4-га верасня ў рамках Дня беларускага пісьменства ў горадзе Капылі Інстытутам мовазнаўства імя Якуба Коласа была праведзена Рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя “Капыльскія чытанні – 2021”. У канферэнцыі прынялі ўдзел вядучыя вучоныя Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа, Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы, Інстытута гісторыі, Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы, а таксама выкладчыкі ВНУ краіны, прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі раёна. Падчас канферэнцыі было прачытана 18 навукова-папулярных дакладаў, тэматыка якіх была звязана непасрэдна з Капыльшчынай: мова (асаблівасці мясцовых гаворак, культурны кантэкст назваў вуліц Капыля, паходжанне назваў вёсак раёна, змест і мова беларуска-татарскіх рукапісаў з Капыля), літаратура (творчасць паэтаў і пісьменнікаў, ураджэнцаў Капыльшчыны), гісторыя (вынікі раскопак на Капыльшчыне, гістарычная тапаграфія Капыля ў 12 – 20 стст., Капыльскае княства і яго маёнткі ў 14 – 17 стст.), кульутра (капыльскі фальклор, народныя святы і інш.). Некалькі выступленнямў было прысвечана знакамітым капылянам: М.С. Высоцкаму, А.А. Кавалені, Л. Клейнбарту, М. Сфорыму і інш. Важнай асаблівасцю канферэнцыі стаў удзел у ёй з навуковымі дакладамі мясцовых настаўнікаў і вучняў.
Падчас канферэнцыі адбылося падвядзенне вынікаў конкурсу, прымеркаванага да Дня беларускага пісьменства, які праводзіўся НАН Беларусі і Капыльскім раённым выканаўчым камітэтам. За перамогу ў розных намінацыях (“Слова аб’ядноўвае людзей і краіны”, “Малая радзіма вялікіх людзей”, “Звонкае слова паэта - натхняе” і інш.) 27 вучняў устаноў адукацыі раёна былі адзначаны дыпломамі і ўзнгагароджаны кнігамі і памятнымі сувенірамі. Граматай і Падзякай Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў за захаванне, вывучэнне і папулярызацыю гісторыка-культурнай спадчыны былі ўзнагароджаны настаўнікі, работнікі музеяў, раённай газеты, бібліятэк.
Удзельнікаў канферэнцыі віталі старшыня Капыльскага райвыканкама, прадстаўнікі Міністэрства інфармацыі, Міністэрства адукацыі, Саюза пісьменнікаў Беларусі.
э
Дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа” І.Л. Капылоў быў узнагароджаны Ганаровай граматай Міністэрства інфармацыі, а загадчык аддзела тэксталогіі і выданняў А.А. Васілевіч – Падзякай Міністэрства інфармацыі.
Акадэмік-сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў А.А. Каваленя падарыў прыватную бібліятэку (некалькі соцень кніг) бібліятэкам раёна.
Вучоныя НАН Беларусі правялі шэраг кансультацый дзяцей і настаўнікаў па праблемах падрыхтоўкі навукова-даследчых работ у галіне гуманітарнай навукі. Дэлегацыя ўдзельнікаў канферэнцыі наведала Літаратурны музей Кузьмы Чорнага ў вёсцы Цімкавічы. Падчас сустрэчы ў музеі быў распрацаваны план супрацоўніцтва ў галіне даследавання творчай спадчыны класіка беларускай літаратуры.
Удзельнікі канферэнцыі прынялі ўдзел у афіцыйных ўрачыстых мерапрыемствах Дня пісьменства.