Вёска Падлессе. Разам з В. М. Шахлевiч
З 9 па 13 ліпеня праходзіла экспедыцыя супрацоўнікаў аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі ў Слуцкі раён Мінскай вобласці. У ёй ўдзельнічалі загадчык аддзела Вераніка Мікалаеўна Курцова і вядучы навуковы супрацоўнік Любоў Пятроўна Кунцэвіч.
Выезд на палявыя даследаванні на Случчыну ў гэтым годзе быў у нейкай меры пазапланавым мерапрыемствам. Штуршком да экспедыцыі стаў візіт у аддзел дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі Сяргея Леанідавіча Шпака, мясцовага жыхара вёскі Сярэднікі. С. Л. Шпак прыйшоў да навукоўцаў з запісамі, пераважна лексічных матэрыялаў, якія ён назапашваў на працягу многіх гадоў, занатоўваючы пачутае ад тубыльцаў. Прыйшоў у інстытут, каб даведацца, ці ёсць нешта вартае ў яго аматарскім занятку. У размове з ім выявілася, што і сёння жывуць у навакольных да Сярэднікаў вёсках людзі сталага веку, асобы, якім пад 90, а то і больш. Яны ў добрай памяці і, на думку Сяргея Леанідавіча, з’яўляюцца выдатнымі расказчыкамі. Адна бяда: многія з вяскоўцаў бываюць на сваіх сялібах пераважна ўлетку, зімой іх забіраюць да сябе дзеці.
Інфармацыя пра адметных апавядальнікаў, патэнцыйных інфарматараў для даследчыкаў, супрацоўнікаў аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі зацікавіла і прымусіла тэрмінова выбірацца ў дыялекталагічную экспедыцыю. І не толькі таму, што час прыспешвае і ў наступным годзе такая сустрэча можа не адбыцца.
Вёска Сярэднiкi П. Д. Гапановiч
Сучасныя экспедыцыйныя аўдыё- і відэаматэрыялы маюць надзвычай высокую лінгвістычную каштоўнасць, бо ў сучасных умовах гэта важнейшая інфармацыйная крыніца пра моўную сістэму гаворак. Гукавыя запісы служаць асновай для ўвасаблення іх у тэксты, з’яўляюцца базай для гукавога Нацыянальнага фонду беларускай дыялектнай мовы і для гукавых хрэстаматый адначасова. У перспектыве на іх аснове можна будзе стварыць беларускую дыялектную медыябазу.
Інфармацыя С. Л. Шпака пра цікавых апавядальнікаў спраўдзілася. У час экспедыцыі мы наведалі вёскі Падлессе, Сярэднікі, Знамя (былая назва Старцавічы), Лапацічы, Нявязцы, Еўлічы, Цярэспаль і інш., дзе адбыліся сустрэчы з мясцовымі жыхарамі. Нашымі моўцамі сталі вяскоўцы сапраўды пашанотнага ўзросту. Гэта Яцэвіч Марыя Іванаўна (1928 г. н.), Гапановіч Пётр Данілавіч (1924 г. н.), Макаед Марыя Аляксееўна (1929 г. н.), Бародзіч Таісія Рыгораўна (1932 г. н.), Уласавец Вера Іванаўна (1925 г. н.), Бачко Валянцін Іванавіч (1932 г. н.) і многія іншыя. Гэта, без перабольшвання, суразмоўцы, якіх можна слухаць суткамі. І, нягледзячы на свае агульныя веды пра асаблівасці мясцовых гаворак, ад іх мы пачулі таксама нешта новае, адметнае, асабліва ў складзе лексікі. Так, каб пасядзець, абмеркаваць навіны, мясцовыя жыхары збіраюцца на кладцы, што стаіць ля агародчыка. На пограб многія кажуць барак, палатняная посцілка называецца парцяной; цёплая коўдра, якой накрываюцца, перадаецца словам клачак, падлетак-неслух з бабуляй можа скырзацца, ці, інакш, агрызацца. Падобных лексічных рарытэтаў у тэкстах сустрэнецца, відаць, не адзін. Ці так гэта, пакажа расшыфроўка гукавых запісаў. Усе расшыфраваныя тэксты будуць уключаны ў выданне “Хрэстаматыя па беларускай дыялекталогіі. Усходняя зона”. Але, памятаючы пра лінгвістычную адметнасць слуцкіх гаворак, іх ролю ў нацыянальным моватворчым працэсе, думаецца, прыйшоў час на падставе наяўных матэрыялаў падрыхтаваць спецыяльнае навуковае даследаванне, прысвечанае комплекснаму апісанню дыялектнай мовы Случчыны, якога дагэтуль у беларускім мовазнаўстве няма.
Вёска Еўлiчы. Разам з Г. Арабiнай
За час гэтай дыялекталагічнай экспедыцыі нам удалося пагутарыць з многімі вяскоўцамі і зрабіць вялікую колькасць аўдыёзапісаў. Заслуга ў падобных выніках належыць таксама мясцоваму раённаму кіраўніцтву. Кіраўнікі раёна выявілі вялікую цікавасць да працы навуковай экспедыцыі і актыўна дапамагалі нам як у сустрэчах з людзьмі, так і з транспартам. Удзельнікі палявых даследаванняў выказваюць словы шчырай падзякі старшыні Слуцкага райвыканкама Андрэю Уладзіслававічу Янчэўскаму, намесніку старшыні райвыканкама па пытаннях сацыяльнай сферы і ідэалагічнай працы Дабравольскай Ларысе Генадзьеўне, дырэктару Падлескага сельскага Дома культуры Наталлі Міхайлаўне Каленчыц, старшыні Знаменскага сельскага савета Долбік Вользе Мікалаеўне. Асаблівыя словы ўдзячнасці за клопат пра нас, дапамогу ў сустрэчах з людзьмі і арганізацыю паездак ва ўсе вёскі, абраныя для запісаў, мы выказваем загадчыку сектара культуры аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Слуцкага райвыканкама Камоцкай Алене Міхайлаўне і Шпаку Сяргею Леанідавічу, супрацоўніку Падлескага сельскага Дома культуры, які парупіўся, каб мы не толькі пагаварылі з мясцовымі доўгажыхарамі, але і не думалі, як на працягу дня перабрацца з адной вёскі да суседняй, да якой некалькі кіламетраў.
Думаецца, што толькі такая супольная праца навукоўцаў з органамі раённага і мясцовага кіраўніцтва пры зацікаўленнасці апошніх дае плён і дазваляе праводзіць палявыя даследванні ў сучасных вёсках.
Загадчык аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі, В. М. Курцова