У Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа адбылася чарговая сустрэча з акадэмікам НАН Украіны, доктарам тэхнічных навук, дырэктарам Украінскага моўна-інфармацыйнага фонду НАН Украіны У.А. Шырокавым.
Гэтым разам У.А. Шырокаў правёў прэзентацыю зборніка навуковых прац Украінскага моўна-інфармацыйнага фонду, які ён узначальвае з часу заснавання ўстановы ў 1991 годзе.
Збор прац у 5 тамах «Лінгвістично-інформаційні студіï: праці Украïнського мовно-інформаційного фонду НАН Украïни» выдадзены да 100-годдзя Нацыянальнай акадэміі навук Украіны і адлюстроўвае ўсе напрацоўкі супрацоўнікаў фонду. У першым томе выкладзены базавыя прынцыпы, якія вызначылі напрамак работы ўстановы: паслядоўнае ўвасабленне погляду на мову як інфармацыйную сістэму, фенаменалагічны падыход да моўных з’яў і эвалюцыянізм. Гэтыя палажэнні прывялі аўтараў да распрацоўкі тэорыі семантычных станаў моўных адзінак і тэорыі лексікаграфічных сістэм, якія даюць магутныя канцэптуальныя інструменты для апрацоўкі вялікага масіву моўных фактаў і пабудовы высокаэфектыўных лінгвістычных тэхналогій. Наступныя тамы паказваюць, якіх пэўных вынікаў змаглі дасягнуць навукоўцы. 2 том прысвечаны пытанням мадэлявання граматычных сістэм флектыўных моў (на матэрыяле ўкраінскай, рускай, нямецкай, іспанскай і турэцкай моў). Тры кнігі трэцяга тома адлюстроўваюць лексікаграфічны напрамак работы супрацоўнікаў фонду. Цэнтральнае месца ў іх займаюць пытанні лексікаграфавання “Слоўніка ўкраінскай мовы” ў 20 тамах, палова з якіх ужо даступная карыстальнікам у папяровым і электронным варыянтах. У 4 томе асвятляюцца пытанні распрацоўкі Украінскага нацыянальнага лінгвістычнага корпуса і яго прымянення, а ў 5 томе акцэнт зроблены на віртуальных лексікаграфічных лабараторыях, якія разглядаюцца ў якасці асноўнай тэхналогіі стварэння лексікаграфічных рэсурсаў у лічбавым асяродку.
Сустрэча з акадэмікам выклікала цікавасць у навукоўцаў, асаблівы інтарэс выказалі спецыялісты ў галіне лексікаграфіі і камп’ютарнай лінгвістыкі. Супрацоўніцтва Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа і Украінскага моўна-інфармацыйнага фонду НАН Украіны набывае сталы характар і дазваляе не толькі абменьвацца вопытам, пашыраць навуковыя даследаванні ў галіне лінгвістыкі, але і адкрываць новыя напрамкі сумеснай працы.