“С.М. НЕКРАШЭВІЧ – ЗАСНАВАЛЬНІК НАЦЫЯНАЛЬНАЙ ЛЕКСІКАГРАФІІ: ДА 140-ГОДДЗЯ З ДНЯ НАРАДЖЭННЯ

Круглы стол «С.М. Некрашэвіч – заснавальнік нацыянальнай лексікаграфіі: да 140-годдзя з дня нараджэння», быў сумесна арганізаваны і праведзены аддзеламі дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі і лексікалогіі і лексікаграфіі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа. Ён адбыўся 12 мая.

Стол быў прымеркаваны да юбілею акадэміка С.М. Некрашэвіча. Яго вітальным словам пачаў І.К. Капылоў, дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа. У сваёй прамове І.Л. Капылоў раскрыў важнасць асобы С.М. Некрашэвіча для нацыянальнай беларускай навукі, нацыянальнага мовазнаўства.

Адметная падзея круглага стала – гэта выступленне Вячаслава Мартысюка, малодшага навуковага супрацоўніка сектара камп’ютарнай лінгвістыкі. Навуковец расказаў пра адну ўнікальную архіўную знаходку. Яна належыць да сапраўдных мовазнаўчых рарытэтаў. Гэта “Праект укладання слоўніка жывой беларускай мовы”. Праект быў надрукаваны ў 1929 г. Прайшло больш за 90 гадоў з моманту публікацыі… І вось у 2023 г. ён трапіў у Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа. Пераацаніць важнасць знаходкі для нацыянальнага мовазнаўства немагчыма.

Паведаміў прысутным Вячаслаў Мартысюкі яшчэ адну сенсацыю: экзэмпляр Праекта адшукаўся сёлета ў Беларусі! Ён быў у прыватным кніжным зборы І.У. Саламевіча, з якога патрапіў у “Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва”. Магчыма, якраз знаёмства з гэтым адбіткам падорыць даследчыкам новыя, нечаканыя звесткі пра лёс выдання “Праекта”.

На круглым стале выступіла загадчык аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі В.М. Курцова, якая расказала прысутным пра дзейнасць акадэміка С.М. Некрашэвіча як бліскучага арганізатара нацыянальнай навукі, вучонага-моваведа.

Сцяпан Міхайлавіч Некрашэвіч – адметная постаць у гісторыі беларускай нацыянальнай культуры. Будучы акадэмік нарадзіўся ў вёсцы (па іншых матэрыялах фальварку) Данілоўка. Сёння гэта населены пункт у Светлагорскім раёне Гомельскай вобласці. Ён скончыў Панявежскую настаўніцкую семінарыю (1908), затым Віленскі настаўніцкі інстытут (1913). У біяграфіі Сцяпана Некрашэвіча ёсць адзін надзвычай яркі жыццёвы момант: з пачатку 1925 г. да ліпеня 1926 г. будучы акадэмік займаўся беларускай мовай пад кіраўніцтвам акадэміка, заснавальніка беларускага мовазнаўства Я.Ф. Карскага, дзеля чаго наведваў Пецярбург. Аднак асноўныя лёсавызначальныя падзеі ў жыцці моваведа звязаны з Інстытутам беларускай культуры, з Акадэміяй. Так, на працягу 1926–1928 гг. Сцяпан Некрашэвіч быў адначасова старшынёй Аддзела гуманітарных навук і старшынёй Слоўнікавай камісіі Інбелкульта. Гэту арганізацыйна-даследчую працу ён спалучаў з працай выкладчыка. У 1923–1925 гг. мовазнавец чытаў курс беларусазнаўства на медыцынскім факультэце, а з 1927 г. працаваў на пасадзе дацэнта педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Сцяпан Некрашэвіч быў надзелены не толькі талентам даследчыка, але і бліскучага арганізатара нацыянальнай навукі. У канцы снежня 1928 г. ён быў абраны акадэмікам, правадзейным членам і віцэ-прэзідэнтам Беларускай Акадэміі навук (БАН). У наступным спіс яго пасад пашырыўся: З 1929 г. мовавед стаў дырэктарам Інстытута мовазнаўства Беларускай акадэміі навук. Гэту пасаду сумяшчаў з іншымі, з’яўляючыся адначасова і старшынёй Камісіі па ўкладанні слоўніка жывой беларускай мовы, і старшынёй правапіснай, а таксама аспіранцкай камісій. З пачатку студзеня 1928 г. С.М. Некрашэвіч становіцца старшынёй Галоўнавукі пры Народным камісарыяце асветы БССР. Акрамя таго, у 1927–1931 гг. ён быў абраны ў Цэнтральны выканаўчы камітэт БССР.

Навуковай дзейнасці С.М. Некрашэвіч прысвяціў толькі 10 гадоў свайго жыцця. Яна, як і ў большасці выбітных даследчыкаў часу Інбелкульта, была спынена прымусова: мовазнаўца стаў ахвярай сталінскіх рэпрэсій. Поўнасцю ён быў рэабілітаваны ў чэрвені 1988 г.

Для гісторыі нацыянальнай навукі на этапе яе станаўлення вельмі важнымі з’яўляюцца вынікі навукова-арганізацыйнай і даследчай працы С.М. Некрашэвіча.

Як вучоны, ён займаўся пытаннямі лексікаграфіі, праблемамі правапісу, дыялекталогіі, пытаннямі гісторыі беларускай мовы, стварэннем школьных падручнікаў і дапаможнікаў. У галіне лексікаграфіі С.М. Некрашэвіч вырашаў праблемы апрацоўкі беларускай навуковай тэрміналогіі па розных галінах ведаў, ён вядомы як аўтар-укладальнік перакладных слоўнікаў.

Самай галоўнай і актуальнай задачай на этапе станаўлення нацыянальнай мовазнаўчай навукі С.М.Некрашэвіч лічыў стварэнне слоўніка жывой беларускай мовы, заўважаючы, што “ў сучасны момант сярод усёй іншай навуковай працы на Беларусі мы не бачым другой такой важнай, патрэбнай і неадкладнай, як праца па ўкладанні слоўніка нашай мовы”. Яму належыць распрацоўка канцэпцыі ўкладання гэтага слоўніка. Асноўныя ідэі канцэпцыі адлюстраваны ў дакладзе “Да пытання аб укладанні слоўніка жывой беларускай мовы”, які потым быў надрукаваны ў часопісе “Полымя” (1925 г.).

Стварэнне слоўніка задумвалася як грандыёзнае дзяржаўнае мерапрыемства. Для яго ажыццяўлення ў пачатку 1925 г. была створана Слоўнікавая камісія, якую ўзначальваў С.М. Некрашэвіч.

На падрыхтоўчым этапе меркавалі скласці дыялектныя слоўнікі, выпісаць лексічны матэрыял з усіх крыніц. Адводзілі на гэту працу ўсяго тры гады (!), але спадзяваліся здзейсніць задуманае, бо Слоўнікавая камісія мела 2500 (!) добраахвотных памочнікаў: настаўнікаў, аграномаў, студэнтаў і інш. Невыпадкова С.М. Некрашэвіч гаварыў: “Нашу мову цяпер апрацоўваюць не толькі вучоныя, пісьменнікі, але і ўсё беларускае грамадства, усе тыя, хто гаворыць і піша па-беларуску”.

Вынікі працы Слоўнікавай камісіі без перабольшвання ўнушальныя: к канцу 1927 г. картатэка слоўніка складала звыш 400 000 тысяч картак-слоў. Пасля праверкі наяўных матэрыялаў членамі камісіі пад кіраўніцтвам Б.І. Эпімах-Шыпілы прыдатнымі для наступнай працы былі 382 047: з гаворак 148 490, з мастацкіх твораў, перыядычнага друку і фальклорных запісаў – 157 933, з папярэдніх лексікаграфічных прац – 75 622. З улікам зробленага 18 чэрвеня 1928 г. Камісія пастанавіла «на падставе сабранага … прыступіць з пачаткам новага акадэмічнага года да ўкладання слоўніка жывое беларускае мовы”.

Шырокамаштабная праца, распачатая над рэестрам слоўніка, спынілася і засталася незавершанай з-за рэпрэсій, учыненай над членамі Слоўнікавай камісіі і яе старшынёй. Думаецца, дзякуючы аб’ёму зробленага, таму, як яна была арганізавана намаганнямі С.М. Некрашэвіча, нацыянальная навука магла б дакладна мець нейкую частку акадэмічнага тлумачальнага слоўніка ўжо ў 30-я гады ХХ стагоддзя.

На пасяджэнні круглага стала была закранута таксама тэма “Адлюстраванне запазычанняў у дыялекталагічных выданнях: ад краёвых слоўнікаў да сучаснасці)”, але яе праблематыка вымагае спецыяльнага асвятлення.

В.М. Курцова

 

 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы