Семінар-практыкум па атрыбуцыі рукапісных, старадрукаваных і рэдкіх кніг

Вядучы навуковы супрацоўнік аддзела гісторыі беларускай мовы Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа, кандыдат філалагічных навук Э. В. Ярмоленка 18 снежня прыняла ўдзел у семінары-практыкуме “Атрыбуцыя рукапісных, старадрукаваных і рэдкіх кніг”, які прайшоў у бібліятэцы імя мітрапаліта Філарэта (Вахрамеева) Мінскай духоўнай акадэміі. Мерапрыемства праводзілася з мэтай рэалізацыі Праграмы супрацоўніцтва паміж Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь і Беларускай Праваслаўнай Царквой на 2024–2026 гг., а таксама ў рамках стварэння “Рэестра кніжных помнікаў Беларускага Экзархата Маскоўскага Патрыярхата”.

Э. В. Ярмоленка і сакратар Выдавецкага савета Беларускай праваслаўнай царквы Т. А. Самайлюк прадставілі даклад, прысвечаны атрыбуцыі рукапіснага Евангелля XV стагоддзя. Тамара Андрэеўна прааналізавала вадзяныя знакі паперы рукапісу, правяла іх атрыбуцыю па вядомых даведніках філіграняў Бірке (Парыж, 1907) і М. П. Ліхачова (Санкт-Пецярбург, 1899) для больш дакладнай даціроўкі рукапісу. Эльвіра Валер’еўна расказала аб асаблівасцях зводаў царкоўнаславянскай мовы і адзначыла рысы, якія дазваляюць аднесці даследаванае Евангелле да помнікаў сярэднебалгарскага зводу царкоўнаславянскай мовы.

У працяг сустрэчы супрацоўнікі навукова-даследчага аддзела кнігазнаўства Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі вядучы бібліёграф Г. В. Кірэева і загадчык сектара Т. В. Карнілава правялі практычныя заняткі па атрыбуцыі старадрукаваных кніг, а Т. А. Самайлюк падзялілася вопытам даследавання і апісання дэфектных рэдкіх выданняў.

Удзел у мерапрыемстве прынялі свяшчэннаслужыцелі, іканапісцы, супрацоўнікі царкоўных і свецкіх бібліятэк.

 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы