16 верасня 2019 г. пайшла з жыцця Ніна Дзмітрыеўна Корань.
Уся працоўная біяграфія Ніны Дзмітрыеўны звязана з Інстытутам мовазнаўства імя Якуба Коласа, куды яна прыйшла амаль адразу пасля заканчэння Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута ў 1959 г. і адкуль пайшла на заслужаны адпачынак у 1991 г. Аддзел лексікалогіі і лексікаграфіі стаў для яе месцам, дзе адбывалася станаўленне і развіццё вучонага, раскрываліся таленты, фарміраваліся інтарэсы і навуковыя перавагі.
Сёння мы згадваем Ніну Дзмітрыеўну найперш як лексікографа, які нястомна занатоўваў у слоўніках лексічнае багацце беларускай мовы. Яна прымала ўдзел у падрыхтоўцы да друку “Беларуска-рускага слоўніка” пад рэдакцыяй Кандрата Крапівы (1962 г.) і ў перавыданні гэтага слоўніка ў 1988 г. Лексікаграфічны талент Ніны Дзмітрыеўны быў высока ацэнены і пры ўкладанні “Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы” (1977–1984 гг.), падчас працы над якім яна не толькі распрацоўвала слоўнікавыя артыкулы, але і з’яўлялася памочнікам рэдактара, працавала над карэктурай на заключных этапах выдання. Значная работа была праведзена ёй пры падрыхтоўцы фундаментальнай працы – шматтомнага “Слоўніка мовы ”Нашай Нівы” (1906 – 1915)”.
Пройдуць гады, але застанецца беларускае слова, адлюстраванае ў лексікаграфічных выданнях. Разам з імі будзе жыць і памяць пра Ніну Дзмітрыеўну. Зямля ёй пухам…