6 снежня ў Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа адбыўся круглы стол «Пётр Апанасавіч Бузук і набыткі нацыянальнай лінгвагеаграфіі», прысвечаны 130-годдзю з дня нараджэння заснавальніка беларускай лінгвагеаграфіі Пятра Апанасавіча Бузука і 100-годдзю Інстытута беларускай культуры, з якім была звязана навукова-даследчая і арганізацыйная дзейнасць таленавітага моваведа.
Пётр Апанасавіч Бузук У час правядзення круглага стала
Імпрэзу варта лічыць гістарычнай з улікам некалькіх акалічнасцей. Па-першае, апошняе навуковае мерапрыемства, прысвечанае пачынальніку новых навуковых напрамкаў у беларускім мовазнаўстве, адбылося ў 1991 г. У гэты год адзначаўся стагадовы юбілей таленавітага лінгвіста. Якраз юбілею яркай постаці 20-х – пачатку 30-х гадоў 20 стагоддзя была прысвечана спецыяльная навуковая канферэнцыя, якая прайшла ў акадэмічным інстытуце мовазнаўства. Адметнаы круглы стол і наступным: уласнымі ўспамінамі пра жыццё і лёс сям’і Бузукоў падзялілася з прысутнымі Кацярына Віктараўна Шашыйташвілі – унучка Пятра Апанасавіча.
Выступае ўнучка Пятра Апанасавіча Бузука Кацярына Віктараўна Шашыйташвілі
На круглым стале адбылася яшчэ адна прыемная нечаканасць:
Выступае Зміцер Крымоўскі
пра новую лінгвістычную знаходку – рукапіс рэцэнзіі П. А. Бузука – распавёў удзельнікам Зміцер Крымоўскі, гісторык, апантаны шукальнік архіўных беларускамоўных рукапісаў ХІХ–ХХ стст.
Выступае Сяргей Мікалаевіч Запрудскі
Шмат цікавай і сапраўды новай інфармацыі пра навукова-даследчую працу П. А. Бузука ў прамежку паміж 1928–1934 гг., яго кантакты з прадстаўнікамі еўрапейскай лінгвістычнай эліты, а таксама пра погляды славіста на мараўскую тэорыю, яе ацэнкі і месца ў пазнанні мовы расказаў прысутным С. М. Запрудскі, дацэнт кафедры беларускага мовазнаўства філалагічнага факультэта БДУ.
Нарэшце, пра свае скарбы з фондаў аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі, у якіх захоўваюцца і выданні П. А. Бузука, паведаміла ўдзельнікам круглага стала загадчык сектара абслугоўвання чытальнай залы аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў Н. М. Слука.
Выступае Надзея Міхайлаўна Слука
«Пётр Апанасавіч Бузук і набыткі нацыянальнай лінгвагеаграфіі» – навуковае мерапрыемства, якое падрыхтавалі і правялі супрацоўнікі аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі, той структурнай адзінкі Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры, якая непасрэдна працягнула лінгвагеаграфічны напрамак даследаванняў беларускіх гаворак, ініцыяваны П. А. Бузуком. Сёння аддзелу ёсць чым ганарыцца. Сярод яго фундаментальных прац некалькі лінгвагеаграфічных атласаў, добра вядомых не толькі спецыялістам, даследчыкам розных галін гуманітарыстыкі, але і аматарам, і прыхільнікам роднай мовы. Гэта «Дыялекталагічны атлас роднай мовы» (1963), «Лексічны атлас беларускіх народных гаворак: у 5 тамах» (1993–1998), адзін з падрыхтаваных у Інстытуце мовазнаўства тамоў «Агульнаславянскага лінгвістычнага атласа. Серыя лексіка-словаўтваральная», а таксама мноства карт, якія складалі і сёння складаюць для розных выпускаў лексіка-словаўтваральнай серыі атласа супрацоўнікі аддзела. Нарэшце, гэта і «Лінгвістычны атлас Еўропы», удзел у стварэнні якога некаторы час прымалі інстытуцкія дыялектолагі.
ДАБМ – першая фундаментальная лінгвагеаграфічная праца, за якую найбольш актыўная частка аўтарскага калектыву ўпершыню ў гісторыі савецкага мовазнаўства атрымала Дзяржаўную прэмію СССР (1971)
ЛАБНГ – фундаментальнае лінгвагеаграфічнае даследаванне па вывучэнні лексікі беларускіх гаворак, шэсць стваральнікаў якога, супрацоўнікі аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі, у 2000 г. сталі лаўрэатамі Дзяржаўнай прэміі РБ
АЛА. Серыя лексіка-словаўтваральная. Выпуск 3, адказнымі рэдактарамі якога з’яўляліся дыялектолагі А. А. Крывіцкі і Л. П. Кунцэвіч, а галоўным рэдактарам тома быў А. І. Падлужны
Рэгіянальныя мікраатласы Палесся, у стварэнні якіх бралі ўдзел супрацоўнікі аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі
Разуменне навукоўцамі, сённяшнімі супрацоўнікамі аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі, важнасці такіх даследаванняў прымусіла іх падумаць, як можна выкарыстоўваць наяўныя крыніцы матэрыялаў для паглыблення ведаў пра беларускую мову, гісторыю яе складвання і геаграфічнага размеркавання моўных сродкаў. У выніку быў распрацаваны праект інтэрпрэтацыйнага або тлумачальнага атласа мясцовай назватворчасці ў гаворках Беларусі. Гэта надзвычай цікавая і перспектыўная праца, якая дазволіць адказаць на шматлікія практычныя пытанні, што ўзнікаюць пры знаёмстве з народным словам, яго вытокамі і месцам сярод фармальна і семантычна тоесных адзінак ці граматычных разрадаў слоў.
Вынікі зробленага ў галіне нацыянальнай лінгвагеаграфіі сведчаць, што закладзеныя П. А. Бузуком лінгвагеаграфічныя і метадалагічныя асновы вывучэння структурных асаблівасцей мовы і іх арэальнай лакалізацыі аказаліся плённымі, дзякуючы традыцыям і пераемнасці, што існавалі паміж рознымі пакаленнямі дыялектолагаў.
Такім чынам, Пётр Апанасавіч Бузук увайшоў у гісторыю нацыянальнай лінгвістыкі як даследчык, ініцыятар і пачынальнік новага напрамку вывучэння дыялектнай мовы, які атрымаў назву лінгвагеаграфічны. Ён стваральнік лінгвагеаграфічнага атласа «Спроба лінгвістычнае геаграфіі Беларусі. Ч. 1. Фанетыка і марфалогія. Вып. 1-ы. Гаворкі цэнтральнае і ўсходняе Беларусі і суседніх мясцовасцей Украіны і Вялікарасіі ў першай чвэрці ХХ в.» (1928). Лінгвагеаграфічны атлас, створаны П. А. Бузуком, быў не толькі першым узорам такой працы ва ўсходнеславянскім мовазнаўстве, ён стаў па сутнасці першым лінгваатласам у Славіі, калі прымаць да ведама колькасць лінгвістычных карт (20), на якіх паказаны арэалы фанетычных і марфалагічных асаблівасцей, характэрных для мясцовых гаворак беларускай мовы ўсходняй часткі Беларусі і па-за яе межамі, іх змест, а таксама інфармацыйны дадатак — каментарыі да карт. Да таго ж ён складаўся да аснове спецыяльна падрыхтаванай для вывучэння гаворак «Праграмы для збірання асаблівасцей беларускіх гаворак і гаворак, пераходных да суседніх моваў». Сабраныя паводле яе звесткі выкарыстоўваліся ў наступным пры напісанні рукапісу выдання і ў шматлікіх артыкулах.
П. А. Бузук быў не толькі навукоўцам, які склаў першы лінгвагеаграфічны атлас, ён непасрэдна займаўся тэарэтычнымі і метадалагічнымі праблемамі лінгвагеаграфіі. Арыгінальнымі і цікавымі, навукова значнымі і шмат у чым інавацыйнымі з’яўляюцца яго метадалагічныя распрацоўкі. Найперш П. А. Бузук прапаноўваў наносіць на карты як прадмет лінгвагеаграфічнага адлюстравання не сродкі маўлення, а моўныя асаблівасці, або з’явы мовы. Такі спосаб нанясення картаграфуемага матэрыялу дазваляў больш рацыянальна падыходзіць да ўстанаўлення прасторавых адносін паміж гаворкамі. Заўважым у звязку са сказаным: менавіта гэты, ініцыяваны П. А. Бузуком метадалагічны падыход, стаў пазней адным з характэрных падыходаў для аналітычнай усходнеславянскай лінгвагеаграфіі. Яшчэ адным адметным метадалагічным прынцыпам лінгвагеаграфіі была яго прапанова вывучаць арэалы моўных з’яў. Арэальнае вывучэнне моўных з’яў дазваляла ўбачыць спецыфіку тэрытарыяльнай праекцыі моўнай сістэмы, прааналізаваць асаблівасці сумяшчэння і ўзаемаадносін картаграфуемых з’яў асобных дыялектаў ці мовы наогул. Цікавым з навуковага погляду з’яўляецца і тое, што прэзентуючы матэрыялы, якія збіраліся толькі ў спецыяльна вызначаных апорнай сеткай населеных пунктах, паколькі праводзілася лінгвагеаграфічнае вывучэнне моўнай прасторы, П. А. Бузук спалучаў іх са звесткамі дыялекталагічных апісанняў.
Многія тэарэтычныя праблемы лінгвістычнай геаграфіі даследчык адлюстраваў у сваім дакладзе «Лінгвістычная геаграфія як дапаможны метад пры вывучэнні гісторыі мовы». З гэтым дакладам ён выступіў на першым з’ездзе (ці кангрэсе, як называў гэта міжнароднае мерапрыемства асабіста даследчык, і ў наступным назву паўтарылі ў некаторых публікацыях) славістаў у Празе ў 1929 г. Дарэчы, тут, у Празе, П. А. Бузук быў адзіным дэлегатам ад СССР. Гэта акалічнасць указвае, што імя даследчыка, яго працы былі вядомы ў тагачасных мовазнаўчых колах еўрапейскіх лінгвістаў. Цікава, што пасля славістычнага з’езда беларускі лінгвагеограф падтрымліваў кантакты з прафесарам Страсбургскага ўніверсітэта Л. Тэньерам. Пра гэта паведамляе сам Пётр Апанасавіч у пісьме, адрасаваным ў «Лингвистическую подсекцию Комакадемии» ад 14.03.1931. З Л. Тэньерам ён ліставаўся двойчы.
Першы міжнародны з’езд славянскіх філолагаў у гісторыю славістычнай навукі ўвайшоў як мерапрыемства, на якім Л. Тэньер выступіў з ідэяй стварэння агульнаславянскага лінгвістычнага атласа (АЛА). Для рэалізацыі задумы была абрана адпаведная арганізацыйная камісія. Разам з А. Мее і Л. Тэньерам (Францыя), О. Гуерам (Чэхія), К. Нічам (Польшча), А. Белічам (Сербія) у яе увайшоў П. А. Бузук. На вучонага ўскладвалася вырашэнне ў перспектыве арганізацыйных і іншых пытанняў па разгортванні даследаванняў ва ўсходняй частцы Славіі. Для гэтых мэт неабходна было стварыць спецыяльны орган, нешта, як казаў П. А. Бузук, тыпу «Усесаюзнага Камітэта», у якім ён бы выконваў ролю каардынатара. Дазволу на яго стварэнне ад навуковых устаноў СССР даследчык не атрымаў. Таму праца беларускага лінгвагеографа, прадстаўніка арганізацыйнай камісіі па стварэнні агульнаславянскага атласа, не мела нейкіх істотных вынікаў. Зрэшты, як і ўсёй першай камісіі АЛА. Для гісторыі нацыянальнага мовазнаўства важным з’яўляецца сам факт уваходжання ў яе П. А. Бузука.
П. А. Бузук у гісторыі беларускага мовазнаўства вядомы і як пачынальнік даследаванняў па вывучэнні мовы твораў пісьменнікаў. Ён аналізаваў літаратурную мову твораў Якуба Коласа, Цішкі Гартнага, многіх маладнякоўцаў, аб чым сведчаць некаторыя з яго публікацый: «Мова і правапіс твораў Якуба Коласа», «Мова і правапіс Цішкі Гартнага», «Увагі аб мове і стылю маладнякоўцаў» і інш.
З іменем П. А. Бузука ў нацыянальнай лінгвістыцы звязаны таксама і інтэнсіўныя палявыя даследаванні па вывучэнні моўных асаблівасцей беларускіх народных гаворак. Іх правядзеннем займалася спачатку Фальклорна-дыялекталагічная камісія (1926–1927 гг.), якая ў хуткім часе была падзелена на Фальклорную і Дыялекталагічную. Дыялекталагічную камісію з 1927 г. узначальваў П. А. Бузук. Якраз з дзейнасці Камісіі пачынае стварацца нацыянальная дыялекталогія як асобная галіна беларускага мовазнаўства. У гэты час праводзяцца актыўныя дыялекталагічныя даследаванні. Іх асноўнымі арганізатарамі і ініцыятарамі былі Пятро Апанасавіч Бузук і Павел Андрэевіч Растаргуеў. Асабліва плённай і мэтанакіраванай была навукова-даследчая дзейнасць Пятра Бузука. Па-першае, праз сетку карэспандэнтаў было арганізавана збіранне матэрыялаў аб жывых беларускіх гаворках. Для дасягнення прадуктыўнасці ў працы была складзена, як адзначалася вышэй, «Праграма для збірання асаблівасцей беларускіх гаворак і гаворак, пераходных да суседніх моваў» пад рэдактарствам С. Некрашэвіча і П. Бузука. Па-другое, П. А. Бузук і іншыя члены Дыялекталагічнай камісіі асабіста выязджалі на даследаванні беларуска-рускага і беларуска-ўкраінскага сумежжа, а таксама ў цэнтральныя рэгіёны Беларусі. Па вынікіх экспедыцый лінгвістам былі надрукаваны адпаведныя публікацыі: «Да характарыстыкі цэнтральных беларускіх дыялектаў. Гутаркі Асіповіцкага раёна», «Да характарыстыкі дыялектаў паўднёвабеларускіх і пераходных да ўкраінскіх» і інш. Палявое вывучэнне гаворак беларускай мовы і вынікі іх даследавання былі падпарадкаваны ў той час галоўнай задачы – стварэнню «дыялекталагічнай карты моўных з’яў беларускіх і суседніх гаворак». Але гэта задача ўвасобілася ў стварэнне не карты, а карт лінгвагеаграфічнага атласа беларускай мовы.
Такім чынам, з дзейнасцю Пятра Апанасавіча Бузука ў беларускім мовазнаўстве звязана некалькі напрамкаў навукова-даследчай працы, надзвычай плённай і разнастайнай. Ён займаўся не толькі дыялекталагічнай праблематыкай, хоць гэта была надзвычай важная частка яго навуковых інтарэсаў, але і гісторыяй стараславянскай мовы, генезісам і складваннем асобных славянскіх моў і моўных груп, даследаваў узаемаадносіны беларускай і ўкраінскай моў, працаваў над пытаннямі пісьма і арфаграфіі, займаўся іншымі мовазнаўчымі праблемамі. Зрэшты, не толькі мовазнаўчымі. У аналах нацыянальнай культуры яго ведаюць як гісторыка і крытыка беларускай і ўкраінскай літаратуры, як беларускага пісьменніка і паэта.
У Інстытуце беларускай культуры Пётр Апанасавіч Бузук прапрацаваў толькі 8 (!) гадоў. Між тым, як сведчаць падлікі розных даследчыкаў, за такі маленькі тэрмін ён напісаў 50 навуковых даследаванняў лінгвістычнай і літаратуразнаўчай праблематыкі. Часам у некаторых крыніцах называецца лічба 60. Абедзве лічбы ўражваюць: наколькі інтэнсіўнай была яго праца!
У лістападзе 1925 г. па запрашэнні прафесара У. Пічэты, рэктара Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, таленавіты лінгвіст пачаў працаваць у БДУ на пасадзе прафесара мовазнаўства і загадчыка кафедры. Аднак, матэрыялы перапіскі С. М. Некрашэвіча з Я. Ф. Карскім паказваюць, што запрашэнне пераехаць у Беларусь з Адэсы рабілі маладому доктару навук і Я. Ф. Карскі, і С. М. Некрашэвіч. З 1926 г. мовазнавец пачынае сваю арганізацыйную і навукова-даследчую дзейнасць у Інбелкульце, як ужо ўказвалася, на пасадзе старшыні Фальклорна-дыялекталагічнай камісіі. На працягу 1927–1930 гг., паводле архіўных дакументаў, ён быў старшынёй Дыялекталагічнай камісіі. 2 лістапада 1929 г. прызначаны вучоным сакратаром Інстытута мовазнаўства, з красавіка 1931 г. па чэрвень 1934 г. П. А. Бузук займаў пасаду дырэктара Інстытута мовазнаўства. Вось такія асноўныя біяграфічныя вехі навуковай, арганізацыйнай і творчай дзейнасці П. А. Бузука з моманту прыезду ў Беларусь. Бясспрэчна, гэта была вельмі адметная постаць у беларускім мовазнаўстве ў 20-я – пачатку 30-х гадоў 20 стагоддзя, але сталінскія рэпрэсіі спынілі працу, абарвалі мары аб задуманых навукова-даследчых праектах. 6 жніўня 1930 г. Пётр Апанасавіч быў арыштаваны ўпершыню Дзяржаўным палітычным упраўленнем Беларускай ССР па справе «Саюза вызвалення Беларусі», аднак літаральна праз месяц, 5 верасня яго вызвалілі. У 1931 г. ён, як адлюстраваў гэту падзею ў асабовым лістку па ўліку кадраў, «праходзіў чыстку дзяржапарату ў БАН» (Беларускай акадэміі навук), па выніках якой атрымаў выгавар. Досыць часта ў розных крыніцах указваецца, што ў гэтым годзе П. А. Бузук быў арыштаваны. Гэта не пацвярджаецца інфармацыяй з органаў КДБ Беларусі, дасланай сваякам Пятра Апанасавіча. Наступны арышт адбыўся 13 лютага 1934 г. Па прыгаворы тройкі лінгвіст быў арыштаваны як член контррэвалюцыйнай нацыянал-фашысцкай арганізацыі. 3 красавіка 1934 г. даследчыка выслалі з Беларусі ў Волагду тэрмінам на тры гады. Тут, у Волагдзе, П. А. Бузук працуе спачатку бібліятэкарам, потым прафесарам кафедры мовы і літаратуры Валагодскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута. Ён чытаў лекцыі па агульным мовазнаўстве, стараславянскай мове, дыялекталогіі, граматыцы, лексіцы і нямецкай мове і адначасова займаўся навуковай дзейнасцю, выступіў з дакладамі «Скрещивание севернорусских идиом с изящными языками», «Борьба за культуру речи в условиях северного края», «Философия нации и фашизм» і інш.
Пётр Апанасавіч Бузук у час арышту ў Волагдзе
Драматызм сітуацыі заключаўся ў тым, што прафесар, доктар Пётр Бузук адбыў ссылку і пасля 13 лютага 1937 г. мог вяртацца ў Беларусь, аднак ён застаўся ў Волагдзе, каб закончыць навучальны год са студэнтамі. 15 ліпеня 1937 г. даследчык быў арыштаваны, а на наступны дзень вызвалены ад працы. Яго чакаў жорсткі прысуд. 7 снежня 1937 г. рашэннем тройкі Упраўлення НКУС па Валагодскай вобласці Пётр Апанасавіч быў прыгавораны да расстрэлу. 7 лютага 1938 г. яго расстралялі.
Гэтыя падрабязнасці з лёсу яркай постаці ў гісторыі беларускага мовазнаўства Пятра Апанасавіча Бузука прыводзяцца з адной мэтай, каб спыніць блытаніну і недакладнасці ў асвятленні яго жыццёвых перыпетый.
Надзвычай мала пажыў гэты неверагодна працавіты і таленавіты лінгвіст. Ён нарадзіўся 2 ліпеня 1891 г. у сяле Шарпены Бесарабскай губерні (цяпер Бендэрскі раён Малдовы). Менавіта такія, а не іншыя звесткі падаюцца ў адказе КДБ БССР ад 11.11.1990 № Б-1404 на запыт прадстаўнікоў сям’і Бузукоў, і гэтыя дадзеныя спраўджваюць матэрыялы Дзяржаўнага архіва Адэскай вобласці. У энцыклапедычных і іншых даведніках звесткі пра гады жыцця Пятра Апанасавіча Бузука супярэчлівыя. Відаць, прыйшоў час, каб інфармацыя, датычная некаторых біяграфічных момантаў з жыцця гэтага мовазнаўцы, стала адзінай і цалкам аб’ектыўнай.
Пётр Апанасавіч Бузук прыехаў у Беларусь дзеля выкладчыцкай працы і актыўнай навукова-даследчай дзейнасці. Беларусь стала для яго другой радзімай. Шмат адметных прац у галіне славістыкі пакінуў нам у спадчыну вучоны-паліглот, які ведаў 20 моў, але працаваў дзеля беларускай мовы, беларускай культуры, дзеля Беларусі. Яго ўклад як лінгвіста-тэарэтыка ў нацыянальнае мовазнаўства надзвычай важны і багаты. Задача сучаснай беларускай мовазнаўчай эліты – надрукаваць працы таленавітага даследчыка, каб з імі мог пазнаёміцца кожны, хто жадае ведаць, як складвалася і развівалася нацыянальнае мовазнаўства ў 20-я – на пачатку 30-х гадоў 20 стагоддзя.
В. М. Курцова