Распрацоўкі сектара камп'ютарнай лінгвістыкі маладым вучоным.

17 лютага 2026 года адбылася сустрэча супрацоўнікаў сектара камп’ютарнай лінгвістыкі з маладымі вучонымі Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі і прадстаўнікамі ўстаноў вышэйшай адукацыі. Тэмай сустрэчы сталі сучасныя распрацоўкі сектара і магчымасці іх выкарыстання ў навуковай і адукацыйнай дзейнасці.

Мерапрыемства прайшло ў фармаце адкрытага прафесійнага дыялогу. Удзельнікі не толькі пазнаёміліся з існымі лічбавымі рэсурсамі, але і абмеркавалі, як камп’ютарныя тэхналогіі могуць выкарыстоўвацца ў гуманітарных даследаваннях – ад аналізу моўных даных да практычнай працы са слоўнікамі і тэкстамі.

Загадчык сектара камп’ютарнай лінгвістыкі Кошчанка У.А. падаў гісторыю стварэння і развіцця асноўных праектаў. Асаблівая ўвага была нададзена такім рэсурсам, як Нацыянальны корпус беларускай мовы (https://bnkorpus.info/), Граматычная база беларускай мовы, Біблійны корпус і Беларускі фанетычны канвертар (BelG2P), якія сёння становяцца важнымі інструментамі сучаснай беларускай лінгвістыкі.

У сваіх выступленнях удзельнікі сустрэчы падзяліліся практычным досведам выкарыстання гэтых распрацовак. Глушыцкі Л.У.,  супрацоўнік аддзела лексікалогіі і лексікаграфіі, расказаў пра выкарыстанне Нацыянальнага корпуса беларускай мовы пры падрыхтоўцы новага тлумачальнага слоўніка. Волкава Я. В., супрацоўнік аддзела славістыкі і тэорыі мовы, адзначыла важную ролю корпусных рэсурсаў у працы над «Этымалагічным слоўнікам беларускай мовы», а Басалыга П.С., супрацоўнік аддзела лексікалогіі і лексікаграфіі, расказала пра ўласны досвед выкарыстання Біблійнага корпуса ў рабоце над дысертацыйным даследаваннем і адзначыла перавагі, якія дае корпус пры аналізе моўнага матэрыялу.

Пра значэнне распрацаваных сектарам лічбавых лінгвістычных інструментаў для адукацыі сказала і доктар філалагічных навук, прафесар Нічыпорчык А.У., загадчык кафедры рускага, агульнага і славянскага мовазнаўства Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны. Яна падкрэсліла, што распрацоўкі сектара маюць вялікі патэнцыял для лінгвадыдактычнай і даследчай працы выкладчыкаў і студэнтаў філалагічных спецыяльнасцяў.

Сустрэча паказала, што супрацоўніцтва паміж даследчыкамі, выкладчыкамі і распрацоўшчыкамі лінгвістычных рэсурсаў адкрывае новыя магчымасці для развіцця беларускай гуманітарнай навукі і ўкаранення сучасных тэхналогій у даследчую практыку.

 

 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы