22 лютага ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі адбылася прэзентацыя новага выдання аднатомнага “Тлумачальнага слоўніка беларускай літаратурнай мовы”, падрыхтаванага калектывам лексікографаў Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа пад навуковай рэдакцыяй дырэктара інстытута, кандыдата філалагічных навук, дацэнта І.Л. Капылова.
У мерапрыемстве ўзялі ўдзел дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Алена Анісім, дырэктар УП “Беларуская “Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі” Уладзімір Андрыевіч, галоўны рэдактар Беларускай энцыклапедыі Ларыса Языковіч, загадчык рэдакцыі навуковага і літаратурнага кантролю Беларускай энцыклапедыі Ганна Малей, дырэктар Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы, прафесар, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Іван Саверчанка, загадчык кафедры гісторыі беларускай мовы БДУ Мікалай Прыгодзіч, загадчык кафедры беларускага мовазнаўства БДПУ імя Максіма Танка Дзмітрый Дзятко, прафесар Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь Валянціна Мароз, а таксама вучоныя НАН Беларусі, выкладчыкі і студэнты вышэйшых навучальных устаноў краіны, прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі і аматары беларускай мовы.
Адкрываючы ўрачыстую імпрэзу, намеснік дырэктара Інстатута мовазнаўства імя Якуба Коласа Сяргей Гаранін адзначыў, што ў шэрагу мерапрыемстваў, праведзеных у НАН Беларусі ў сувязі з Міжнародным днём роднай мовы, прэзентацыя “Тлумачальнага слоўніка беларускай літаратурнай мовы”, выдадзенага ў выдавецтве “Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі” – адно з галоўных. Гісторыя падрыхтоўкі акадэмічных слоўнікаў (а яны былі прадстаўлены на кніжнай выставе ў ЦНБ, прымеркаванай да прэзентацыі) – гэта жывая гісторыя самой беларускай навукі, якая наглядна дэманструе рух навуковай думкі і працы, дэманструе пераемнасць у высокай справе даследавання мовы, яе захавання, развіцця і папулярызацыі. А без гэтага сучасная лінгвістыка не змагла б вырашаць ні навукова-даследчых, ні асветніцкіх задач, што пастаўлены ў 2017 годзе перад беларускай навукай, а менавіта – задач павышэння ролі навуковых ведаў у забеспячэнні сацыяльна-эканамічнага развіцця нашай краіны, стварэння спрыяльных умоў для захавання і развіцця яе інтэлектуальна-творчага патэнцыялу, фарміравання высокага іміджу Беларусі за мяжой, у чым важную ролю адыгрывае нацыянальная мова.
Навуковы змест праробленай працы быў раскрыты ў грунтоўным выступленні кіраўніка праекта, дырэктара Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа І.Л. Капылова. Ігар Лявонавіч адзначыў, што новае выданне заснавана на базе «Тлумачальнага слоўніка беларускай літаратурнай мовы» (2005 г.) пад рэдакцыяй М.Р. Судніка і М.Н. Крыўко. Разам з тым яно працягвае і развівае традыцыі айчыннай лексікаграфіі і арыентавана на адлюстраванне сучаснага стану лексікі і фразеалогіі беларускай літаратурнай мовы, а значыць – і тых працэсаў, якія дэманструюць дынаміку развіцця сучаснага беларускага лексікону. За апошнія дзесяцігоддзі ў сувязі са зменамі ў палітычным, эканамічным і культурным жыцці краіны слоўнікавы склад беларускай мовы значна папоўніўся новымі словамі, якія пакуль што не былі зафіксаваны і прафесійна ацэнены. Некаторыя словы набылі новыя, актуальныя ў сучаснай беларускай мове значэнні, якія да гэтага часу не адзначаліся ў аднатомным тлумачальным слоўніку. Адбылося вяртанне значнай колькасці лексічных адзінак, якія яшчэ нядаўна знаходзіліся на перыферыі лексічнай сістэмы, з’явіліся шматлікія запазычанні, галоўным чынам англа-амерыканізмы, што абумоўлена працэсамі сусветнай глабалізацыі ў розных сферах жыцця.
Выступ І.Л. Капылова, дырэктара Істытута мовазнаўства
Станоўчы эмацыянальны водгук у прысутных выклікалі словы А.М. Анісім, якая яшчэ ў мінулым годзе працавала ў аддзеле лексікалогіі і лексікаграфіі, дзе рыхтавалася новае выданне слоўніка. “Слоўнік ствараўся на маіх вачах, – сказала дэпутат. – Людзі адчувалі адказнасць за працу, за вынікі. Гэтым абумоўлены высокі навуковы ўзровень працы, што прэзентуецца сёння”.
Выступ Анісім А., дэпутата Палаты прадстаўнікоў
Звяртаючы ўвагу на практычны бок выдання, У.У. Андрыевіч адзначыў, што падобныя выданні асабліва карысныя для моладзі. Па назіраннях дырэктара выдавецтва, цікавасць да беларускай мовы, жаданне размаўляць на ёй выявілася на ХХІV Міжнародным кніжным кірмашы, што сёлета праходзіў у Мінску: “Людзі, што нарадзіліся і выраслі ў незалежнай Беларусі, ведаюць мову. Таму новае выданне Тлумачальнага слоўніка беларускай літаратурнай мовы зроблена не толькі для вузкай аўдыторыі, а для ўсіх”.
Некаторыя асаблівасці творчай працы рэдакцыйна-выдавецкага калектыву раскрыла ў сваім паведамленні Л.У. Языковіч: “Група рэдактараў, што працавала над новым выданнем слоўніка змянялася. Але ў калектыва застаўся неацэнны вопыт працы, і наша выдавецтва заўсёды гатовае да супрацоўніцтва з НАН Беларусі”.
І.В. Саверчанка вобразна назваў Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа “моўнай акадэміяй” сучаснасці і падкрэсліў вялікі ўклад кіраўніцтва НАН Беларусі і Аддзялення гуманітарныхь навук і мастацтваў у ажыццяўленне творчых і даследчых навуковых праектаў. Таксама вучоны звярнуў увагу ўдзельнікаў прэзентацыі на тое, што наспела вострая патрэба ў стварэнні акадэмічнага слоўніка сінонімаў, які знойдзе шырокае выкарыстанне ў асяроддзі пісьменнікаў і літаратуразнаўцаў.
Высокую ацэнку працы акадэмічных вучоных далі загадчыкі кафедраў вышэйшых навучальных устаноў і іншыя выступоўцы, што палічылі неабходным наведаць у гэты дзень утульную залу акадэмічнай бібліятэкі.