Адбыўся даследчы візіт у Беларускую бібліятэку і музей імя Францішка Скарыны ў Лондане

Пры падтрымцы праекта MOST (Mobility Scheme for Targeted People-to-People-Contacts) па пашырэнні прафесійных кантактаў старшы навуковы супрацоўнік аддзела славістыкі і тэорыі мовы Вольга Фурс 8–13 сакавіка 2019 г. наведала Беларускую бібліятэку і музей імя Францішка Скарыны ў Лондане, Вялікабрытанія.

Бібліятэка прапануе самую вялікую і значную ў Заходняй Еўропе калекцыю публікацый, звязаных з Беларуссю. Яе фонды ўтрымліваюць больш за 30000 выданняў і вялікую колькасць архіўных дакументаў. У ліку найбольш каштоўных знаходзяцца фрагмент першай кнігі «Царствы» Ф. Скарыны, Статут Вялікага княства Літоўскага 1588 г., першыя выданні зборнікаў М. Багдановіча, Янкі Купалы, М. Гарэцкага і іншых. У музейных пакоях экспануюцца 2 слуцкія паясы, узоры беларускага народнага ткацтва і вышыўкі, сельскагаспадарчыя і хатнія прылады, калекцыя манет ВКЛ.

Падчас візіту ў фонд бібліятэкі быў перададзены зборнік «Беларуская мова ў сакральнай сферы: гісторыя і сучаснасць», падрыхтаваны паводле дакладаў на канферэнцыі, якая праводзілася ў Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа 21 лютага 2018 года http://iml.basnet.by/be/publikacyi/bielaruskaja-mova-u-sakralnaj-sfiery-historyja-i-sucasnasc.

У архівах бібліятэкі намі было знойдзена шмат цікавых дакументаў, якія датычацца перакладаў Бібліі на сучасную беларускую мову. Напрыклад, у лістах перакладчыка Яна Станкевіча да Чэслава Сіповіча (1967 г.) тлумачацца прынцыпы, якімі кіраваўся перакладчык пры выбары беларускіх адпаведнікаў, а таксама акрэсліваецца роля М. Гітліна ў выданні перакладу Бібліі. Цікавасць уяўляюць лісты перакладчыка Яна Пятроўскага да Язэпа Германовіча, а таксама вялікая эпісталярная спадчына святароў Чэслава Сіповіча і Льва Гарошкі, асабліва фрагменты, звязаныя з роляй беларускай мовы ў рэлігійным ужытку, а таксама абмеркаванне вартасцей і недахопаў у біблійных перакладах П. Татарыновіча. Гэтыя дакументы раней не былі прадстаўлены шырокай аўдыторыі і не даследаваліся.

Вялікую каштоўнасць уяўляе таксама знойдзены ў архівах машынапісны пераклад чатырох Евангелляў, выкананы айцом Львом Гарошкам у Парыжы ў 40-ыя гады. Ёсць спадзяванне, што гэты пераклад будзе выдадзены, і гэта вельмі ўзбагаціла б беларускую біблеістыку, паколькі ён выкананы надзвычай адукаваным і эрудыраваным чалавекам і ўтрымлівае цікавыя перакладчыцкія рашэнні. Сярод архіўных дакументаў айца Льва Гарошкі знойдзены і машынапісны (часткова рукапісны) «Лаціна-грэка-царкоўнаславянска-беларускі і беларуска-лацінскі рэлігійны слоўнік» (Рым, 1959), таксама варты выдання і глыбокага даследавання, асабліва ў кантэксце актуальнага і дыскусійнага пытання пра мову рэлігійных твораў. На жаль, далёка не ўсе архіўныя дакументы каталагізаваныя, але тым цікавейшая праца ў даследчыкаў, кожны з якіх мае магчымасць адчуць сябе ў нечым першаадкрывальнікам.

Побач з бібліятэкай у 2016 г. пабудавана надзвычай прыгожая драўляная грэка-каталіцкая царква святога Кірылы Тураўскага і Усіх святых заступнікаў беларускага народу. Кожную нядзелю ў ёй праходзяць богаслужэнні на беларускай мове. Гэта царква – мемарыял ахвярам атамнай катастрофы 1986 года ў Чарнобылі, які паўстаў дзякуючы намаганням айца Сяргея Стасевіча і архітэктара Цзыўай Со і пабудаваны паводле ўзораў традыцыйнага беларускага дойлідства. У 2018 годзе царква перамагла ў катэгорыі «Найлепшы рэлігійны будынак» на Сусветным архітэктурным фестывалі ў Амстэрдаме.

Хочацца выказаць словы падзякі за дапамогу ў арганізацыйных пытаннях сакратару Рады бібліятэкі, даследчыку з Вэстмінстэрскага ўніверсітэта Аляксандру Герасіменку; за дапамогу ў працы з архівамі і каталогамі, а таксама плённыя абмеркаванні праблематыкі беларускіх перакладаў – кандыдату біблеістыкі, выкладчыцы біблеістыкі ў Гітрапскім каледжы Лонданскага ўніверсітэта Караліне Мацкевіч і магістру кананічнага права айцу Сяргею Стасевічу.

Бібліятэка зацікаўлена ў візітах навукоўцаў з Беларусі і падтрымлівае ўдзел у даследчай праграме:  http://www.skaryna.org.uk/application-by/.

 

 

Вольга Фурс,

аддзел славістыкі і тэорыі мовы

 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы