
Cупрацоўнікі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа – вядучы навуковы супрацоўнік аддзела сучаснай беларускай мовы кандыдат філалагічных навук Вікторыя Іванаўна Уласевіч і вядучы навуковы супрацоўнік аддзела гісторыі беларускай мовы кандыдат філалагічных навук Эльвіра Валер’еўна Ярмоленка прынялі ўдзел у рабоце журы трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах “Беларуская мова” і “Беларуская літаратура” за 2025/2026 навучальны год у Мінску, які праходзіў 13–15 студзеня 2026 г. на базе ДУА “Гімназія № 14 г. Мінска”.
У першы дзень алімпіядных спаборніцтваў навучэнцы пісалі водгук на мастацкі твор. Вучні павінны былі правільна зразумець і вызначыць тэму, ідэю і праблематыку твора, выявіць аўтарскую пазіцыю, а таксама паказаць свой чытацкі вопыт: прадэманстраваць веданне беларускай і сусветнай літаратуры, прывесці паралелі з іншых твораў розных аўтараў, выкарыстаць ілюстрацыйны матэрыял, выказаць і абгрунтаваць уласныя высновы.
На другі дзень праводзілася комплексная пісьмовая работа па беларускай мове і літаратуры. Як і ў мінулыя гады, вучням неабходна было прадэманстраваць свае веды па фанетыцы, лексікалогіі і фразеалогіі, словаўтварэнні, сінтаксісе і інш. Асобныя заданні тычыліся праверкі літаратуразнаўчых ведаў навучэнцаў.
Прыемна адзначыць, што навучэнцы 9–11 класаў горада Мінска выявілі трывалыя веды, шырокі кругагляд і эрудыцыю, творча падышлі да асобных заданняў, прадэманстравалі не толькі ўзровень валодання мовай, але і крэатыўны патэнцыял.
Журы алімпіяды, у якое разам з акадэмічнымі супрацоўнікамі ўваходзілі выкладчыкі вышэйшых навучальных устаноў і настаўнікі беларускай мовы і літаратуры школ і гімназій г. Мінска, адзначыла высокі ўзровень падрыхтоўкі навучэнцаў.
Супрацоўнікі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа В.І. Уласевіч і Э.В. Ярмоленка не толькі працавалі ў складзе журы, але і кансультавалі калег па розных лінгвістычных пытаннях, папулярызавалі дзейнасць інстытута і знаёмілі з кніжнымі навінкамі, падрыхтаванымі акадэмічнымі вучонымі.
Спадзяёмся, што чарговы этап алімпіяды заахвоціў яе ўдзельнікаў яшчэ з большым імпэтам вывучаць родную мову і літаратуру.
Фота з сайта гімназіі № 14 г. Мінска
В.І. Уласевіч, Э.В. Ярмоленка






