17 траўня, на Ушэсце, супрацоўніца аддзела фалькларыстыкі і культуры славянскіх народаў Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Алена Ляшкевіч прачытае лекцыю “Позневясновыя святы: ад Юр’я да Купалля”. Лекцыя адбываецца ў межах цыклу, ініцыяванага Інстытутам мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі і Домам-музеем І з’езду РСДРП.
Усім зацікаўленым даследчыца прапануе паразважаць над наступнымі пытаннямі:
- Якія дахрысціянскія боствы стаяць за вобразамі святых Юр’я і Міколы? Чаму ў песнях і былінах яны часта выступаюць у якасці парных персанажаў? Ці застаюцца актуальнымі святкаванні ў іх гонар?
- Што такое Страла і Куст і навошта іх водзяць, а Стралу яшчэ і хаваюць?
- Купалле – вясновае ці летняе свята? Ці можна назваць яго самым “эратычным” ва ўсім беларускім календары?
Падчас лекцыі Вы ўбачыце шмат відэазапісаў з этнаграфічных экспедыцый і пачуеце жывыя традыцыйныя спевы ад гурта “NIAMORA” / “НЯМОРА”.
Чакаем Вас 17 траўня, як звычайна, а 18.30 па адрасе: пр-т Незалежнасці, 31 А. Уваходны квіток – 2 рублі. Сядзячых месцаў усяго 15, таму варта запісацца загадзя па тэлефоне +375 17 290-68-47 (Андрэй) альбо даслаць заяўку на адрас электроннай пошты: domusmuseum@gmail.com.
Пасля лекцыі (з 20.00 і пакуль хопіць сіл) прадугледжаны карагоды і танцы пад дуду ў музейным дворыку. Уваход вольны!
Граць будуць Антон Бельскі і Мікалай Столяр. Запрашаем іншых музыкаў далучацца!