Абарона дысертацыйнага даследавання Юліі Леанідаўны Хвіланчук “Дзеяслоўныя прыназоўнікавыя словазлучэнні ў беларускіх народных гаворках: структурна-семантычная характарыстыка, пашырэнне, паходжанне”

15 снежня ў Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа адбылася абарона дысертацыйнага даследавання Юліі Леанідаўны Хвіланчук “Дзеяслоўныя прыназоўнікавыя словазлучэнні ў беларускіх народных гаворках: структурна-семантычная характарыстыка, пашырэнне, паходжанне”. Даследчая праца была падрыхтавана ў аддзеле дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі пад кіраўніцтвам кандыдата філалагічных навук, дацэнта, загадчыка аддзела В. М. Курцовай. Афіцыйнымі апанентамі на дысертацыі выступілі Ірына Алегаўна Гапоненка, доктар філалагічных навук, прафесар, прафесар кафедры беларускага мовазнаўства Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, і Таццяна Антонаўна Грачыха, кандыдат філалагічных навук, дацэнт, дацэнт, загадчык кафедры рускай мовы як замежнай УА «Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П. М. Машэрава». Апаніруючай арганізацыяй з’яўлялася УА «Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. С. Пушкіна».

Супрацоўнікі аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі сардэчна віншуюць Ю. Л. Хвіланчук з паспяховай абаронай, жадаюць поспехаў на наступных этапах па зацвярджэнні дысертацыйнай працы і выказваюць словы шчырай падзякі ўсім, хто спрычыніўся да абароны. Асаблівыя словы падзякі выказваем старшыні савета па абароне дысертацый доктару філалагічных навук Валянціне Паўлаўне Русак і вучонаму сакратару савета па абароне дысертацый кандыдату філалагічных навук, дацэнту Наталлі Вікенцьеўне Паляшчук.

В. М. Курцова

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы