Aдбылася сустрэча настаўнікаў школ і гімназій Мінскай вобласці з беларускай мовай навучання з дырэкцыяй і супрацоўнікамі інстытута.

У рамках супрацоўніцтва паміж Мінскім абласным інстытутам развіцця адукацыі і Інстытутам мовазнаўства імя Якуба Коласа адбылася сустрэча настаўнікаў школ і гімназій Мінскай вобласці з беларускай мовай навучання з дырэкцыяй і супрацоўнікамі інстытута.

Падчас сустрэчы дырэктар І.Л. Капылоў пазнаёміў з гісторыяй Інстытута мовазнаўства, расказаў пра навуковыя тэмы, якія выконваюцца, а таксама пра перспектывы развіцця і новыя напрамкі навуковых даследаванняў. Ён узгадаў, што навуковая ўстанова пачыналася з працы спецыяльных камісій, адна з якіх (тэрміналагічная) дзейнічае і па сённяшні дзень на базе Інстытута мовазнаўства.

Пра дзейнасць Рэспубліканскай тэрміналагічнай камісіі пры НАН Беларусі распавяла яе вучоны сакратар Ірына Уладзіміраўна Кандраценя. У сваім выступленні яна акрэсліла асноўныя этапы і самыя значныя дасягненні ў працы камісіі і прэзентавала апошнія вынікі навуковых даследаванняў у сферы тэрміналогіі, прадстаўленыя ў выглядзе галіновых тэрміналагічных слоўнікаў.

Пытанням моўнай практыкі і навукова-метадычнага забеспячэння працэсу адукацыі было прысвечана выступленне акадэміка А.А. Лукашанца.

Настаўнікі змаглі не толькі атрымаць карысную і навукова абгрунтаваную інфармацыю ад спецыялістаў, але і выказаць уласныя меркаванні і прапановы. Канструктыўны дыялог паказаў, што некаторыя праблемныя пытанні ў сферы акадэмічнай мовазнаўчай навукі і школьнай адукацыі ўзаемазвязаны, таму паспяховасць іх рашэння залежыць у многім ад сумесных намаганняў настаўнікаў-практыкаў і навукоўцаў.

Завяршылася сустрэча наведваннем Музея старажытнабеларускай культуры, які дзейнічае пры Цэнтры даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі.

 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы