Круглы стол “Беларуская мова ў кітабах”

У рамках мерапрыемстваў, прысвечаных Міжнароднаму дню роднай мовы, 16 лютага ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі прайшоў круглы стол “Беларуская мова ў кітабах”. Арабісты, цюрколагі і славісты сабраліся разам, каб абмеркаваць даследаванні рукапісаў татараў Вялікага Княства Літоўскага, зробленыя арабскай вяззю, але на мясцовых гаворках.

Круглы стол аб’яднаў не толькі вядучых даследчыкаў, але і прадстаўнікоў мусульманскай канфесіі. Удзельнічалі Тарэлка Міхаіл (кандыдат філалагічных навук, Інстытут мовазнаўства НАН Беларусі), Сынкова Ірына (кандыдат філасофскіх навук, кітабіст), Сеўрук Дзмітрый (кандыдат гістарычных навук, Інстытут тэалогіі імя свв. Мяфодзія і Кірыла), Коршунава Яніна (БДУ), Александровіч-Туфкрэа Разалія (магістр філалогіі, Нацыянальны інстытут адукацыі), Радкевіч Дзмітрый (Старшыня Рады імамаў Мусульманскага рэлігійнага аб’яднання ў Рэспубліцы Беларусь, аспірант Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі), Алі Варановіч (Муфцій Духоўнага ўпраўлення мусульман Беларусі).

Акрамя кітабаў абмяркоўвалі тафсіры, хамаілы, і, канечне, Каран. Дасюль няма поўнага перакладу сакральнай кнігі мусульман на беларускую мову. Тры асяродкі перакладчыкаў займаюцца гэтым паралельна, і кожны мае сваю версію тэксту. На думку ўдзельнікаў круглага стала, гэта пойдзе толькі на карысць беларускай арабістыцы. Навукоўцы абмеркавалі складанасці і нюансы перакладу з арабскай мовы на беларускую. Ужо пераклаў увесь тэкст Карана і рыхтуе яго да выдання беларус Ісмаіл Краўцоў у Кіеве.

Рукапісы татараў Вялікага Княства Літоўскага – унікальны помнік жывых гаворак беларускай мовы. Самыя старыя з кітабаў, якія захаваліся, датуюцца сярэдзінай ХVІІ ст. У кітабах і хамаілах побач фігуруюць тэксты па-арабску, на цюркскіх гаворках, якімі размаўлялі татары, пакуль не страцілі сваёй мовы і не перайшлі на славянскія. Наконт славянамоўных уставак спрачаюцца беларускія і польскія славісты: першыя, канечне, класіфікуюць мову татарскіх рукапісаў як дыялекты беларускай. Другія ж даводзяць, што мова – польская, т. зв. “пальшчызна крэсова”. Ёсць адзін кітаб, напісаны на заходнепалескай гаворцы, хаця ў тых мясцінах татары не жылі. Вядучая круглага стала Ірына Анатольеўна Сынкова запрашала ўсіх зацікаўленых наведаць семінар па чытанні татарскіх рукапісаў у Нацыянальнай бібліятэцы, які неўзабаве адновіць сваю працу, перарваную праз пандэмію. “Трэба толькі вывучыць арабскі алфавіт і прызвычаіцца чытаць тэкст, напісаны ад рукі. Тады і для славіста знойдзецца шмат цікавага” – патлумачыла даследчыца.

Вядучы навуковы супрацоўнік аддзела славістыкі і тэорыі мовы філіяла “Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа” Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Міхаіл Уладзіміравіч Тарэлка распавёў пра сваю працу. У 2010–2015 гг. яны разам з Ірынай Анатольеўнай Сынковай у экспедыцыях па Беларусі рабілі электронныя копіі тафсіраў, кітабаў і хамаілаў, якія захоўваліся ў татарскіх сем’ях. Алічбавалі каля 250 рукапісаў, 50 з іх летась апублікавалі ў каталогу “Тафсіры, кітабы і хамаілы з прыватных кнігазбораў Беларусі”. Астатнія плануецца паступова публікаваць анлайн. Міхаіл Уладзіміравіч выдзяляе т. зв. “групу рукапісаў пастаўскага паходжання”. Пра адзін з хамаілаў гэтай групы ён распавёў падрабязна на круглым стале, паказаўшы, як у адным помніку пісьменства выкарыстоўваюцца розныя мовы. Даследчык прыйшоў да высновы, што спалучэнне асаблівасцей беларускіх паўночна-заходніх і паўднёва-заходніх дыялектаў у гэтым тэксце сведчыць ці пра яго шматразовае перапісванне, ці пра ўплыў старабеларускай пісьмовай традыцыі. Шляхам статыстычнага аналізу выявіў, што рыс беларускай мовы ў славянамоўных частках тэксту больш, чым польскай.

Алена Ляшкевіч, фота аўтаркі.

 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы