ДАЎНІЯ БЕЛАРУСКІЯ ЕВАНГЕЛЛІ

17 красавіка 2023 г. у Цэнтральнай бібліятэцы імя Янкі Купалы г. Мінска адбылася сустрэча супрацоўнікаў аддзела гісторыі беларускай мовы з вучнямі восьмых класаў гімназіі № 23 г. Мінска, а таксама з чытачамі бібліятэкі.

Н.В. Паляшчук, загадчык аддзела, і Э.В. Ярмоленка, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела, расказалі прысутным аб рэлігійных помніках, створаных на тэрыторыі даўняй Беларусі.

Э.В. Ярмоленка пазнаёміла ўдзельнікаў сустрэчы з тыпамі старажытнага пісьма, адметнымі рысамі ўстава, паўустава і скорапісу, распавяла пра ўмовы перапісвання манускрыптаў, адзначыла іх мастацкія асаблівасці (наяўнасць мініяцюр, афармленне заставак, ініцыялаў і інш.), расказала аб Тураўскім Евангеллі (ХІ ст.), Полацкім Евангеллі (ХІІ ст.), Аршанскім Евангеллі (ХІІІ ст.), Слуцкім Евангеллі (XVI ст.), Жыровіцкім Евангеллі (XVI cт.) і прадэманстравала на слайдах старонкі з гэтых помнікаў.

Н.В. Паляшчук засяродзіла ўвагу прысутных на гісторыі стварэння і бытавання Евангелля Васіля Цяпінскага (1580) – першага ва ўсходнеславянскай пісьмовай культуры двухмоўнага выдання, дзе тэкст набраны ў дзве калонкі паралельна на царкоўнаславянскай (арыгінал) і старабеларускай (пераклад) мовах; расказала аб змешчаных на палях выдання каментарыях да тэксту і асаблівасцях перакладу Евангелля на старабеларускую мову.

Па традыцыі сустрэча завяршылася віктарынай і чытаннем вучнямі ўрыўкаў са старажытных рукапісаў.

           

 

                                                                       Н.  Паляшчук, Э. Ярмоленка

 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы