Я даследаваў слова, хацеў зразумець, як так атрымалася, што беларускае слова менавіта такое… (Да 90-годдзя з Дня нараджэння Аляксандра Антонавіча Крывіцкага)

15 жніўня 2017 г. споўнілася б 90 гадоў з дня нараджэння Аляксандра Антонавіча Крывіцкага, яго не стала 30 чэрвеня.

Аляксандр Антонавіч Крывіцкі — выбітны беларускі дыялектолаг, адзін з самых актыўных стваральнікаў “Дыялекталагічнага атласа беларускай мовы”, “Лексічнага атласа беларускіх народных гаворак”, “Агульнаславянскага лінгвістычнага атласа”, кіраўнік Беларускай нацыянальнай камісіі “Лінгвістычнага атласа Еўропы”, ініцыятар і рэдактар дыялекталагічных зборнікаў, “Тураўскага слоўніка”, спецыяльных тэматычных слоўнікаў, аўтар многіх калектыўных і манаграфічных выданняў, папулярызатар беларускай нацыянальнай мовы.

 

А. А. Крывіцкі нарадзіўся ў в. Залессе Мсціслаўскага раёна, у в. Слаўнае прайшло яго дзяцінства, тут у 1933 г. пайшоў вучыцца ў пачатковую школу. Да вайны ён паспеў атрымаць базавую адукацыю ў Курманаўскай школе. Вучыўся вельмі добра і захоплена, быў надзвычай адораным хлопчыкам, якога любілі ўсе настаўнікі за дапытлівасць, стараннасць, адказнасць, абавязковасць, таварыскасць, прагу да ведаў. Хлопец Алесь быў гонарам мясцовай школы, бо пісаў вершы, граў на балалайцы, спяваў у хоры, вельмі добра маляваў і выразаў розныя драўляныя рэчы. Інакш кажучы, гэта было ўсебакова адоранае дзіця, таму ганарыцца было чым. Наколькі яркі след вучань пакінуў у сэрцах сваіх настаўнікаў, сведчыць такі факт. Дэмабілізаваўшыся ў 1947 г. з войска, у якое быў прызваны ў 1944 г.  яшчэ юнаком, франтавік Аляксандр Антонавіч вырашыў паступіць у Магілёўскі настаўніцкі інстытут на аддзяленне мовы і літаратуры. Але ўдзельнік вайны, баец 2-га Украінскага фронта не меў атэстата аб заканчэнні сярэдняй школы. Старыя настаўнікі, якія пасля ваеннага ліхалецця вярнуліся працаваць у школу, выдалі былому вучню неабходныя дакументы проста пасля размовы з ім. Вось такі вусны экстэрн па ўсіх школьных прадметах за некалькі гадоў. Праўда пазней ужо бліжэй да заканчэння інстытута, паводле слоў роднай сястры Аляксандра Антонавіча Алены Антонаўны, ён, каб мець усё ж сапраўдны атэстат за сярэднюю школу, нейкі час спалучаў вучобу ў інстытуце з вучобай у школе, аднак гэта ніяк не адбілася на адзнаках студэнта.

У 1951 г. выпускнік атрымаў дыплом і быў накіраваны на працу ў мястэчка Карэлічы Гродзенскай вобласці. Працаваў настаўнікам беларускай і рускай мовы і літаратуры. З 1952 г. Аляксандр Антонавіч звязаў свой лёс з Інстытутам мовазнаўства Акадэміі навук БССР. І гэта было невыпадкова: дыялекталагічнымі даследаваннямі будучы вучоны захапіўся яшчэ падчас вучобы ў інстытуце. Ён прайшоў шлях ад малодшага навуковага супрацоўніка да вядучага навуковага супрацоўніка аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі. Пасаду вядучага навуковага супрацоўніка займаў з 1986 г. па 2007 г., пакуль не пайшоў на пенсію. Пэўны час таксама быў вучоным сакратаром інстытута. Працу даследчыка А. А. Крывіцкі спалучаў з вучобай у аспірантуры. Інтэнсіўныя заняткі, вытворчыя абавязкі, падрыхтоўка дысертацыі сведчылі, што маладога мовазнаўца вылучае вялікая працаздольнасць, мэтанакіраванасць, рацыянальны падыход да ўсяго, чым ён займаецца. У 1959 г. пад кіраўніцтвам Р. І. Аванесава даследчык абараніў кандыдацкую дысертацыю “Формы асабовых і зваротнага займеннікаў сучаснай беларускай мовы ў іх гісторыі”. Работа паказала, наколькі ўдумліва і старанна быў прааналізаваны фактычны матэрыял, абгрунтаваны высновы, якія з’явіліся вынікам прадуманай сістэматызацыі наяўных звестак. Гэтыя якасці ў будучым якраз і спрыялі атрыманню значных навуковых вынікаў і дасягненняў моваведам.

Больш чым 50 гадоў Аляксандр Антонавіч Крывіцкі адпрацаваў у Інстытуце. Фактычна ўся яго навуковая дзейнасць прайшла ў аддзеле дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі. А гэта найперш палявыя даследаванні. Колькасць праведзеных ім дыялекталагічных экспедыцый набліжаецца да сотні.

Напрыклад, для “Дыялекталагічнага атласа беларускай мовы” (ДАБМ) даследчык наведаў звыш 30 населеных пунктаў, для “Лексічнага атласа беларускіх народных гаворак” (ЛАБНГ) — 20 н. п., 16 экспедыцый было арганізавана на Тураўшчыну. Такім чынам, амаль 70 выездаў зрабіў Аляксандр Антонавіч у беларускія вёскі для назапашвання матэрыялу, каб ажыццявіць толькі фундаментальныя акадэмічныя праекты.

А. А. Крывіцкі — аўтар каля 200 навуковых публікацый. Ён належаў да вучоных, якіх вызначала шматграннасць інтарэсаў у галіне мовазнаўства. Аднак адметнае месца ў ягонай навуковай дзейнасці займаюць працы, прысвечаныя вывучэнню беларускіх народных гаворак шляхам лінгвагеаграфіі і лексікаграфічнай сістэматызацыі, даследаванні ў галіне анамасіялогіі. Чаму менавіта дыялекталогія ў яе розных напрамках стала прыярытэтнай галіной вывучэння нацыянальнай мовы, цяжка адказаць адназначна. Думаецца, аднак, што Аляксандр Антонавіч добра разумеў, што народныя гаворкі — гэта жыццядайная, жывільная крыніца для беларускай літаратурнай мовы, аднак гэта крыніца вельмі далікатная і ва ўмовах бурнага цывілізацыйнага развіцця грамадства, інтэнсіўнай урбанізацыі, яна не здольная супрацьстаяць націску сацыяльна-эканамічных змен. Таму, відаць, былі прыкладзены вялікія намаганні, каб духоўны нацыянальны скарб захаваць для нашчадкаў найперш у лінгвагеаграфічных і лексікаграфічных выданнях. Перавага менавіта лінгвагеаграфічнага адлюстравання нацыянальных моўных набыткаў як аднаго з адметных спосабаў іх зберажэння і навуковай рэпрэзентацыі ў беларускай нацыянальнай дыялекталогіі з’яўлялася невыпадковай. Гэтаму спрыяла папярэдняя гісторыя станаўлення нацыянальнага мовазнаўства, у прыватнасці наяўнасць вопыту складання лінгвістычных карт Я. Ф. Карскім, 2  з якіх уключаны ў першы том “Введение в изучение языка и народной словесности” фундаментальнага даследавання “Беларусы” (1903). Гэта і першы ў славянскай дыялекталогіі рэгіянальны атлас “Спроба лінгвістычнай геаграфіі Беларусі”, створаны П. А. Бузуком, які лічыў лінгвагеаграфічнае вывучэнне моўных з’яў першачарговым. Праігнараваць такую багатую лінгвагеаграфічную спадчыну беларускай нацыянальнай дыялекталогіі было немагчыма, яе трэба і варта было развіваць. Таму падаецца цалкам лагічным, што, грунтуючыся на тэарэтычных пастулатах савецкай лінгвістычнай геаграфіі, распрацаванай Р. І. Аванесавым, першым ва ўсходнеславянскім свеце быў створаны “Дыялекталагічны атлас беларускай мовы” (1963). З іншага боку, лінгвагеаграфічнае даследаванне мовы з’яўляецца надзвычай плённым з навуковых пазіцый, паколькі дазваляе адначасова ўбачыць прасторавую праекцыю мовы ў яе розных праявах: у адносінах да рэгіянальнага размеркавання моўных асаблівасцей, іх генезісу, унутрыдыялектных адносін, раяніравання гаворак, праблем кантактавання моў, а таксама многае інш. Нарэшце, лінгвагеаграфія — гэта таксама і магчымасць зазірнуць у самае глыбіннае ў лексічным ладзе мовы — раскрыць таямніцы народнай словатворчасці, устанавіць спосабы і шляхі спараджэння слова. Таму ў нацыянальным мовазнаўстве не паўставала пытання, складаць ці не складаць “Лексічны атлас беларускіх народных гаворак” (ЛАБНГ; 1993—1998). Ён выйшаў у 5 тамах. Ад самага пачатку праца задумвалася як працяг “Дыялекталагічнага атласа беларускай мовы”, бо дадзенаму комплекснаму фундаментальнаму выданню бракавала матэрыялаў пра лексічны лад гаворак беларускай мовы. ЛАБНГ — гэта, без перабольшвання, нацыянальны духоўны капітал. Толькі яго “Інструкцыя па збіранню матэрыялаў для складання лексічнага атласа беларускай мовы” (1971) уключае 56 тэматычных груп лексікі, якая адносіцца да расліннага і жывёльнага свету, з’яў прыроды, сельскай гаспадаркі, побыту, чалавека, традыцыйных і вытворчых заняткаў сельскіх жыхароў і інш. У атласе на 1791 карце дэталёва адлюстравана этнадыялектнае размеркаванне лексічных сродкаў па рэгіёнах, прадстаўлены традыцыйны слоўнікавы інвентар гаворак. Як практычна скласці лексічную карту, як пабудаваць лінгвагеаграфічны артыкул у атласе прапанаваў А. А. Крывіцкі ў сваіх публікацыях “Лингвогеографическая статья в белорусском лексическом атласе” (1977, 1981).

Глыбокае разуменне каштоўнасці лінгвістычнай інфармацыі, пададзенай на карце, прымушала Аляксандра Антонавіча шукаць такія спосабы падачы лексічнага інвентару, каб захаваць строгую сістэмнасць, лагічную паслядоўнасць, зрабіць умоўныя графічныя сродкі ўніверсальнымі для тэматычна паяднаных блокаў карт. Узорам падобнага падыходу да працы з’яўляецца, у прыватнасці, ІІІ выпуск з лексіка-словаўтваральнай серыі “Агульнаславянскі лінгвістычны атлас”, выдадзены пад назвай “Раслінны свет” (АЛА; 2000). Адказным рэдактарам выдання, а таксама аўтарам шэрагу карт і разнастайных суправаджальных матэрыялаў два іх  быў Аляксандр Антонавіч Крывіцкі. Для іншых выпускаў гэтага міжнароднага праекта бліскучы лінгвагеограф таксама падрыхтаваў не адну карту. На любую лінгвагеаграфічную карту вучоны наогул глядзеў не як на сродак, які дазваляе ўстанавіць межы пашырэння той ці іншай моўнай з’явы, а як на інструмент, які дапамагае выявіць гісторыю фарміравання лінгвістычнага ладшафту ў розныя часавыя перыяды, асэнсаваць і інтэрпрэтаваць усталяваны выбар. Паказальныя ў гэтых адносінах вельмі змястоўныя даследчыя працы, прысвечаныя асвятленню матэрыялаў лексічных карт “Агульнаславянскага атласа”, якія ў розныя гады былі напісаны ў суаўтарстве ці ўласна мовазнаўцам і друкаваліся ў спецыяльным кніжным выданні “Общеславянский лингвистический атлас. Материалы и исследования”. Гэта: ”Обозначение перемещения ползком в славянских диалектах: По материалам ОЛА” (1982) “О названиях ели в славянских языках” (1988), “Славянские зональные диалектные различия в номинативной реализации Bufo и Rana и их формирование” (2000).

Праца ў галіне лінгвагеаграфіі не проста давала прастор для шырокай навуковай дзейнасці, яна стымулявала Аляксандра Антонавіча на новыя творчыя пошукі, здзяйсненні. Так было, прынамсі, з “Лінгвістычным атласам Еўропы” (ЛАЕ). Да ўдзелу ў выкананні гэтага агульнаеўрапейскага праекта айчынныя мовазнаўцы далучыліся ў 70-я гады мінулага стагоддзя. На А. А. Крывіцкага ўсклалі кіраванне работай Беларускай нацыянальнай камісіі ЛАЕ. Рэалізацыя любых лінгвагеаграфічных праектаў вымагае сур’ёзнай папярэдняй падрыхтоўкі. Адзін з абавязковых і вельмі важных складнікаў лінгвагеаграфічнага даследавання — складанне апытальнікаў па збіранні матэрыялаў. Два спецыяльныя апытальнікі для ЛАЕ распрацаваў асабіста Аляксандр Антонавіч. Яны атрымалі высокую ацэнку Міжнароднай камісіі атласа.

Правядзенне транснацыянальных праектаў патрабуе ад яго выканаўцаў высокага прафесіяналізму, грунтоўных ведаў і шырокай эрудыцыі. Усё гэта характарызавала А. А. Крывіцкага. Праца над дадзеным буйнамаштабным міжнародным даследаваннем надзвычай узрушвала і натхняла дыялектолага. ЛАЕ з’яўляецца новым этапам у развіцці еўрапейскай лінгвагеаграфіі, атласы падобнага тыпу адносяцца да даследчых праектаў апошняга пакалення. У ЛАЕ на карту наносяцца не канкрэтныя лексемы, іх значэнне, картаграфуецца матывацыйная прыкмета, змест якой перадаецца коранем слова. Такі атлас адкрываў не бачаныя дагэтуль перспектывы па асэнсаванні гісторыі фарміравання еўрапейскіх этнасаў, моўных супольнасцей, развіцця чалавечага мыслення і пазнання.

Усведамленне эўрыстычнай каштоўнасці ЛАЕ для грамадства падштурхнула Аляксандра Антонавіча, як здаецца, да думкі стварыць новы тып дыялекталагічнага атласа беларускай мовы – інтэрпрэтацыйны. Адметнасцю такога атласа з’яўляецца, як вышэй указвалася, тое, што картаграфуецца не слова ці яго сэнс, а прыкмета, якая абумовіла лексіка-семантычнае аблічча абазначальнага сродку. Тэарэтычныя асновы будучага атласа даследчык адлюстраваў у публікацыях “Асноўныя напрамкі анамасіялагічнага вывучэння лексіка-фразеалагічнай назватворчасці ў гаворках беларускай мовы” (2003), “Намінацыйная словатворчасць і базавая аб’ектывацыя словаўтваральнай асновы” (2006), “Да праекта інтэрпрэтацыйнага, або тлумачальнага атласа мясцовай назватворчасці ў гаворках Беларусі” (2006) і інш. Прыкладам лінгвагеаграфічнай карты новага ўзору з’яўляецца карта, распрацаваная да артыкула “Пашырэнне назваў тыпу хвоя і тыпу сасна ў гаворках беларускай мовы і іх паходжанне” (2008). Гэты артыкул, які можна лічыць спробай дэманстрацыі новага фундаментальнага праекта, насамрэч не быў першым даследаваннем, прысвечаным пошукам адказу на пытанне пра ўсталяванне структурна-семантычнага выгляду таго ці іншага слова ў беларускіх гаворках, яго спараджэнне і гісторыю функцыянавання. Да ліку напісаных у такім, анамасіялагічным, рэчышчы належаць шматлікія публікацыі аўтара, аднак, створаныя ў розныя часы, яны не асэнсоўваліся самім даследчыкам як менавіта даследававанні анамасіялагічнага характару. Сярод іх: “Аб фарміраванні дыялектнай наменклатуры земнаводных родаў Rаnа і Вufo ў заходнеславянскай зоне і іх намінацыі” (1987), “Адкуль з’явіўся шчупак у беларускай мове” (1993), “А імя яму Тураў” (1994), “Беларуская вясёлка і македонскі поjaс: родныя ці сваякі?” (1995), “Народныя назвы відаў рыбы” (1995), “Такая далікатная назва суніцы” (2002), “Займеннік гэны, яго лінгвагеаграфія і паходжанне” (2003), “Паклонімся бульбе” (2006) і шэраг інш. Пералічаныя працы надзвычай важныя ў навуковай спадчыне А. А. Крывіцкага з метадалагічнага боку. Апісанне абраных для вывучэння лексічных адзінак грунтавалася на лінгвагеаграфічнай базе, што гарантавала доказнасць прапанаваных аўтарам гіпотэз.

Асабістае захапленне Аляксандра Антонавіча лінгвагеаграфіяй, разуменне яе важнасці і навуковай каштоўнасці пры вырашэнні мовазнаўчых і іншых праблем падштурхнулі даследчыка да напісання навукова-папулярнай працы “Што такое лінгвагеаграфія” (1986), адрасаванай найперш школьнікам. Абагульненнем вопыту беларускіх дыялектолагаў у галіне лінгвагеаграфіі, набыткаў нацыянальнага мовазнаўства і тэарэтычнай распрацоўкі пытанняў лінгвістычнай геаграфіі з’яўляецца манаграфія “Лінгвістычная геаграфія беларускай мовы” (у суаўтарстве), якая пакуль што не надрукавана.

А. А. Крывіцкі надаваў вялікае значэнне лексікаграфічнай працы, бо выразна разумеў, што поспехі лексікалогіі, этымалогіі, семасіялогіі залежаць не толькі ад агульнага развіцця і дасягненняў тэарэтычнай лінгвістыкі і іншых гуманітарных навук, яны абумоўліваюцца вынікамі лексікаграфічнага апісання слоўнікавага ладу мовы. Уклад вучонага ў развіццё нацыянальнай лексікаграфіі, найперш рэгіянальнай, бясспрэчны.

Развіццё слоўнікавай справы без уліку традыцый, закладзеных у аснову прынцыпаў пабудовы дыялектнага лексікона, немагчыма. Але калі, базуючыся на вопыце папярэднікаў, прапануюцца новыя шляхі і спосабы падачы дыялектных абазначальных сродкаў, з улікам іх асаблівасцей, геаграфіі, то такі слоўнік адразу набывае адметны статус у нацыянальнай лексікаграфічнай спадчыне. Да ліку сапраўды ўнікальных выданняў належыць “Тураўскі слоўнік” (1982—1987), ініцыятарам, арганізатарам працы па збіранні матэрыялаў, нязменным рэдактарам і складальнікам якога на працягу ўсіх пяці тамоў быў Аляксандр Антонавіч Крывіцкі. “Тураўскі слоўнік” (ТС) адрозніваецца ад наяўных у беларускай дыялектнай лексікаграфіі выданняў шматлікімі лексікаграфічнымі характарыстыкамі. Адзначым некаторыя з іх. Па-першае, гэта поўны збор традыцыйнай мясцовай лексікі, якая выкарыстоўвалася ў моўных зносінах жыхароў Турава і яго наваколля ў другой палове ХХ ст. Стварэнне поўнага слоўніка з уключэннем у яго рэестр усіх абазначальных сродкаў, якія функцыянавалі ў дыялектнай мове, практычна азначала, што ў нацыянальнай лексікаграфіі быў зроблены адыход ад дыферэнцыяльнага тыпу слоўніка. Лексікаграфічныя працы, у якіх у спісе загаловачных адсутнічалі агульнанародныя словы, з пачатку складвання айчыннай лінгвістыкі былі пануючымі. У тураўскім словазборы адлюстроўваліся агульныя заканамернасці, якія характарызавалі тагачасную мясцовую гаворку, падаваліся абазначальныя сродкі, уласцівыя яе лексічнай сістэме. Па-другое, у ТС увасобіліся адметнасці тлумачальнага філалагічнага слоўніка і рысы энцыклапедычнага. Звесткі энцыклапедычнага характару датычацца пераважна інфармацыі пра традыцыйную духоўную культуру палешукоў. Уявіць дыялектную лексікаграфію без моўных сродкаў, якімі абазначаюцца пэўныя духоўныя паняцці, этнаграфічныя рэаліі, у прынцыпе нельга. У тураўскім лексіконе мясцовыя артэфакты, адметнасці духоўнага жыцця, традыцыйнай культуры  вяскоўцаў у межах слоўнікавага артыкула не проста атрымалі сваё вызначэнне, тут даецца іх падрабязнае апісанне. Вось, для прыкладу, узор аднаго з такіх артыкулаў:  

БАБУ'СЯ ж. Персанаж у карагодзе. Неку бабусю спевалі, як гулялі весной. Сямурадцы. ◊ Гуляць у бабусю. Вадзіць карагод. Хачэнь.

У цэнтры карагода стаялі тры дзяўчыны, а пасярод іх сядзела на кукішках бабуся (іх узросту) і трымала ў правай руцэ тычку з прадзівам на канцы. Карагоднікі, пабраўшыся за рукі, спявалі пра гарэлку, пра розныя стравы і ўсё палохалі групку ў сярэдзіне карагода, што забяруць сабе бабусю: А му гарелкі набером, собе бабусю забером! Тройка ў крузе адказвала: А му гарелку поп’емо, своей бабусі не дамо! Сямурадцы (ТС, т. 1, 33).

 

Слоўнікавых артыкулаў падобнага тыпу ў словазборы набярэцца не адзін дзясятак, а то і сотня. Дзякуючы прапанаванаму спосабу адлюстравання інфармацыі, ТС у адначассе стаў багатай крыніцай не толькі для вывучэння лексічных матэрыялаў даследчыкамі іншых галін мовазнаўства, ён з’яўляецца базай звестак па міфалогіі і этналінгвістыцы, культуралогіі і інш. дысцыплін.

Нарэшце, яшчэ адна адметнасць, якая адрознівае ТС ад аналагічных лексікаграфічных прац. Кожны том слоўніка завяршае блок тэкстаў рознай жанравай прыналежнасці. Гэта расшыфраваныя запісы вуснай мясцовай гаворкі. Такія запісы з улікам немагчымасці іх узнаўлення цяпер з’яўляюцца сапраўдным навуковым скарбам, яны служаць як крыніцай матэрыялаў для нацыянальнай тэкстаграфіі, так і базай па апісанні дынамікі развіцця ўсходнепалескай гаворкі.

“Тураўскі слоўнік” з самага пачатку задумваўся як комплексная навукова-даследчая праца. Яе важнай часткай і адначасова асобным самастойным выданнем павінен быў стаць лінгвістычны мікраатлас Тураўшчыны. Для яго стварэння быў распрацаваны адпаведны метадычны інструментарый, ажыццёўлена збіранне дыялектных матэрыялаў і праведзена іх навуковая апрацоўка. Выданне мікраатласа затрымалася на некалькі дзесяцігоддзяў, публікацыя ўбачыла свет толькі ў 2016 г., але ініцыятар і аўтар праекта “Лінгвістычны мікраатлас Тураўшчыны” быў надзвычай рады выхаду гэтага доўгачаканага і запатрабаванага ў славістыцы лінгвагеаграфічнага даследавання.

Адметную старонку ў распрацоўцы лексікаграфічных праблем Аляксандрам Антонавічам Крывіцкім займае задума стварыць ідэаграфічны слоўнік. Дзякуючы распрацаванай вучоным канцэпцыі былі апублікаваны чатыры тэматычныя слоўнікі — “Жывёльны свет” (1999), “Раслінны свет” (2001), “Чалавек” (2006), “Сельская гаспадарка” (2010). У стварэнні трох першых кніг як аўтар і навуковы рэдактар мовавед браў непасрэдны ўдзел. Гэтыя слоўнікі — сапраўды новая, адметная старонка ў нацыянальным лексікаграфічным фондзе. Іх выданне накіравана на далейшае паглыбленне і сістэматызацыю дыялектных матэрыялаў розных зыходных першакрыніц. Рэалізаваныя ў слоўніках прынцыпы пабудовы слоўнікавых артыкулаў дазволілі адлюстраваць багаты рэпертуар дыялектных назваў розных паняццяў з абраных намінатыўных сфер у адпаведнасці з іх геаграфіяй. Думаецца, што лексікаграфічная праца ў гэтым кірунку будзе працягнута ў наступным. Найперш патрэбна стварыць электронную версію апублікаваных слоўнікаў. Дарэчы, ідэаграфічны прынцып укладання слоўнікаў дазваляе, не мяняючы істотна структуру слоўнікавага артыкула, дапоўніць яго новай інфармацыяй. Гэта можа быць ілюстратыўная тэкставая частка, у якую будуць уключаны запісы аб выкарыстанні абазначальных сродкаў дыялектнымі моўцамі; прыклады з фальклорных тэкстаў, у якіх зафіксавана тое ці іншае слова, у тым ліку і ў складзе ўстойлівых выразаў і парэмій; этымалагічны каментарый; малюнкі, асабліва пры апісанні этнаграфічных рэалій, якія выйшлі з ужытку або знікаюць; геаграфічная карта, на якой бы адлюстроўвалася ўжыванне канкрэтнага абазначальнага сродку з шэрагу сінанімічных адзінак у складзе пэўнага паняцця. Да слова сказаць, якраз пра такі поўны, цікавы для ўсіх слоўнік марыў і сам Аляксандр Антонавіч. Здзейсніць задуму аўтара — перспектыўная задача беларускай дыялектнай лексікаграфіі.

 

Вялікую ролю ў вырашэнні пытанняў практычнай лексікаграфіі адыгралі дыялекталагічныя зборнікі “З народнага слоўнiка” (1975), “Народная лексiка” (1977), “Народная словатворчасць” (1979), “Гавораць чарнобыльцы” (1994) і інш. Іх з’яўленне ініцыяваў Аляксандр Антонавіч, ён быў пастаянным аўтарам зборнікаў, працаваў над складаннем і ўпарадкаваннем матэрыялаў для іх. Варта сказаць, што яго задума выдаваць падобныя зборнікі ў наступным была працягнута ў аддзеле дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі. Сёння дыялекталагічныя зборнікі публікуюцца пад назвай “Беларуская дыялекталогія”. Іх істотную частку заўсёды складаюць невялікія дыялектныя слоўнікі і слоўнічкі, лексічныя падборкі.

Надзвычай глыбокае веданне Аляксандрам Антонавічам гаворак беларускай мовы, тэарэтычнае асэнсаванне здабыткаў нацыянальнай дыялекталогіі, разуменне праблем і перспектыў развіцця дыялекталагічнай навукі, мовазнаўства наогул знайшлі сваё адлюстраванне ў вялікай колькасці кніжных выданняў, якія публікаваліся ў якасці вучэбных дапаможнікаў для студэнтаў. Сярод іх “Нарысы па беларускай дыялекталогіі” (1964), “Хрэстаматыя па беларускай дыялекталогіі” (1962), “Фанетыка беларускай мовы” (сумесна з А. І. Падлужным; 1984) і не менш сур’ёзны паводле зместу падручнік “Практыкум па фанетыцы беларускай мовы” (сумесна з А. І. Падлужным; 1989). Асобае месца сярод спецыяльных выданняў, адрасаваных студэнцкай аўдыторыі, займае напісаны аўтарам дапаможнік “Дыялекталогія беларускай мовы” (2003). Гэта адметная кніга пра беларускую дыялектную мову і навуку пра яе. Хоць праца з улікам мэт і задач, якія рэалізоўваюцца ў падобных выданнях, з боку сваёй структуры сапраўды адпавядае вучэбнаму дапаможніку, у той жа час гэта вельмі арыгінальная крыніца для засваення дысцыпліны “Дыялекталогія”. Кнігі, падобнай на гэту, у спісе ўсходнеславянскай вучэбнай літаратуры няма. “Дыялекталогія беларускай мовы” — гэта асабісты погляд Аляксандра Антонавіча Крывіцкага на тое, якім павінен быць дадзены прадмет у сістэме вышэйшай школы, каб падрыхтаваць сапраўднага спецыяліста-філолага з глыбокім досведам, ведамі і разуменнем каштоўнасці дыялекталагічнай інфармацыі для асэнсавання і тлумачэння шматлікіх моўных з’яў.  

Не менш важнымі для папулярызацыі ведаў пра беларускую нацыянальную мову з’яўляюцца і такія працы Аляксандра Антонавіча, як нарысы “Сучасная беларуская літаратурная мова і народныя гаворкі” (1961), “Наша родная мова” (1964, 1967, 1973), а таксама кнігі для тых, хто хоча гаварыць па-беларуску “Белорусский язык для небелорусов” (сумесна з А. Я. Міхневічам і А. І. Падлужным; 1973, 1978), “Белорусский язык для говорящих по-русски” (сумесна з А. Я. Міхневічам і А. І. Падлужным; 1990), “Учебник белорусского языка для самообразования” (сумесна з А. І. Падлужным; 1994). Спіс пералічаных выданняў, прысвечаных пашырэнню ведаў пра беларускую дыялектную мову, яе гісторыю, групоўку і дыферэнцыяцыю гаворак, адметныя моўныя з’явы і разнастайныя структурныя асаблівасці, дапаўняюць дзясяткі артыкулаў, змешчаных у розных энцыклапедычных і іншых выданнях.

Вось такі надзвычай багаты вынік нястомнай і настойлівай працы, актыўнай навуковай дзейнасці Аляксандра Антонавіча Крывіцкага.

Аляксандр Антонавіч Крывіцкі заклаў трывалы падмурак для шырокіх даследаванняў у розных напрамках дыялекталогіі, прапанаваў новыя падыходы і арыгінальныя канцэпцыі па вывучэнні дыялектнай мовы. Але ён славуты не толькі сваімі навуковымі даследаваннямі, таленавіты вучоны быў выдатным знаўцам прыроды, чалавекам энцыклапедычных ведаў пра навакольны свет. Паводзіны прадстаўнікоў жывёльнага свету ён па-майстэрску адлюстраваў у кнізе апавяданняў “Чароўныя ліхтарыкі”, спадзеючыся, што юным дапытлівым чытачам пра гэта будзе цікава даведацца. Сярод калег, сяброў, супрацоўнікаў мовавед славіўся як выдатны разьбяр па дрэве, які выразаў адмысловыя фігуркі, шкатулкі і іншыя побытавыя дробязі. Зробленыя з карэльскай бярозы, яны захаплялі дакладнасцю і вытанчанасцю формаў. Ён таксама маляваў акварэлямі і алоўкам, шчодра раздорваючы зробленае знаёмым і сваякам, аднак лічыў, што гэта яго асабістае дзівацтва, якога не варта вока спецыяліста. Яго творчыя вопыты, спробы самарэалізацыі сведчаць, што Аляксандр Антонавіч Крывіцкі быў не толькі адметнай асобай у беларускім мовазнаўстве, ён быў незвычайным, з прыроднымі здольнасцямі і вялікімі магчымасцямі чалавекам. Як асобу яго вылучалі душэўная шчырасць і дабрыня, дасціпнасць і сардэчнасць, уменне своечасова падтрымаць і дапамагчы, разам з тым ён вызначаўся прынцыповасцю, патрабавальнасцю, адказнасцю.

Радзіма высока адзначыла працоўныя і баявыя заслугі Аляксандра Антонавіча Крывіцкага. За ўдзел у Вялікай Айчыннай вайне ён быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені, медалём Жукава і шматлікімі юбілейнымі медалямі. Яго навуковыя дасягненні ў галіне лінгвагеаграфіі ў складзе аўтарскага калектыву адзначаны Дзяржаўнай прэміяй СССР (1971), за вялікія поспехі ў распрацоўцы тэарэтычных і практычных праблем нацыянальнай дыялекталогіі ён быў уганараваны медалём імя Францыска Скарыны і ўзнагароджаны Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР, за руплівую працу яму неаднойчы ўручалі медалі і граматы, сярод такіх узнагарод і медаль “Ветэран працы”.

Аляксандр Антонавіч Крывіцкі — вучоны, імя якога добра вядома ў славянскай і еўрапейскай лінгвагеаграфіі, бліскучы знаўца беларускай нацыянальнай мовы, выдатны лексікограф-наватар, прыроджаны інтэлігент, унікальны чалавек…

Гэта цяжкая страта, невымерная ні па навуковым, ні па чалавечым маштабе для ўсіх: для беларускай нацыянальнай навукі, культуры, людзей, хто ведаў яго, з кім ён працаваў, сябраваў.…

В. М. Курцова

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы