Зборная каманда Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў вярнулася з узнагародамі з Летняй спартакіяды-2017, якая прайшла 25-27 жніўня на базе дзіцячага летніка “Фатон” сярод калектываў арганізацый НАН Беларусі.
Па “бронзе” было здабыта ў творчым конкурсе “Візітная картка” і эстафеце са спартыўнымі снарадамі. Сімвалічна, што заваяваць сімпатыі журы і гледачоў на “візітоўцы” дапамог гумарыстычны нумар, дзе Францыск Скарына быў прадстаўлены як “спартсмен, гуманіст і проста прыгажун”.
Конкурс “Візітная картка” з’явіўся на спартакіядзе ў мінулым годзе, а ў гэтым быў уключаны ў выніковую табліцу спаборніцтваў. Ідэя для выступлення, якое павінна было адпавядаць тэматыцы Года Навукі, прыйшла да аўтара сцэнарыя, Кацярыны Ганчарэнкі, лёгка. У гэтым годзе адзначаецца 500-годдзе першай друкаванай кнігі Францыска Скарыны, а, значыць, нумар трэба прысвяціць яму. Тым больш, што ў камандзе ёсць філолаг (Кацярына Ганчарэнка, Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа), “гуманісты” (Алена Трубчык, Аляксандр Бажко і Кірыл Ганчарэнка, Інстытут гісторыі, Ігар Харытонаў, Інсытут сацыялогіі) і “купцы” (Ала Канавалава, Аляксандр Цэдрык, Інстытут эканомікі). Але пры чым тут спорт? Паразважайце: Скарына – актыўны турыст, кожны дзень цісне шматкілаграмовыя кнігі (качок!), як доктар займаецца здароўем, у кнігах піша не толькі пра арыфметыку і логіку, але і пра “справы багатырскія”. І ўвогуле Скарына першы. Нават у тым, што зрабіў першае ў свеце сэлфі. Фотаздымак, дастаны “лёгкім рухам рукі” выканаўцам галоўнай ролі Аляксандрам Бажко і яго прывітальнае слова на “старажытнай” мове з пажаданем “здорового духа” канчаткова пакарылі аўдыторыю. І вось – 3-е месца і дадатковая намінацыя “За лепшую прафсаюзную матывацыю”.
У наступны дзень спартакіяды праводзіліся спаборніцтвы па групавых скачках праз скакалку, скачках у даўжыню, эстафеце са спартыўнымі снарадамі, т.зв. “летніх лыжах” і баях на надзіманым батуце (для мужчын і жанчын), дзе ўдача была на баку “дужых, але лёгкіх”. Каманда гуманітарыяў па гэтых этапах рухалася з пераменным поспехам, але зладжанасць і акуратнасць дапамаглі трапіць у тройку прызёраў на эстафеце.
Вынік – два дыпломы за 3-е месца, дыплом з намінацыяй і агульны 15-радок сярод 28 каманд па суме балаў за ўсе віды спаборніцтваў.
Зазначым, што спартакіяда з’яўляецца рэгулярным мерапрыемствам Аб’яднанай галіновай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў НАН Беларусі і праводзіцца двойчы на год: летам і зімой. Так што наперадзе зімовая спартакіяда!
Кацярына Ганчарэнка