Беларуска-азербайджанскія навуковыя сувязі: фізіка і лірыка

Дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Ігар Капылоў, Прэзідэнт Нацыянальнай акадэміі навук Азербайджана акадэмік Акіф Алізадэ, дырэктар Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Іван Саверчанка, віцэ-прэзідэнт Нацыянальнай акадэміі навук Азербайджана, старшыня Камітэта па навуцы і адукацыі Мілі Меджліса акадэмік Іса Габібейлі

Кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь і Азербайджанскай Рэспублікі надае вялікае значэнне развіццю двухбаковых палітычных, эканамічных, культурных і навуковых сувязей паміж нашымі краінамі. Сведчаннем гэтага з’яўляюцца візіты дзяржаўных дзеячаў, прадстаўнікоў дзелавых колаў і навуковай грамадскасці, а таксама рэалізацыя сумесных інвестыцыйных і гуманітарных праектаў. У рамках дамовы аб супрацоўніцтве паміж Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі і Нацыянальнай акадэміяй навук Азербайджана дырэктар Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Іван Саверчанка і дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Ігар Капылоў у перыяд з 14 па 18 лістапада прынялі ўдзел у Міжнародным навуковым семінары “Фізіка і лірыка: сусветны вопыт і рэальнасці навукі і літаратуры краін Садружнасці”, арганізаваным Нацыянальнай акадэміяй навук Азербайджана сумесна з Міждзяржаўным фондам гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў-удзельніц СНД і Аб’яднанага інстытута ядзерных даследаванняў (Расія). Мэта семінара: даць навуковую ацэнку ролі літаратуры і навукі ў пазнанні свету.  Праблема гэта не новая: яшчэ ў 60-я гады XX стагоддзя ў СССР была разгорнута бурная дыскусія аб месцы і ролі тэхнічных і гуманітарных навук у грамадстве. Прадстаўнікі старэйшага пакалення вучоных добра памятаюць радкі верша “Фізікі і лірыкі” паэта Барыса Слуцкага “Что-то физики в почете, Что-то лирики в загоне. Дело не в сухом расчете, Дело в мировом законе”. Праблемы ўзаемасувязі навукі, мастацтва і літаратуры працягваюць цікавіць вучоных і на сучасным этапе, пра што сведчылі даклады ўдзельнікаў семінара: “Фізіка і лірыка: погляд фізіка” (Назім Мамедаў, акадэмік-сакратар Аддзялення фізіка-матэматычных навук НАНА, дырэктар Інстытута фізікі, акадэмік), “Сінергетычныя мадэлі пабудовы навуковай гісторыі літаратуры” (Вадзім Палонскі, дырэктар Інстытута сусветнай літаратуры імя М.Горкага РАН), “Роля навуковага інтэлекту ў мастацкай творчасці: мастацкае разуменне і інтэрпрэтацыя жыцця і чалавека” (Самед Сеідаў, дырэктар Цэнтра палітычнай псіхалогіі), “Навуковы дыскурс у мастацкай літаратуры” (Данія Загідуліна, віцэ-прэзідэнт Акадэміі навук Рэспублікі Татарстан, акадэмік), “Навукова-сацыяльная проза грузінскіх шасцідзясятнікаў” (Мака Элбакідзэ, намеснік дырэктара Інстытута грузінскай літаратуры імя Шата Руставелі), “Астранамічныя матывы ў азербайджанскай літаратуры” (Наміг Джалілаў, дырэктар Шамахінскай астрафізічнай абсерваторыі)  і інш.

Дырэктар Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Іван Саверчанка выступіў з дакладам “Паэтычныя эксперыменты беларускіх вучоных”, у якім прааналізаваў ідэйна-тэматычны змест твораў Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі акадэміка У.Р. Гусакова, першага намесніка генеральнага дырэктара па навуковай рабоце РУП “Навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па жывёлагадоўлі” акадэміка І.П. Шайко, вызначыў іх уклад у беларускую паэтычную культуру. Даследчык зрабіў выснову, што вершаваныя эксперыменты беларускіх вучоных па майстэрстве і мастацкім узроўні набліжаюцца да прафесійнай паэзіі. Больш за тое, яны істотна пашыраюць ідэйна-тэматычныя гарызонты сучаснай беларускай паэтычнай культуры.

Дырэктар Інстытута мовазнаўства  імя Якуба Коласа Ігар Капылоў у сваім дакладзе “Роля фізікі і месца лірыкі ў акадэмічных лінгвістычных даследаваннях: беларускі вопыт”  расказаў аб выкарыстанні распрацовак прадстаўнікоў фізіка-тэхнічных навук і інфарматыкі ў правядзенні  мовазнаўчых даследаванняў і стандартызацыі беларускай навукова-тэхнічнай тэрміналогіі”. У прыватнасці, дакладчык адзначыў ролю распрацовак фізікаў пры падрыхтоўцы работ, прысвечаных праблемам фаналагічнай і фанетычнай сістэмы беларускай мовы: выкарыстанне гукааналізуючай апаратуры дазволіла вывучыць фанемны склад беларускай мовы і разгледзець асаблівасці ўтварэння галосных і зычных гукаў, механізм функцыянавання гукаў, якія не паддаюцца непасрэднаму назіранню. Ігар Капылоў расказаў замежным калегам аб укладзе беларускіх вучоных у рэалізацыю праграмы даследаванняў у галіне штучнага інтэлекту, звязаную з гіпотэзай магчымасці пабудовы так званага семантычнага кода. Асаблівую ўвагу дакладчык звярнуў на сучасныя распрацоўкі ў галіне корпуснай лінгвістыкі, якая ў сусветным мовазнаўстве з’яўляецца агульнапрызнаным спосабам кантрастыўных даследаванняў моўнай структуры, лексічнай семантыкі і граматыкі. Цікавасць у аўдыторыі выклікала прэзентацыя, прысвечаная вынікам супрацоўніцтва вучоных-гуманітарыяў з прадстаўнікамі фізіка-тэхнічных навук у галіне стандартызацыі нацыянальнай тэрміналогіі і падрыхтоўцы перакладных тэрміналагічных слоўнікаў.

Напярэдадні семінара прайшлі ўрачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя 85-годдзю Інстытута літаратуры імя Нізамі Гянджаві НАНА. На сённяшні дзень Інстытут літаратуры імя Нізамі Гянджаві з’яўляецца галоўным літаратуразнаўчым цэнтрам краіны, яго асноўныя аб’екты і напрамкі дзейнасці: вусная народная творчасць, пісьмовыя помнікі, нізамізнаўства, фізулізнаўства, азербайджанская літаратура XX стагоддзя і перыяду незалежнасці, тэорыя літаратуры, літаратура цюркскіх народаў, гісторыя друку і публіцыстыкі, азербайджанская эмігранцкая літаратура. У структуру Інстытута ўваходзяць 15 аддзелаў і сектараў, у якіх працуе 251 высокакваліфікаваны спецыяліст.

У рамках семінара адбылася сустрэча з Прэзідэнтам НАНА Азербайджана акадэмікам Акіфам Алізадэ, віцэ-прэзідэнтам НАНА, старшынёй Камітэта па навуцы і адукацыі Мілі Меджліса Азербайджанскай Рэспублікі акадэмікам Ісой Габібейлі, кіраўніцтвам Аддзялення гуманітарных навук НАНА. Акрамя таго, прадстаўнікі НАН Беларусі правялі шэраг сустрэч з дырэктарамі інстытутаў мовы і літаратуры Грузіі, Татарстана, Манголіі, Расіі, Казахстана і абмяняліся вопытам і інфармацыяй аб выніках літаратуразнаўчых і мовазнаўчых даследаванняў.

Такія сустрэчы маюць вялікае значэнне ў плане пашырэння міжнародных навуковых сувязей і міжкультурнай камунікацыі. Беларуска-азербайджанскае супрацоўніцтва ў галіне мовазнаўства і літаратуразнаўства мае далейшыя перспектывы. Яшчэ ў 30-я гады XX стагоддзя азербайджанскія даследчыкі Александровіч-Насыфі, Самайловіч А. займаліся кітабістыкай. Гэты напрамак сёння актыўна развіваецца ў Інстытуце мовазнаўства. Захаваліся сотні рукапісаў беларускіх татараў XVII – XX стст., якія акрамя славянскіх і арабскіх тэкстаў, змяшчаюць тэксты на цюркскай мове. Ёсць падставы для выканання сумеснага праекта па выданні рукапіснага перакладу Карана (XVII ст., суры 2 – 18) на цюркскую мову, які захоўваецца ў фондах Беларусі. Патрабуе даследавання дзейнасць нашага суайчынніка, генерала Мацея Сулькевіча, ураджэнца Воранаўскага раёна Гродзенскай вобласці, начальніка Генеральнага штаба азербайджанскай арміі ў 1919 годзе. Мае шырокія перспектывы працяг працы па перакладзе мастацкіх твораў з азербайджанскай мовы на беларускую і з беларускай мовы на азербайджанскую, што ў сваю чаргу паслужыць базай для стварэння электронных паралельных беларуска-азербайджанскага і азербайджанска-беларускага корпусаў.

Азербайджанскім бокам было выказана жаданне наведаць НАН Беларусі вучонымі-гуманітарыямі на чале з віцэ-прэзідэнтам НАНА акадэмікам Ісой Габібейлі. Гэта прапанова атрымала падтрымку Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі акадэміка У.Р. Гусакова.

 

Дырэктар Інстытута мовазнаўства  імя Якуба Коласа                                                              Ігар Капылоў

 

 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы