9–13 студзеня 2023 года ў г. Мінску на базе ДУА “Гімназія № 14 г. Мінска” праходзіў трэці этап рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах “Беларуская мова” і “Беларуская літаратура” ў 2022/2023 навучальным годзе. У алімпіядзе спаборнічалі вучні дзявятых, дзясятых і адзінаццатых класаў.
У журы ўваходзілі настаўнікі беларускай мовы і літаратуры сярэдніх школ г. Мінска і вучоныя-філолагі БДУ і МДЛУ. Старшынёй журы была вядучы навуковы супрацоўнік аддзела сучаснай беларускай мовы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Вікторыя Іванаўна Уласевіч.
Удзельнікі алімпіяды павінны былі напісаць водгук на мастацкі твор і выканаць заданні комплекснай работы.
Як заўсёды, складальнікі прымусілі задумацца над прапанаванымі заданнямі не толькі ўдзельнікаў, але і членаў журы. Адзінаццацікласнікі пісалі водгук на верш Максіма Танка “На радзіме Гамлета” (1967), дзесяцікласнікі аналізавалі прозу – тэкст паводле Цішкі Гартнага “Скошаны луг” (1909), а дзевяцікласнікі – верш Аляксея Пысіна “Туркоча дзікі голуб на сасне…” (1972). Журы ацэньвала водгукі па шасці крытэрыях: 1) уменне выяўляць асноўную тэматыку і праблематыку, ідэю твора, аўтарскую пазіцыю; 2) уменне абгрунтоўваць прачытанае; 3) уменне вызначаць ролю сюжэта, кампазіцыі, выяўленчых сродкаў выразнасці; 4) моўнае і кампазіцыйнае афармленне водгуку; 5) пісьменнасць; 6) творчы характар работы.
Комплексная работа па беларускай мове і літаратуры ўключала заданні па розных раздзелах мовазнаўства і дазволіла алімпіяднікам прадэманстраваць не толькі моўныя веды, але і эрудыцыю. Так, вучням былі прапанаваны заданні па арфаграфіі (правапіс спалучэнняў галосных), лексікалогіі (вызначэнне лексічнага значэння прапанаваных слоў), словаўтварэнні (утварэнне прыметнікаў пры дапамозе суфіксаў ацэнкі), марфалогіі (правільнае ўтварэнне формаў слова), стылістыцы (работа з тэкстам), сінтаксісе (вызначэнне віду сродкаў сувязі галоўнай і даданай частак, сінтаксічнай функцыі злучальнага слова, віду даданай часткі). Традыцыйна адно з заданняў – пераклад мастацкага тэксту з рускай мовы на беларускую. Акрамя таго, былі прапанаваны заданні, прысвечаныя веданню літаратуразнаўчых тэрмінаў і паняццяў, жыцця і творчасці беларускіх пісьменнікаў. У апошнім, дзясятым, заданні вучні павінны былі напісаць тэкст літаратуразнаўчага або гісторыка-літаратуразнаўчага характару з абавязковым уключэннем у яго пералічаных слоў і словазлучэнняў (у 11 класе, напрыклад, былі прапанаваны наступныя словы і словазлучэнні: аповед, аповесць, апавяданне, вобраз, выяўленчае мастацтва, гуманізм, Максім Гарэцкі, народнасць літаратуры, натхненне, сучаснасць).
Трэба адзначыць, што алімпіяда – гэта выпрабаванне не толькі для яе ўдзельнікаў, але і для членаў журы. Каб ацаніць работы, неабходныя глыбокія веды і ўважлівасць. А яшчэ на журы ляжыць вялікая адказнасць – вызначэнне найлепшых сярод лепшых. Пераможцы трэцяга этапу працягнуць спаборніцтва на заключным рэспубліканскім этапе алімпіяды.
Хочацца верыць, што ўдзельнікі алімпіяды стануць сапраўднымі знаўцамі беларускага слова і надалей захаваюць цікавасць і любоў да беларускай мовы і літаратуры.
В.І.Уласевіч