Сярэдзіна студзеня, хоць на календары і зіма, з’яўляецца гарачай парой для лепшых знаўцаў беларускай і рускай моў. Традыцыйна ў гэты час праходзіць трэці этап рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах гуманітарнага цыклу.
У якасці членаў журы ў камісіі па вучэбных прадметах «Беларуская мова» і «Беларуская літаратура», «Руская мова» і «Руская літаратура» ў гэтым годзе былі запрошаны супрацоўнікі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа А.А Марозава і С.А. Вагнер. Творчая сумесная праца навукоўцаў і Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі, якім арганізоўваецца алімпіяда, мае ўжо досыць працяглую гісторыю: вучоныя-мовазнаўцы прымаюць дзейсны ўдзел у алімпіядным руху Міншчыны з 2012 г.
Алімпіядны тыдзень адбыўся з 13 па 16 студзеня і стаў добрай нагодай актыўнага ўзаемадзеяння паміж сярэдняй школай і акадэмічным інстытутам. «Алімпіёнікам» ён даў магчымасць атрымаць навукова абгрунтаваную ацэнку іх ведаў і ўменняў спецыялістамі ў галіне мовазнаўства, навукоўцам – прааналізаваць ступень укаранення навуковых дасягненняў у адукацыйную практыку і прадумаць далейшыя даследаванні прыкладнога характару.
Гэтым разам базамі для правядзення сталі два каледжы ў Мінскай вобласці: УА «Маладзечанскі дзяржаўны каледж» (беларуская лінгвістыка) і УА «Салігорскі дзяржаўны каледж») (руская лінгвістыка). Алімпіядныя ж выпрабаванні складаліся з двух тураў.
Вучні 9–11-х класаў, як звычайна, пачалі спаборнічаць з напісання водгуку (на мастацкі твор або ўрывак з яго). У 9-м класе для мастацкага асэнсавання быў прапанаваны верш «Калі б я мог» Петруся Броўкі. Выбар мастацкага твора ў дадзеным выпадку з’яўляецца традыцыйным у тым плане, што кожны год перавага аддаецца пісьменнікам-юбілярам. А вось у 10-м класе складальнікі заданняў адступілі ад звыклага шляху і прапанавалі для аналізу не верш, а ўрывак з прозы (з апавядання Кузьмы Чорнага «На пыльнай дарозе»), чым некалькі ўскладнілі вучням задачу. Але тым больш цікава было паназіраць, ці змогуць яны сабрацца ў нестандартнай сітуацыі (якая не прайгравалася так ці інакш на падрыхтоўчых зборах) і праявіць сябе налепшым чынам. Мастацкі ўзровень выбраных беларускіх і рускіх твораў не выклікае сумненняў: у іх лёгка вызначаецца тэма, відавочна ідэя, дастаткова сродкаў мастацкай выразнасці для аналізу. Пры гэтым тэмы дапускаюць глыбокія трактоўкі (у тым ліку індывідуальныя).
На другі дзень дзеці пісалі комплексную работу па мове і літаратуры, якая ўключала складаныя і разам з тым цікавыя заданні практычна па ўсіх галінах мовазнаўчай і літаратуразнаўчай навук: фанетыцы (уменне адрозніваць і суадносіць колькасць літар і гукаў у слове), арфаграфіі (правапіс вялікай і малой літар, правапіс не і ні), лексіцы і фразеалогіі (уменне аднаўляць прапушчаны кампанент, патлумачыць значэнне ўстойлівых выразаў), марфеміцы, словаўтварэнні, марфалогіі (уменне вызначаць і адрозніваць лексіка-граматычныя разрады прыслоўяў), сінтаксісе (уменне вызначаць сінтаксічную ролю слоў у сказе), стылістыцы (уменне вызначаць стыль і тып тэксту), тоэрыі і практыцы перакладу з рускай мовы на беларускую і наадварот, некаторыя пытанні тэорыі мовазнаўства (генеалагічная класіфікацыя моў свету). Літаратурная частка змяшчала заданні на веданне літаратуразнаўчай тэрміналогіі (у выглядзе крыжаванкі) і ўменне аперыраваць ёй (роды і жанры літаратуры, сродкі мастацкай выразнасці, памер верша, тып рыфмоўкі і інш.); на ўменне пазнаць па апісанні літаратурных персанажаў, успомніць творы, у якіх яны дзейнічаюць, і аўтараў гэтых твораў.
Безумоўна, пераважная большасць заданняў была скіравана на праверку дакладных ведаў, аднак было дзе праявіць і творчыя здольнасці. Так, пры напісанні водгуку дадатковыя балы можна набраць, прывёўшы ў якасці эпіграфа ці ілюстрацыі ўласныя вершаваныя радкі.
Асобныя моманты ў работах, як гэта звычайна бывае, выклікалі ў членаў журы ўсмешку: словазлучэнне «плащ из тусклого серого бархата» было перакладзена як «мантыя з тусклага шэрага ядвабу», волшебник ператварыўся не толькі ў чараўніка ці чарадзея, але і атрымаў іпастасі цудадзея, цудадзейніка, мага.
Алімпіяда 2020 года па вучэбных прадметах «Беларуская мова» і «Беларуская літаратура», «Руская мова» і «Руская літаратура» адрозніваецца ад папярэдніх тым, што не праводзіўся такі тур спаборніцтваў, як вуснае выказванне на адну з прапанаваных тэм. Гэта рашэнне выклікала пэўнае засмучэнне ў членаў камісій, паколькі іменна такі від працы дазваляе ацаніць узровень валодання вуснай формай літаратурнай мовы, лексічнае багацце і разнастайнасць аратара, уменне правільна сфармуляваць сваю думку ў жывой сітуацыі маўлення, а не выдаваць загадзя падрыхтаваныя і адточаныя фразы. Паколькі агульны максімальны бал за алімпіядныя заданні застаўся ранейшы (100), то складальнікі перагледзелі максімум у кожным туры і ўвялі больш падрабязны ранжыр у балах да кожнага задання.
Хочацца адзначыць, што, нягледзячы на ўсе цяжкасці і новаўвядзенні, узровень падрыхтоўкі дзяцей і іх матывацыя да якаснага ведання і практычнага валодання дзяржаўнымі мовамі пакінулі добрыя ўражаннні. А значыць, можна спадзявацца, што і ў наступным годзе членаў журы чакае адказная і сур’ёзная праца.
Святлана Вагнер,
Анастасія Марозава