У Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь пад старшынствам Намесніка Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь І.В. Петрышэнкі 14-га сакавіка прайшло пасяджэнне Нацыянальнага арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенні Дня беларускага пісьменства ў г. Слоніме Гродзенскай вобласці 1 верасня 2019 года. У пасяджэнні прыняў удзел член Нацыянальнага арганізацыйнага камітэта дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа І.Л. Капылоў. Падчас пасяджэння была заслухана інфармацыя Міністра інфармацыі Карлюкевіча А.М., намесніка старшыні Гродзенскага аблвыканкама Лісковіча В.А., старшыні Слонімскага райвыканкама Хоміча Г.Б. аб ходзе падрыхтоўкі да правядзення Дня беларускага пісьменства, абмеркаваны пытанні арганізацыі свята. Было даручана НАН Беларусі сумесна з Гродзенскім аблвыканкамам да 10 ліпеня 2019 года распрацаваць і прадставіць у Мінінфарм праграму правядзення Рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі “Слонімскія чытанні – 2019” (старшыня аргкамітэта па правядзенні канферэнцыі – І.Л. Капылоў).