РОДНАЙ МОВЫ ГУКІ ЧАРОЎНЫЯ…

У гонар Міжнароднага дня роднай мовы 21 лютага 2024 г. у Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа прайшла Рэспубліканская дыктоўка па беларускай мове. Яе арганізатарамі традыцыйна выступілі Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа і канал «Культура» Беларускага радыё.

З прывітальным словам перад удзельнікамі выступіў дырэктар Інстытута мовазнаўста імя Якуба Коласа Ігар Лявонавіч Капылоў, які падкрэсліў, што ўжо традыцыйна 21 лютага ў нашай краіне, як і ва ўсім свеце, адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Яго галоўная мэта – захаванне моўнай і культурнай разнастайнасці, падтрымка нацыянальных моў і культур як унікальнай духоўнай спадчыны кожнага народа. Ігар Лявонавіч расказаў пра ролю Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і акадэмічных мовазнаўцаў у захаванні, развіцці і папулярызацыі беларускай мовы.  Ён з прыемнасцю адзначыў, што Рэспубліканская дыктоўка, якая ўжо чацвёрты год праводзіцца пад эгідай Нацыянальнай акадэміі навук, – цэнтральная падзея свята. У гэтым годзе тэкст для дыктоўкі пад назвай “Памяць і гонар” быў прымеркаваны да Міжнароднага дня роднай мовы, Года якасці і 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
 
 
 
 
 
Як і ў папярэднія гады, сёлетняе мерапрыемства аб’яднала аматараў роднага слова з розных куткоў Беларусі і замежжа. Людзі рознага ўзросту і рознай сферы дзейнасці далучыліся да напісання дыктоўкі, каб не толькі праверыць сваю моўную кампетэнцыю, але і адчуць прыгажосць і самабытнасць беларускага слова,  прадэманстраваць сваю павагу да роднай мовы і нацыянальнай культуры. Гэта школьнікі і студэнты розных навучальных устаноў краіны, настаўнікі і выхавацелі, юрысты, бібліятэкары, урачы, журналісты і навуковыя работнікі, асобы ў дэкрэтным водпуску і на заслужаным адпачынку. Ахапіць такую вялікую аўдыторыю ўдалося дзякуючы таму, што дыктоўка традыцыйна трансліравалася на YouTube-канале Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа, а таксама ў прамым эфіры на канале «Культура» Беларускага радыё.
У арганізатараў мерапрыемства атрымалася стварыць урачыстую, але  пры гэтым цёплую атмасферу, у якой беларускае слова гучала шчыра і мілагучна. Пасля напісання тэксту ўдзельнікам быў прапанаваны лінгвістычны каментарый, патлумачаны складаныя выпадкі напісання слоў і асноўныя пунктаграмы. Усе ўдзельнікі мерапрыемства атрымалі сертыфікаты, а тым, хто выдатна справіўся з дыктоўкай, І. Л. Капылоў уручыў памятныя падарункі.
Рэспубліканская дыктоўка шырока асвятлялася беларускімі СМІ – карэспандэнтамі каналаў дзяржаўнага тэлебачання і радыё, журналістамі рэспубліканскіх выданняў.
Арганізатары мерапрыемства віншуюць усіх удзельнікаў з Міжнародным днём роднай мовы і жадаюць, каб магутныя, пяшчотныя, шчырыя і дасціпныя беларускія словы сталі сапраўднай крыніцай натхнення ў жыцці кожнага, хто карыстаецца, шануе і ўзбагачае беларускую мову.
 
Т. Маракуліна
Фота А. Марунова, К. Расолька
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы