СВЕТЛАЙ ПАМЯЦІ ГЕНАДЗЯ АПАНАСАВІЧА… (30.10.1936 – 18.10.2024)

18 кастрычніка пайшоў з жыцця выбітны беларускі вучоны, беларусіст, славіст, балканіст, этымолаг, дыялектолаг, этналінгвіст – Генадзь Апанасавіч ЦЫХУН.

Цыхун Г.А. – доктар філалагічных навук (1983), прафесар (1996), Ганаровы член Македонскай акадэміі навук і мастацтваў, Ганаровы доктар Сафійскага ўніверсітэта, акадэмік Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі.

З 1958 г. Генадзь Апанасавіч працаваў у Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа, з 1962 г. – у аддзеле славістыкі і тэорыі мовы, з першага дня заснавання аддзела. З 1992 па 2007 г. быў яго загадчыкам.

Генадзь Апанасавіч быў адным з вядучых спецыялістаў у галіне беларускага і славянскага мовазнаўства. Асноўная сфера навуковых пошукаў даследчыка – беларуская лексіка ў яе сувязях з лексікай іншых славянскіх і неславянскіх моў, кірыла-мяфодзіеўская традыцыя ў Беларусі, арэальна-тыпалагічнае мовазнаўства, пытанні балканістыкі, даследаванне Палесся ў шырокім славістычным кантэксце, славянскія мовы ў сацыялінгвістычнай і сацыякультурнай перспектыве, гісторыя беларускай славістыкі, яе стан і дасягненні (штогадовыя бібліяграфічныя агляды ў міжнародных выданнях) і інш. Па ўсіх названых праблемах вучоным апублікаваны манаграфіі, брашуры (даклады на міжнародных з’ездах славістаў) і артыкулы ў айчынных і міжнародных выданнях (агульнай колькасцю звыш 350, з іх 5 манаграфій). Генадзь Апанасавіч з’яўляўся навуковым рэдактарам шасці тамоў “Этымалагічнага слоўніка”, “Польска-беларускага слоўніка”, “Лінгвістычнага мікраатласа Тураўшчыны” і іншых выданняў.

Вучоны быў вядомы далёка за межамі Беларусі, неаднаразова выступаў з дакладамі на міжнародных навуковых канферэнцыях і сімпозіумах, удзельнік многіх Міжнародных з’ездаў славістаў, у тым ліку ХІІ (Кракаў, 1998), ХІІІ (Любляна, 2003), ХІV (Охрыд, 2008), ХV (Мінск, 2013).

Высокі прафесіяналізм і шырокае кола навуковых інтарэсаў даследчыка былі высока ацэнены ў свеце. Генадзь Апанасавіч з’яўляўся членам рэдкалегій замежных навуковых выданняў: “Slavistica Vilnensis” (Літва), “Acta Baltico-Slavica”, “Acta Albaruthenica” (Варшава, Польшча), “Балканско езикознание” (Сафія, Балгарыя), “Балто-славянские исследования” (Масква, Расійская Федэрацыя), “Życie Tatarskie” (Рэспубліка Польшча, г. Беласток).

Генадзь Апанасавіч з’яўляўся ганаровым членам Прэзідыума Міжнароднага камітэта славістаў, членам пяці міжнародных камісій пры Міжнародным камітэце славістаў.

Сярод айчынных мовазнаўцаў і ў міжнародным навуковым славістычным асяроддзі Цыхун Г.А. заслужана карыстаўся вялікім аўтарытэтам і павагай, дзякуючы сваім навуковым ведам і чалавечым якасцям. Генадзь Апанасавіч быў надзвычай добразычлівым і сумленным чалавекам.

Сваю навуковую работу навуковец эфектыўна спалучаў з выкладчыцкай дзенасцю. Шмат гадоў працаваў у сістэме атэстацыі навуковых кадраў (вучоным сакратаром, членам саветаў па абароне дысертацый, членам экспертных саветаў ВАК). У свой час супрацоўнічаў з Беларускім дзяржаўным універсітэтам, дзе чытаў лекцыі, вёў спецкурсы і практычныя заняткі па славянскіх мовах.

Пад кіраўніцтвам Генадзя Апанасавіча падрыхтаваны і абаронены 5 кандыдацкіх дысертацый.

Генадзь Апанасавіч быў узнагароджаны Ганаровай граматай Прэзідыума Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь (1996), Ганаровай граматай Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь (1999). У 2003 годзе ўзнагароджаны ганаровым знакам Сафійскага ўніверсітэта. У 2009 годзе ўзнагароджаны нагрудным знакам “Юбілейны медаль “У гонар 80-годдзя Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі”, у 2016 г. – Ганаровай граматай Нацыянальнай акадэміі навук, у 2021 г. – Нагрудным знакам адрознення імя У.М. Ігнатоўскага Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Аддзел славістыкі і тэорыі мовы, Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа, у цэлым беларусістыка і славістыка панеслі вялізную страту з адыходам Генадзя Апанасавіча…

Нашыя спачуванні родным і блізкім Генадзя Апанасавіча..

Светлая памяць…

 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы