Адбыўся круглы стол “Мастацкі пераклад ва ўмовах блізкароднаснага білінгвізму: праблемы і перспектывы”

У межах Тыдня беларускай мовы ў Цэнтры даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі адбыўся круглы стол “Мастацкі пераклад ва ўмовах блізкароднаснага білінгвізму: праблемы і перспектывы”.

Як адзначыў у прывітальным слове дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Ігар Капылоў, гэта тэма хвалюе не толькі сучаснікаў, але і хвалявала продкаў у далёкія часы,  таму што традыцыі айчыннага перакладу закладзены нашым земляком, славутым першадрукаром Ф. Скарынам. Менавіта ён, дзякуючы свайму майстэрству перакладчыка, данёс да простага люду Святое Пісанне, як і яго паслядоўнікі, у прыватнасці В. Цяпінскі. На старабеларускай мове ў перыяд Вялікага Княства Літоўскага нашым продкам былі даступны перакладныя мастацкія творы, што садзейнічала развіццю перакладной лексікаграфіі, традыцыі якой сёння падтрымліваюцца і развіваюцца ў Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа.

“Што тычыцца мастацкага перакладу, то ён з’яўляецца эфектыўным сродкам папулярызацыі мовы, калі па-беларуску гучаць творы сусветнай літаратуры. Пераклад беларускай літаратуры дапамагае азнаёміцца чытачам іншых краін з дасягенннямі нашых пісьменнікаў. Акрамя таго, у сённяшні складаны і няпросты час, калі адбываюцца палітычныя разломы, рэлігійныя спрэчкі, вельмі важная менавіта такая культурная камунікацыя, або, як кажуць, кніжная дыпламатыя. Даследаванне мастацкага перакладу садзейнічае развіццю перакладазнаўчай навукі, якая знаходзіцца на стыку літаратуразнаўства і мовазнаўства. Аднак, нягледзячы на такія даўнія традыцыі, перакладазнаўства ў нас яшчэ недастаткова развіта. Навуковых работ, прысвечаных адпаведнай праблематыцы, вельмі мала. Добра было б у бліжэйшай перспектыве мець структурнае падраздзяленне – аддзел, або сектар перакладазнаўства, якое б прафесійна займалася такімі актуальнымі даследаваннямі” – лічыць І. Капылоў.

Ва ўмовах інтэнсіўнага развіцця міжкультурных стасункаў і сувязей, характэрных для ХХІ ст., праблемы мастацкага перакладу набываюць асабліва важнае значэнне і ў сусветнай мовазнаўчай навуцы, і ў беларускай,  калі кожнай з нацыянальных моў і культур даводзіцца сутыкацца з пагрозлівымі  выклікамі часу, звязанымі са зменамі геапалітычнай, геакультурнай сітуацыі і з такімі паняццямі, як “глабалізацыя”, “дыялог культур”, “мультыкультурнасць” і інш. “Прытым з’яўленне прац перакладазнаўчага характару ў межах розных дысцыплін (мовазнаўства, методыка выкладання замежных моў, літаратуразнаўства і інш.) носіць у Беларусі дэцэнтралізаваны, раз’яднаны характар і развіваецца пераважна ў ВНУ, звычайна ў межах падрыхтоўкі перакладчыкаў-практыкаў. У Беларусі не існуе навуковага перакладазнаўчага цэнтра, тады як, напрыклад, у Маскве ёсць Інстытут перакладу і Вышэйшая школа перакладу (факультэт) Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М. В. Ламаносава. Таму насамрэч наспела неабходнасць стварэння ў межах НАН Беларусі, як галоўнай навуковай установы краіны, структурнага перакладазнаўчага падраздзялення, якое б займалася распрацоўкай пытанняў гісторыі, тэорыі і практыкі мастацкага перакладу, падагульняла і дапаўняла айчынны вопыт перакладазнаўства з далейшым стварэннем фундаментальных навуковых прац у кантэксце міжмоўнай камунікацыі”, – кажа вядучы навуковы супрацоўнік аддзела славістыкі і тэорыі мовы Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Наталля Якавенка.

Перакладазнаўчы праект міждзяржаўнага ўзроўню рэалізуецца ў Саюзе пісьменнікаў Беларусі. “Пад адной вокладкай збіраецца літаратура краін СНД за апошнія 30 гадоў, выбіраюцца лепшыя аўтары ў прозе, паэзіі, дзіцячай літаратуры – гэта асобныя кніжныя тамы. Калі атрымаецца як мы плануем, прэзентацыя гэтага праекта адбудзецца на кніжнай выстаўцы ў сакавіку”, – расказала першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алена Стэльмах, якая, між іншым, таксама падтрымала думку пра неабходнасць стварэння акадэмічнага перакладазнаўчага цэнтра (структурнага падраздзялення).

Сваімі меркаваннямі на тэму мастацкага перакладу падзяліліся пісьменніца-перакладчыца Іна Фралова, загадчык аддзела беларуска-рускіх моўных сувязей Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Ірына Ялынцава, загадчык аддзела лексікалогіі і лексікаграфіі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Алена Лапцёнак, старшы навуковы супрацоўнік аддзела ўзаемасувязей літаратур Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Інга Бязлепкіна і вядомы ў Беларусі перакладчык і перакладазнаўца  Міхаіл Кенька.

Былі ўзняты пытанні спецыфікі бікультурнасці беларускага грамадства, асаблівасці беларуска-рускага білінгвізму, пасрэдніцтва рускай мовы пры перакладзе на беларускую і з беларускай, функцыянальнасці мастацкага перакладу ва ўмовах блізкароднаснага білінгвізму на сучасным этапе і ў перспектыве.

Алена Гардзей, “Навука”

Фота аўтара

 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы