Адбылася Міжнародная навуковая канферэнцыя “ЭТНАЛІНГВІСТЫКА І ТРАДЫЦЫЙНАЯ КУЛЬТУРА: ДЫЯХРАНІЧНЫ І СІНХРАНІЧНЫ АСПЕКТЫ МІЖМОЎНАГА ЎЗАЕМАДЗЕЯННЯ”

2–3 лістапада 2022 г. у Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа праводзілася Міжнародная навуковая канферэнцыя “ЭТНАЛІНГВІСТЫКА І ТРАДЫЦЫЙНАЯ КУЛЬТУРА: ДЫЯХРАНІЧНЫ І СІНХРАНІЧНЫ АСПЕКТЫ МІЖМОЎНАГА ЎЗАЕМАДЗЕЯННЯ”, арганізаваная сектарам этналінгвістыкі і фальклору. Сектар этналінгвістыкі і фальклору з’яўляецца адзінай акадэмічнай структурай у Беларусі, на аснове якой адбылася інстытуцыяналізацыя этналінгвістыкі як самастойнай дысцыпліны мовазнаўчага цыклу.

Канферэнцыя праводзілася ў анлайн-фармаце на платформе Zoom і сабрала беларускіх вучоных з акадэмічных арганізацый і вышэйшых навучальных устаноў і замежных даследчыкаў з Эстоніі, Чэхіі, Расіі, Узбекістана, Азербайджана.

Шырокая тэматыка дакладаў абумоўлена міждысцыплінарнымі сувязямі этналінгвістыкі з этымалогіяй, дыялекталогіяй, фалькларыстыкай, міфалогіяй, лексікалогіяй, семасіялогіяй і анамасіялогіяй, анамастыкай, перакладазнаўствам, кітабістыкай, этнаграфіяй, рэлігіязнаўствам, гісторыяй – усімі тымі дысцыплінамі, якія так ці інакш даследуюць традыцыйную культуру. У дакладах былі ахоплены ўвагай розныя этнічныя групы і народы, аналізаваліся даныя беларускай і старабеларускай, у тым ліку беларуска-татарскай (мовы рукапісаў беларускіх татар XVIII-XIX стст.), рускай, украінскай, польскай, славацкай, чэшскай, дыялектаў македонскай і балгарскай, эстонскай, шатландскай, англійскай, удмурцкай, кітайскай, арабскай, цюркскіх моў і культур, а таксама мінарытарных (малых) моў (і этнічных груп), якія знаходзяцца на тэрыторыі Расіі.

На пленарным пасяджэнні выступілі наступныя даследчыкі: С.А. Мызнікаў (доктар філалагічных навук, член-карэспандэнт РАН, Інстытут славяназнаўства РАН, Масква, Расія), М.М. Валянцова (кандыдат філалагічных навук, Інстытут славяназнаўства РАН, Масква, Расія), А.М. Рудэнка (доктар філалагічных навук, прафесар, Універсітэт Марыі Кюры-Складоўскай, Люблін, Польшча), М. Кыйва (PhD, Эстонскі літаратурны музей, Тарту, Эстонія), М.П. Антропаў (кандыдат філалагічных навук), Т.В. Валодзіна (доктар філалагічных навук) і Н.В. Якавенка (доктар філалагічных навук) з Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі (Мінск, Беларусь).

Т.Р. Душанкова

 

Колькасць беларускіх даследчыкаў і геаграфія дакладаў (Мінск, Мазыр, Пінск, Брэст, Гродна, Віцебск, Магілёў) сведчаць аб пашырэнні этналінгвістыкі ў Беларусі за апошнія дзесяцігоддзі, калі мець на ўвазе, што цэнтрамі этналінгвістыкі першапачаткова былі Мінск і Гомель.

 

 

Тэматыка дакладаў канферэнцыі пацвердзіла высокі статус этналінгвістыкі як самастойнай дысцыпліны, акрэсліла асноўныя кірункі яе развіцця ў Беларусі. У выніку правядзення канферэнцыі было прапанавана арганізоўваць навуковыя сустрэчы этналінгвістычнага напрамку на пастаяннай аснове – раз на тры гады.

Выданне зборніка навуковых прац па выніках канферэнцыі запланавана на 2023 год.

 

 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы