Міжнародная навуковая канферэнцыя «Сучасныя праблемы анамастыкі» (да 100-годдзя з дня нараджэння М. В. Бірылы)

13–14 верасня 2023 г. у Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа ДНУ «Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі» прайшла Міжнародная навуковая канферэнцыя «Сучасныя праблемы анамастыкі» (да 100-годдзя з дня нараджэння М. В. Бірылы). Арганізатарам мерапрыемства выступіў аддзел лексікалогіі і лексікаграфіі.

Гэтая профільная навуковая канферэнцыя стала другой па ліку і была прысвечана юбілейнай даце з дня нараджэння аднаго з самых буйных вучоных-лінгвістаў другой паловы ХХ стагоддзя, заснавальніка беларускай школы анамастыкі Мікалая Васільевіча Бірылы.

Канферэнцыя сабрала кола айчынных вучоных-анамастаў, вучняў і паслядоўнікаў М. В. Бірылы, прадстаўнікоў навуковых школ з Віцебска і Брэста, даследчыкаў з Гомеля, Мазыра і Мінска, а таксама іх калег з розных рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі (Варонеж, Кастрама, Смаленск, Эліста), Прыднястроўя (Ціраспаль) і Рэспублікі Узбекістан (Тэрмез).

Прывітальнае слова ўдзельнікам канферэнцыі даслаў дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа, старшыня Рэспубліканскай тапанімічнай камісіі пры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Капылоў Ігар Лявонавіч.

Пленарнае пасяджэнне адкрыла Г.М. Мезенка, ганаровы прафесар Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М. Машэрава, доктар філалагічных навук, якая агучыла праблемы даследавання і ўпарадкавання антрапаніміі беларускага Паазер’я і расказала аб розных напрамках дзейнасці ў межах Віцебскай анамастычнай школы. І.А. Гапоненка, прафесар кафедры беларускага мовазнаўства БДУ, доктар філалагічных навук, выступіла з дакладам «Унікальныя прозвішчы беларусаў як лінгвакультурэмы», у якім прааналізавала прозвішчы, што ўтрымліваюць інфармацыю аб страчаных або спецыфічных рэгіянальных рэаліях, міжнацыянальных кантактах, матэрыяльных і духоўных артэфактах беларусаў. Ролю сродкаў масавай камунікацыі ў працэсе захавання памяці пра геаграфічныя назвы, зніклыя з нацыянальнай тапанімічнай сістэмы, разгледзеў дацэнт кафедры сувязей з грамадскасцю, рэкламы і дызайну Варонежскага дзяржаўнага ўніверсітэта, кандыдат філалагічных навук С.А. Папоў. Зацікавіў удзельнікаў канферэнцыі даклад кандыдата гістарычных навук, дацэнта кафедры кадравай палітыкі і псіхалогіі кіравання Інстытута дзяржаўнай службы Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь В.М. Папко аб традыцыйных (на матэрыяле гістарычных крыніц) і сучасных (на падставе анкетавання) падыходах да выбару імён беларусаў. Т.М. Аліферчык, кандыдат філалагічных навук, загадчык аддзела славістыкі і тэорыі мовы Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа, закранула важнае пытанне ўпарадкавання беларускай анамастычнай тэрміналогіі.

Даследаванні вучоных працягваюць закладзеныя традыцыі і развіваюць далей такія напрамкі навукі аб уласным імені, як анамастычная тэрміналогія, анамастычная лексікаграфія, рэгіянальная анамастыка, гістарычная анамастыка, а атрыманыя імі вынікі паглыбляюць вывучэнне анамастыконаў і тапаніміконаў у лінгвакультуралагічных, камемаратыўных, тэксталагічных, этымалагічных, дэрывацыйных адносінах, пашыраюць і назапашваюць веды аб розных класах онімаў.

Падчас секцыйных пасяджэнняў (Секцыя 1. Актуальныя праблемы тапанімікі; Секцыя 2. Актуальныя праблемы антрапанімікі) атрымалі ўсебаковае асвятленне сучасныя пытанні анамастычнай навукі.

У дакладах, прысвечаных розным аспектам тапанімікі, былі ахоплены ўвагай пытанні арганізацыі онімнай прасторы сучаснага горада (аналіз тыпаў і відаў гадонімаў і эргонімаў, прынцыпы намінацыі і нарматыўна-прававы аспект функцыянавання назваў унутрыгарадскіх аб’ектаў, асацыятыўныя асаблівасці эргонімаў); перагляду і ўдасканалення тэрміналагічнага навуковага апарату; працэсу катэгарызацыі ў тапаніміі; устанаўлення семантыкі асноў страчаных назваў; збору, класіфікацыі і ўпарадкавання мікратапонімаў; укладання першых слоўнікаў айконімаў; ролі анамастыкі ў фарміраванні сацыякультурнай кампетэнцыі і інш.

У другой секцыі былі прадстаўлены даклады, у якіх даследаваліся пытанні фіксацыі ўласных імёнаў у тлумачальных слоўніках, вывучэння антрапанімікону асобных груп насельніцтва ў пэўныя гістарычныя эпохі. У значнай колькасці матэрыялаў раскрываліся асаблівасці анамастычнай прасторы публіцыстычнага і мастацкага тэкстаў: эрганімічная і антрапанімічная прастора Беларусі пачатку мінулага стагоддзя на старонках спецыялізаваных выданняў, антрапанімікон аўтарскага зборніка паэзіі, анамастыкон малых жанраў фальклору, тэонімы ў беларускай мастацкай літаратуры ХІХ стагоддзя, анамастычны код грамадзянскай лірыкі прыднястроўскай паэтэсы.

У выступленнях удзельнікаў канферэнцыі закраналіся пытанні набыткаў, сучаснага стану і перспектыў развіцця анамастычнай навукі ў нашай краіне, агучваліся праблемы супастаўляльных даследаванняў у галіне анамастыкі на матэрыяле славянскіх і неславянскіх моў, разглядаліся месца і роля анамастыкі сярод мовазнаўчых дысцыплін, акрэсліваўся выхад у плоскасць міждысцыплінарных даследаванняў.

Шырокая тэматыка і праблематыка дакладаў абумоўлена высокім узроўнем развіцця анамастыкі як спецыяльнай галіны ведаў, паспяховым функцыянаваннем нацыянальнай анамастычнай школы, прызнаннем атрыманых навуковых вынікаў на міжнароднай арэне.

У той жа час усе выступленні ўдзельнікаў суправаджаліся жывым абмеркаваннем узнятых праблем, сур’ёзнымі дыскусіямі і супольным пошукам адказаў на найбольш складаныя пытанні. Гэта сведчыць пра тое, што, нягледзячы на значныя дасягненні ў галіне беларускай анамастыкі, некаторыя пытанні яшчэ застаюцца не да канца вырашанымі, патрабуюць далейшага навуковага асэнсавання. Таму пры падвядзенні вынікаў канферэнцыі было агучана агульнае пажаданне і надалей праводзіць гэта навуковае мерапрыемства.

У рамках міжнароднай навуковай канферэнцыі была арганізавана выстава навуковых прац акадэміка М. В. Бірылы і праведзены Круглы стол «Мікалай Васільевіч Бірыла: шматграннасць асобы».

Анастасія Марозава,

навуковы супрацоўнік аддзела лексікалогіі і лексікаграфіі

 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы