100-ГАДОВЫ ЮБІЛЕЙ ЯЎГЕНІІ МІХАЙЛАЎНЫ РАМАНОВІЧ (6 ліпеня 1922 – 22 снежня 2012)

6 ліпеня споўнілася 100 гадоў з Дня нараджэння Яўгеніі Міхайлаўны Рамановіч. Яўгенія Міхайлаўна мае дзве дзяржаўныя ўзнагароды. Яна лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1973) і лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь (2000) у галіне мовазнаўства. Каб годна ўшанаваць памяць юбіляра, супрацоўнікі аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа правялі ўрачыстае выязное мерапрыемства, прымеркаванае да Года гістарычнай памяці. У ім бралі ўдзел загадчык аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі Вераніка Мікалаеўна Курцова, старшы навуковы супрацоўнік гэтага аддзела Юрый Вячаслававіч Маліцкі і малодшы навуковы супрацоўнік Ірына Васільеўна Галавіна. Урачыстасць адбылася ў аграгарадку Дараганава, які знаходзіцца ў Асіповіцкім раёне Магілёўскай вобласці. Імпрэза стала магчымай дзякуючы вялікай зацікаўленасці ў яе правядзенні старшыні Дараганаўскага сельскага савета Тамары Юльеўны Валадзько, дырэктара школьнага комплекснага краязнаўчага музея Валянціны Ігнатаўны Аўдзейчык, бібліятэкара Дараганаўскай сельскай бібліятэкі Вікторыі Мікалаеўны Паўлавай і многіх іншых мясцовых жыхароў, неабыякавых да лёсу сваіх выбітных землякоў. 

У Дараганаўскай бібліятэцы. Выступае з вітальным словам старшыня Дараганаўскага сельскага савета Т. Ю. Валадзько
 
Дараганава – вёска, дзе 6 ліпеня 1922 г. нарадзілася Яўгенія Міхайлаўна Рамановіч. Жыццёвыя абставіны склаліся так, што пражылі тут бацькі будучага мовазнаўцы толькі два гады, а потым былі іншыя вёскі і гарады Беларусі, дзе жыла іх сям’я, аднак пачатак, выток жыццёвай сцяжыны дзяўчынкі Жэні тут, у Дараганаве. Таму менавіта гэта месца было выбрана для правядзення ўрачыстай сустрэчы, каб распавесці сённяшнім жыхарам аграгарадка пра іх славутую зямлячку. І не толькі нагадаць пра яе шлях даследчыка, але і зрабіць адпаведныя захады, каб імя Яўгеніі Міхайлаўны засталося ў гісторыі мясцовага краю, каб пра яе расказвалі наведвальнікам школьнага краязнаўчага музея і каб пра яе сведчылі іншыя памятныя знакі – мемарыяльная дошка або назва адной з мясцовых вуліц. У Год гістарычнай памяці гэта цалкам здзяйсняльная задача.
 
Імпрэза прайшла ў надзвычай цёплай, утульнай атмасферы ў мясцовай бібліятэцы. На яе прыйшло нямала зацікаўленых сяльчан. Гасцей з Інстытута мовазнаўства віталі звонкімі песнямі-прысвячэннямі роднаму краю ўдзельнікі ансамбля “Весялуха” Радудзіцкага сельскага клуба. 
 
Пра жыццёвы і навуковы шлях Я. М. Рамановіч расказала прысутным В. М. Курцова, загадчык аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі, у якім значную частку свайго навуковага жыцця працавала даследчыца. У 1948 г. Яўгенія Міхайлаўна закончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт і паступіла ў аспірантуру Інстытута мовазнаўства Акадэміі навук БССР. Пад кіраўніцтвам прафесара Паўла Андрэевіча Растаргуева яна абараніла кандыдацкую дысертацыю «Гаворкі Уздзенскага раёна Мінскай вобласці» і стала кандыдатам філалагічных навук (1954). З 1952 г. па 1991 г. Я. М. Рамановіч працавала ў Інстытуце мовазнаўства, спачатку ў сектары гісторыі беларускай мовы, а затым у сектары дыялекталогіі (з 1986 г. гэта аддзел дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі).
 
Час, калі Яўгенія Міхайлаўна пачала сваю працу ў галіне беларускага нацыянальнага мовазнаўства, у гісторыі айчыннай навукі, вядомы як перыяд інтэнсіўнага вывучэння беларускіх народных гаворак з выкарыстаннем лінгвагеаграфічнай метадалогіі. Амаль усе супрацоўнікі тагачаснага Інстытута мовазнаўства былі задзейснены ў збіранні дыялектных матэрыялаў для будучага дыялекталагічнага атласа беларускіх народных гаворак. У дыялекталагічных экспедыцыях і адначасова ў назапашванні матэрыялаў для дысертацыйнага даследавання актыўны ўдзел брала малады навуковец. Але гэта быў толькі пачатак лінгвагеаграфічнага вывучэння прасторы пашырэння беларускай дыялектнай мовы. Яўгенія Міхайлаўна таксама займалася стварэннем розных фундаментальных работ, якія праводзіліся ў галіне дыялекталогіі пад кіраўніцтвам загадчыка сектара Ю. Ф. Мацкевіч. Гэта «Дыялекталагічны атлас беларускай мовы» (1963, альбом спецыяльных лінгвістычных карт і яго інфармацыйная частка «Уступныя артыкулы, даведачныя матэрыялы і каментарыі да карт»), выданне «Нарысы па беларускай дыялекталогіі» (1964), «Хрэстаматыя па беларускай дыялекталогіі» (1962), навуковая манаграфія «Лінгвістычная геаграфія і групоўка беларускіх гаворак», а таксама альбом рэкартаграфічных матэрыялаў, у якім паказана, як суадносяцца паміж сабой па пашырэнні розныя моўныя асаблівасці, характэрныя беларускім народным гаворкам, якія пучкі ізаглос яны ўтвараюць (1968–1969). Менавіта за ўдзел у стварэнні пералічаных, знакавых для нацыянальнай лінгвівістыкі, культуры прац Я. М. Рамановіч разам з іншымі найбольш актыўнымі даследчыкамі была адзначана Дзяржаўнай прэміяй СССР. Пра вартасць і значнасць названага комплекса даследаванняў для тагачаснай савецкай навукі сведчыць такі адметны факт: узнагарода, якую атрымалі беларускія вучоныя, была першай у гісторыі савецкай навукі ў галіне мовазнаўства. Акрамя працы над комплексам даследаванняў, звязаных са стварэннем дыялекталагічнага атласа, Яўгенія Міхайлаўна была ўдзельнікам фундаментальнага даследавання «Лексічны атлас беларускіх народных гаворак : у 5 тамах» (1993–1998). Яе праца ў гэтым акадэмічным праекце была адзначана прысваеннем звання лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь (2000). Вось толькі адзін факт, каб паказаць, колькі высілкаў было аддадзена рэалізацыі даследавання. Для пяці тамоў атласа мовавед распрацавала 222 лінгвагеаграфічныя карты (!; з іх толькі 2 у суаўтарстве). Акрамя таго, у якасці навуковага рэдактара Я. М. Рамановіч займалася рэдагаваннем матэрыялаў першага тома выдання.
Знаёмства з матэрыяламі «Лексічнага атласа беларускіх народных гаворак». Расказвае Ю. В. Маліцкі
 
Хвалюючым момантам у час прэзентацыі матэрыялаў стала і тое, што ўдзельнікі сустрэчы ўручылі гасцінным гаспадарам у якасці памятнага падарунка само выданне.
Уручэнне «Лексічнага атласа» біблітэкару Даўганаўскай сельскай бібліятэкі В. М. Паўлавай 
 
У навуковай бібліяграфіі Я. М. Рамановіч асаблівае месца займаюць публікацыі ў галіне нацыянальнай лексікаграфіі. Яна адзін з удзельнікаў міжнароднага праекта «Слоўнік беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча» (1979–1986), у рэалізацыі якога пад кіраўніцтвам Ю. Ф. Мацкевіч разам з беларускімі бралі ўдзел літоўскія, латышскія і польскія даследчыкі. Падрыхтаваны на аснове выязных экспедыцый пяцітомны словазбор уключае звыш 38 тысяч слоў. У ім прадстаўлены розныя тэматычныя групы слоў: назвы з’яў жывой і нежывой прыроды, з сельскагаспадарчай сферы, лексіка, у якой рэпрэзентуецца жывёлагадоўчая галіна, паляванне, рыбалоўства, пчалярства, абазначальныя сродкі са сферы побыту і інш. Выбраная для складання слоўніка тэрыторыя – гэта зона актыўных балта-славянскіх кантактаў, таму выданне суправаджаецца даведачнымі лінгвістычнымі звесткамі: у ім указваюцца крыніцы запазычвання абазначальных сродкаў, ужывальных у моўных зносінах мясцовага насельніцтва, – лексемы з літоўскай, польскай, нямецкай, рускай і іншых моў. Яўгенія Міхайлаўна была не толькі ўкладальнікам усіх пяці тамоў выдання, але і ўваходзіла ў склад рэдакцыйнай калегіі, займалася непасрэднай падрыхтоўкай слоўніка да публікацыі. На аснове матэрыялаў слоўніка ў наступным лінгвіст падрыхтавала да друку шэраг артыкулаў: «Некаторыя акцэнталагічныя адрозненні ў сучасных беларускіх гаворках» (1966, у суаўтарстве), «Да лексіка-семантычнай дыферэнцыяцыі ў беларускіх народных гаворках» (1971, у суаўтарстве) і інш.
 
У ліку лексікаграфічных прац, над якімі працавала дыялектолаг, адметнае месца займае «Слоўнік народных гаворак Браншчыны» П. А. Растаргуева (1973), які быў адрэдагаваны і падрыхтаваны да друку Я. М. Рамановіч. Для выдання яна разам з Н. Д. Растаргуевай таксама напісала вялікі ўступны артыкул пра навуковы лёс яго складальніка, свайго настаўніка па дысертацыйны даследаванні П. А. Растаргуева. 
 
 
Вядома Яўгенія Міхайлаўна і тым, што ўдзельнічала ў падрыхтоўцы падручнікаў для вышэйшай школы. Сярод іх «Параўнальная граматыка ўсходнеславянскіх моў» і «Курс сучаснай беларускай літаратурнай мовы. Марфалогія» (1957, у суаўтарстве). У коле навуковых інтарэсаў лінгвіста была таксама і анамастыка. Дыялектолаг з’яўляецца суаўтарам навуковага выдання «Мікратапанімія Беларусі» (1974). Яна займалася складаннем бібліяграфічных паказальнікаў па беларускім мовазнаўстве, якія ўбачылі свет у розныя гады ХХ ст. (1967, 1980, 1993). Ёй таксама належыць артыкул «Аб здабытках дыялектнай лексікаграфіі за апошнія 25 гадоў». Разам з А. К. Юрэвіч Яўгенія Міхайлаўна з’яўляецца аўтарам манаграфіі «П. А. Бузук», прысвечанай навуковай дзейнасці выдатнага беларускага лінгвіста, славіста П. А. Бузука.
 
Яўгенія Міхайлаўна Рамановіч – аўтар больш за 80 навуковых прац па розных праблемах беларускага мовазнаўства. Яна зрабіла вялікі ўклад у нацыянальную дыялекталагічную навуку, і тым самым пакінула свой след на зямлі. Яе асабістае стаўленне да жыцця адлюстравана ў адносінах да працы. Працалюбства – адметная рыса характару навукоўца. Прага да жыцця, пошукі новага і незвычайнага заўсёды вызначалі яе паводзіны. Я. М. Рамановіч любіла людзей, побач з якімі працавала. Працы, у якіх яна брала ўдзел, – гэта помнікі, у якіх увасоблена развіццё беларускай нацыянальнай мовы і яе стваральнікаў – беларускага народа. Яны назаўжды застануцца ў гісторыі нацыянальнай культуры. Спадзяёмся, як сказала В. М. Курцова, што назаўжды застанецца ў памяці ўдзячных нашчадкаў таксама імя Яўгеніі Міхайлаўны Рамановіч – двойчы лаўрэата Дзяржаўных прэмій. 
 
Сёлетні год – гэта Год гістарычнай памяці. Яўгенія Міхайлаўна Рамановіч усё сваё жыццё працавала ў Інстытуце мовазнаўства, займалася галоўным чынам вывучэннем асаблівасцей беларускіх народных гаворак. В. М. Курцова заўважыла, што кіраўніцтва інстытута, супрацоўнікі аддзела дыялекталогіі вельмі зацікаўлены, каб імя даследчыка было годна ўшанавана на яе Радзіме, у Дараганаве. 
Усе прысутныя на мерапрыемстве шчыра падтрымалі ініцыятыву Інстытута мовазнаўства. Пра гэта гаварылі старшыня Дараганаўскага сельскага савета Т. Ю. Валадзько, дырэктар школьнага музея В. І. Аўдзейчык, іншыя ўдзельнікі імпрэзы.
 
Наогул на сустрэчы панавала цёплая, шчырая атмасфера. Удзячныя гаспадары былі вельмі зацікаўлены, каб такія сустрэчы навукоўцаў з сельскімі жыхарамі адбыліся яшчэ не адзін раз. Вераць яны, што сумеснымі намаганнямі будзе належным чынам ушанавана таксама імя іх зямлячкі Яўгеніі Міхайлаўны Рамановіч, а самі яны з радасцю падзяліся тым, як зберагаецца памяць пра славутых землякоў у іх краязнаўчым музеі. 
Расказвае дырэктар музея В. І. Аўдзейчык
 
В. М. Курцова

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы