучасных філалагічных даследаванняў. Актуальнасць мерапрыемства абумоўлена патрэбай глыбокага асэнсавання працэсаў інтэграцыі і дыферэнцыяцыі навуковых ведаў, сінтэзу філалагічных і сацыяльных навук, што ўплывае на перспектывы развіцця мовазнаўства і літаратуразнаўства еўразійскіх краін. На павестцы дня востра абазначана пытанне планавання і выканання сумесных міжнародных інавацыйных праектаў гуманітарнага профілю. 

20 мая адбылося святочнае адкрыццё канферэнцыі. З прывітальнымі словамі выступілі акадэмік-сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі А.А. Каваленя, дырэктар Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі А.І. Лакотка, дырэктар Хакаскага навукова-даследчага інстытута мовы, літаратуры і гісторыі Н.С.  Майнагашава. Як адзначыў А.А. Каваленя, “сённяшні і заўтрашні дзень немагчыма ўявіць без інтэграцыйнага ўзаемадзеяння ў еўразійскай прасторы гуманітарных і сацыяльных навук, без абмену навукова-адукацыйнымі тэхналогіямі, накіраванымі на павышэнне ролі культурнай спадчыны, умацаванне духоўна-маральных традыцый, устанаўленне гуманітарнай бяспекі”.
 Працягнулі працу форуму на пленарным пасяджэнні яго арганізатары – дырэктар Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы І.В. Саверчанка, які распавёў пра здабыткі і дасягненні інстытута, а таксама дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа І.Л. Капылоў, які акрэсліў стан і перспектывы развіцця акадэмічнага мовазнаўства. Сучасная філалогія знаходзіцца ў пошуку фундаментальных прарыўных ідэй, што было адлюстравана ў глыбокіх, шматвектарных выступленнях даследчыкаў з Расіі і яе федэральных акруг (В.М. Крыловай, С.А. Мызнікава, В.Б. Панкратавай, Н.М. Куранной, Г.Д. Няганавай, Н.Г. Канзычаковай) і Узбекістана  (П.У. Бакірава, Г.Н. Арапава, У.А. Камалава). У гэты ж дзень быў падпісаны дагавор аб супрацоўніцтве паміж Цэнтрам даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі і Адукацыйным універсітэтам “Рэнесанс” (Узбекістан). 
21 мая быў адбыўся круглы стол “Роля філалагічнай навукі ў развіцці турыстычнага патэнцыялу: замежны вопыт” у Парку гісторыі Сула, а таксама прайшлі пасяджэнні дзвюх секцый, з дакладамі на якіх выступілі беларускія і замежныя вучоныя.
22 мая ў Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа прадстаўнікі Кастрамскога дзяржаўнага ўніверсітэта правялі прэзентацыю серыі выданняў “Кастрамскія гаворкі: матэрыялы і даследаванні”. 
Для замежных удзельнікаў канферэнцыі было арганізавана наведванне Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчынай вайны, Музея старажытнабеларускай культуры, прыём у акадэміка-сакратара Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі А.А. Кавалені.  
Такім чынам, дзейсны зварот да дыялогавых формаў – міжнародных форумаў, канферэнцый, семінараў, круглых сталоў – дазволіць інтэнсіфікаваць навуковыя, культурныя, адукацыйныя абмены і вызначыць маштаб прыгранічнага і трансгранічнага супрацоўніцтва рэгіёнаў не толькі ў філалагічнай, але і ў  гуманітарнай сферы ўвогуле.

 

С.У. Калядка, Н.В. Паляшчук

Фота В.Д. Косцінай

Больш здымкаў: https://veroni.wfolio.pro/disk/20-05-2025-evraziyskoe-gumanitarnoe-prostranstvo-5lxmq4

 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы